Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сацыяльных сетках абмяркоўваюць інфаграфіку пра пэнсійны ўзрост, пададзеную беларускім тэлеканалам АНТ. Карыстальнікі знаходзяць шэраг несупадзеньняў.

Інтэрнэт-карыстальнікі дзеляцца скрыншотамі зь Youtube-запісаў тэленавінаў на канале АНТ — некалькі разоў у розных выпусках тэлеканал паказаў інфаграфіку пра пэнсійны ўзрост, але з заўважнымі няўзброеным вокам памылкамі.

«Зь лічбамі ў АНТ нешта зусім ня вельмі», — піша Facebook-суполка «Чай з малінавым варэньнем».

Так, на адной з выяваў пэнсійны ўзрост у 60 гадоў у Беларусі абазначаны значна карацейшай рысай, чым тыя ж 60 гадоў ва Ўкраіне і ў Польшчы.

Зь іншай выявы вынікае, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў Беларусі «зьменшылася» з 68,6 да 68,8 года.

На яшчэ адной выяве пэнсійны ўзрост у некалькіх краінах заўважна завысілі.

Пэнсійны ўзрост у Беларусі, Расеі і Казахстане пазначаны на выявах АНТ правільна. Але ва Ўкраіне жанчыны яшчэ не выходзяць на пэнсію ў 60 гадоў — да такой лічбы пэнсійны ўзрост будзе паэтапна падвышацца да другой паловы 2021 году.

У Польшчы пэнсійны ўзрост ужо вышэйшы за 65 і 60 гадоў для мужчын і жанчын адпаведна — на момант публікацыі гэта 65 гадоў і 9 месяцаў для мужчын, 61 год і 8 месяцаў для жанчын, пэнсійны ўзрост будзе падвышацца да 67 гадоў да 2020 году для мужчын і да 2040 году для жанчын.

У Нямеччыне пэнсійны ўзрост дасягне 67 гадоў толькі ў 2029 годзе, пакуль жа — 65 гадоў і 4 месяцы. У Японіі пэнсійны ўзрост не 70 гадоў, а 61, і будзе паэтапна падвышацца да 65 гадоў да 2025 году.

Глядзіце, калі ў розных краінах выходзяць на пэнсію, у інфаграфіцы Свабоды.

XS
SM
MD
LG