Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычынай сьмерці былога паплечніка Пуціна Лесіна сталі траўмы галавы — амэрыканскія судмедэкспэрты


Міхаіл Лесін. Фота 2013 году.

Міхаіл Лесін. Фота 2013 году.

Прычынай сьмерці экс-міністра друку Расеі Міхаіла Лесіна восеньню мінулага года ў ЗША сталі тупыя траўмы галавы, паведаміла ў чацьвер кіраўніцтва галоўнага судмедэкспэрта Вашынгтону.

Як вынікае з заявы ведамства, іншымі фактарамі, якія спрыялі сьмерці Лесіна, сталі траўмы шыі, тулава, верхніх і ніжніх канечнасьцяў. Камэнтароў у тэксьце не даецца. Гаворыцца толькі, што расьсьледаваньне абставін здарэньня працягваецца.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзначае, што Масква чакае ад Вашынгтона тлумачэньняў і «афіцыйных зьвестак аб ходзе расьсьледаваньня».

Цела Міхаіла Лесіна знайшлі 5 лістапада летась у нумары вашынгтонскага гатэля Dupont. Тады паведамлялася, што, па папярэдніх дадзеных, прыкметаў гвалтоўнай сьмерці адзначана не было.

У расейскім пасольстве дадавалі, што нумар у гасьцініцы быў зьняты на імя Лесіна, аднак ніякіх дакумэнтаў там не знайшлося, піша РБК.

Сьмерць расейскага чыноўніка, даўняга блізкага паплечніка прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, выклікала здагадкі, што Лесін быў забіты пасьля таго, як прапанаваў сваю дапамогу ФБР.

Пасаду міністра па справах друку Міхаіл Лесін займаў у 1999-2004 гадах. У 2004-2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Расеі, курыраваў пытаньні разьвіцьця СМІ і інфармацыйных тэхналёгій. З 1 кастрычніка 2013 года па 12 студзеня 2015 года ўзначальваў «Газпром-мэдыя холдынг».

XS
SM
MD
LG