Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля галадоўкі Саўчанка ў крытычным стане


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Яна адмаўляецца ад паслугаў расейскіх дактароў, а ўкраінскіх да яе не пускаюць.

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую Расея абвінавачвае ў датычнасьці да забойства расейскіх журналістаў у Данбасе і якой пагражае 23 гады расейскай калёніі, прыняла рашэньне адмовіцца ад сухой галадоўкі 10 сакавіка. Тым ня меней цяпер яна ў вельмі цяжкім стане.

«Надзея спыніла сухую галадоўку, але выхад зь яе адбываецца зь цяжкімі ўскладненьнямі, — піша на Facebook адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў. — Учора яна яшчэ ванітавала вадой, якую спрабавала піць. Акрамя гэтага, стан яе і без таго выматанага здароўя становіцца ўсё горшы. Адбіваецца старая праблема з камянямі ў нырках, абвостраная стрэсам для арганізму ў выглядзе галадоўкі, асабліва сухой. Высокая тэмпэратура, якая не спадае ўжо некалькі дзён, сьведчыць прынамсі пра сур’ёзнае запаленьне ўнутраных органаў».

Паводле ягоных слоў, Надзеі патрэбны тэрміновы мэдагляд, які б вызначыў патэнцыйныя рызыкі і мэтады правільнага выхаду з галадоўкі. Але яна не падпускае да сябе расейскіх мэдыкаў. Украінскія мэдыкі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Растове-на-Доне, так і не атрымалі ад расейскіх уладаў дазвол на сустрэчу з Саўчанкай.

«Усе дзьверы ў Расеі для Надзеі зачыненыя, а Ўкраіна цяпер аб’ектыўна нічым ня можа апэратыўна дапамагчы закладніцы. Адвакаты — ня лекары і ня могуць аб’ектыўна меркаваць пра стан яе здароўя. На мой суб’ектыўны погляд, сытуацыя крытычная, — кажа адвакат. — Здароўе і жыцьцё Надзеі зьнікае на вачах. Час мінае. І мы ўсе ніколі сабе не даруем, калі...»

Тым часам пранкер, вядомы як Ваван, які адаслаў Саўчанцы ліст ад імя Парашэнкі, распавёў, што зрабіў гэта з добрымі намерамі:

«У першую чаргу мы перасьледавалі гуманныя мэты, мы ж чулі, колькі часу яна галадае, і асабіста я лічу, што гэта проста неабгрунтаваная сытуацыя. Гэта было неабходна, каб зрабіць уражаньне на сусьветную супольнасьць, але я думаю, што і сапраўдны Пятро Парашэнка сказаў ёй, што ў найбліжэйшай будучыні яе абмяняюць, і так яно і будзе. А галадоўкай яна толькі робіць шкоду сабе і сваім сваякам», — мяркуе жартаўнік.

Фейгін паведамляе, што Парашэнка перадаў сваю просьбу Саўчанцы празь сястру і маці вусна, а не пісьмова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG