Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Квас замест колы й агурок замест лайму: у менскіх барах зьявяцца нацыянальныя алькагольныя кактэйлі


«Шыпахвост», «Паветраны» й «Скарбны» — такія кактэйлі-цмокі зьявяцца ўвесну ў менскіх барах. Іх будуць вырабляць на аснове традыцыйных настоек.

Дзевяць нацыянальных кактэйляў былі распрацаваныя адмыслова для праекту «Цмокі на новы лад», якую ладзіць кампанія «Бульбаш». У часе дэгустацыі й галасаваньня экспэртаў былі абраныя тры кактэйлі, якія неўзабаве будуць падаваць у барах Менску.

Удзел у распрацоўцы рэцэптаў прымалі прафэсійныя бартэндэры Міхаіл Канаваленка, Васіль Сапункоў і Яўген Рогаў.

У рэцэптуры новых кактэйляў у якасьці асновы былі выкарыстаныя гаркатныя настойкі на мёдзе зь перцам, на ліпавых кветках зь мёдам, бярозавых пупышках, журавінах і зубровай траве.

Замест тыповых інгрэдыентаў для кактэйляў-цмокаў браліся мясцовыя інгрэдыенты. Напрыклад, замест віскі або рому выкарыстаная традыцыйная настойка, замест колы — квас, замест лайму — агурок, замест ананасавага соку — маркоўны, а замест содавай — газаваны бярозавы сок.

Па словах віцебскага гісторыка Мікалая Півавара, які займаецца вывучэньнем містычных пэрсанажаў беларускага фальклёру, цмокі зьяўляюцца адным з самых моцных і знакавых вобразаў у беларускай народнай культуры. Гэты вобраз, на думку Півавара, мог бы паспрыяць праяўленьню такіх рысаў характару беларусаў, як сіла й адвага, якія часта саступаюць месца стэрэатыпнай памяркоўнасьцi.

Цікава, што прасоўваньнем нацыянальных кактэйляў зацікавілася кампанія «Бульбаш». Яе нярэдка крытыкуюць за выкарыстаньне найменьня «бульбаш», якое лічыцца зьдзеклівым. На пытаньне, ці ня варта чакаць зьмены назвы, Валянціна Багнія, кіраўнік аддзела стратэгічнага маркетынгу ТАА «Завод Бульбаш», адказала, што ў кампаніі працуюць над зьмяненьнем стаўленьня да слова «бульбаш».

«Я разумею, што многія ўспрымаюць гэта як абразу, — сказала Багнія. — Але калі паглыбляцца ў карані паходжаньня назвы гэтага слова, напэўна, гэта тая пазытыўная рыса, якая калісьці беларусаў адрозьнівала, напрыклад, ад больш усходніх народаў. Мы былі больш прагрэсіўнымі, больш па-эўрапейску скіраванымі, таму так здарылася, што гэтая назва да нас прыляпілася».

У той жа час, па словах Багніі, кампанія пашырае ўжываньне беларускай мовы. У тым ліку і праз гэта з назвы можа зьнікнуць цьвёрды знак у канцы слова.

«Пытаньне пра цьвёрды знак таксама стаіць. У нас ёсьць думкі ў гэтым напрамку. У першую чаргу, таму што ў беларускай мове гэтай літары няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG