Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я разумею, што з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту ўлада падстаўляецца і грэх яе лішні раз не ўбрыкнуць. Зь іншага боку, я на самой справе вельмі рады, што гэты непапулярны, але неабходны крок вымушаны рабіць Лукашэнка, а не наступныя, дэмакратычныя — як я спадзяюся — улады.

Аднак лямант на тэму «беларусы не дажываюць», які ахапіў незалежную прэсу і сацыяльныя сеткі, — мяне троху ўжо раздражняе. Давайце ў сваіх аргумэнтах абапірацца на факты. Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Беларусі 72 гады, у мужчын — 67, а ў жанчын — 78. Беларуска ідзе на пэнсію ў 55 гадоў і ў сярэднім жыве пасьля пэнсіі яшчэ 23 гады. Гэта эўрапейскі рэкорд!

У Эўропе сярэдні ўзрост выхаду на пэнсію 63–65 гадоў. Возьмем для прыкладу Нарвэгію. Адна з самых заможных краінаў сьвету, мае велізарныя запасы прыродных выкапняў, можа забясьпечыць сваім грамадзянам усё што заўгодна. Але пэнсійны ўзрост у іх — 67 гадоў, аднолькавы для жанчын і мужчын. Працягласьць жыцьця ў жанчын у іх — 82 гады. Іншымі словамі, нарвэжка пасьля пэнсіі жыве ў сярэднім 15 гадоў. А беларуска — 23 гады!

Выхад на пэнсію ў 67 гадоў! І нешта я ня чуў, каб нарвэжкі нылі ці пратэставалі з гэтай нагоды!

Вядома, беларускую статыстыку псуюць мужчыны, якія нярэдка сапраўды «не дажываюць». Але чаму? Яны масава працуюць на ўранавых рудніках, на шахтах па 16 гадзін на дзень? Ды не. У нас ёсьць вайна, рабства, адсутнасьць мэдычнай дапамогі? Ды не.

Нашы мужчыны статыстычна «не дажываюць» пераважна ад таго, што п’юць, а таксама псуюць сваё жыцьцё ўсялякімі іншымі спосабамі. І антынародны рэжым тут асабліва ні пры чым, бо ў чалавека заўсёды ёсьць выбар, які лад жыцьця яму весьці. Які б ні быў танны і даступны алькаголь — яго пакуль нікога не прымушаюць купляць. Беларускія мужыкі, бярыце адказнасьць за сваё жыцьцё ў свае рукі — хаця б так, як гэта робяць беларускія жанчыны!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG