Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТ. Як я запісвала інтэрвію з першым кіраўніком Літвы Вітаўтасам Ландсбергісам


Расея і я. Сайт праекту

Напачатку чэрвеня я накіроўваюся ў офіс легендарнага лідэра «Саюдзіса» Вітаўтаса Ландсбергіса ў Жверынас, старажытны раён Вільні. Ён мае кватэру ў невысокім доме, у гэтым жа будынку на першым паверсе месьціцца офіс першага кіраўніка Літвы.

Адразу зьвяртаю ўвагу на карыкатуры на сьценах, якія ўжо сталі своеасаблівай легендай. Усе яны зьвязаныя з выхадам Літвы з Савецкага Саюзу. Хаця сам Ландсбергіс заўсёды ўдакладняе, што гэта Савецкі Саюз павінен быў выйсьці зь Літвы. На адной карыкатуры намаляваны Міхаіл Гарбачоў, які залазіць у вулей пад назвай «Літва», у выніку яму вельмі балюча ад укусаў пчол. На другой — Крэмль расхістваюць каменем з надпісам Літва. Яшчэ адна карыкатура — допыт самога Ландсбергіса ў сутарэньнях КДБ, і ягоныя каты маюць характэрную для прэзыдэнта СССР пляму на ілбе.

У кабінэце Вітаўтаса Ландсбэргіса на сьценах фотаздымкі з сусьветнымі лідэрамі — прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-старэйшым, з канцлерам Нямеччыны Гельмутам Колем, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Мітэранам, Папам Рымскім Янам Паўлам Другім, і ніводнага фотаздымку з расейскімі лідэрамі.

Але завітала я разам з кіраўніком здымачнай групы Лютаўрасам Стрыймацісам у офіс першага кіраўніка Літвы на кароткі час, толькі каб зьняць карыкатуры для афармленьня інтэрвію. Адтуль мы накіроўваемся да Сэйму Літвы, а дакладней у невялікі музэй ля літоўскага парлямэнту, дзе вырашылі запісваць інтэрвію. Гэта мэмарыяльны музэй памяці падзеяў 13 студзеня 1991 году, калі ў Вільню ўвайшлі савецкія танкі. Тут знаходзяцца ня толькі рэшты барыкадаў, архіўныя фотаздымкі і гістарычныя дакумэнты, але і сучасныя экспанаты. Гэта — малюнкі літоўскіх дзяцей пра падзеі 13 студзеня, а таксама каскі і сьцягі з кіеўскага Майдану 2014 году, на які неаднаразова прыяжджаў Вітаўтас Ландсбергіс, каб падтрымаць імкненьне ўкраінцаў да свабоды і дэмакратыі. Сымбалічна, што побач з фотаздымкамі літоўцаў, якія загінулі за незалежнасьць Літвы ў 1991 годзе, знаходзіцца здымкі герояў Нябеснай сотні.

Як толькі мы ўсё падрыхтавалі для здымак, у музэй заходзіць першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс. Ён верны свайму стылю — замест гальштуку павязвае нацыянальную стужку.
83-гадовы Вітаўтас Ландсбергіс гаворыць з прыгожым літоўскім акцэнтам, робіць сэнсоўныя паўзы, ягоная расейкая мова — бездакорная, кожная думка завершаная, усе акцэнты расстаўленыя. Ландсбергіс можа быць адначасова рэзкім і саркастычным, філязоўскім і вельмі дакладным.

З 12 былых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаваў ён найбольш рэзка і бязьлітасна выказваецца пра беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку. Для яго няма сумневаў, што Расея і Беларусь — «адзіная мілітарысцкая дзяржава, паколькі мяжу Беларусі абслугоўваюць расейцы, расейскія войскі... Яны распараджаюцца беларускімі ваеннымі сіламі, і могуць штурхнуць на каго-небудзь з суседзяў толькі беларускія злучэньні, каб разыграць нейкіх там зялёных чалавечкаў». І працягвае: «Вядома, спадар Лукашэнка, як быццам, адмяжоўваецца ад вайны ва Ўкраіне, і, можа быць, яму і не загадаюць ўдзельнічаць. А калі загадаюць? Ці адважыцца ён не паслухацца і на наступны дзень зьнікнуць зь дзённага парадку? Яго таксама могуць пачаставаць гарбатай...».



Мастацтвазнаўца, які стаў палітыкам і нацыянальным лідэрам. Адзін з кіраўнікоў літоўскага руху за незалежнасьць ад Савецкага Саюза, які лічыць, што Літва ў сілу гістарычных урокаў лепей чым многія эўрапейскія краіны разумее, што цяпер адбываецца на Ўсходзе Ўкраіны. Кіраўнік Вярхоўнага Савету Літоўскай ССР, які ў сакавіку 1990 году першым з парлямэнтаў саюзных рэспублік абвясьціў незалежнасьць. Дэпутат Эўрапарлямэнту, які лічыць, што Расея абыгрывае толькі тых, хто згодны быць абыграным. Былы кіраўнік Літвы, да парадаў якога прыслухоўваецца цяперашняя прэзыдэнта Даля Грыбаўскайце. Палітык, які ўсьведамляе, што ў Расеі цяпер «Сталін выйшаў з труны».

Такім я пабачыла першага кіраўніка постсавецкай Літвы Вітаўтаса Ландсбергіса. А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Радыё Свабода «Расея і я» прапаную ацаніць самім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG