Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Расея пасьля Пуціна» — галоўная тэма Віленскага форуму расейскай апазыцыі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

У чацьвер раніцай стала вядома, што ўлады Літвы папрасілі пакінуць тэрыторыю краіны чальцоў здымачнай групы тэлеканала «Расея». Напярэдадні тэлевізійнікі з РТР спрабавалі незаконна пранікнуць на мерапрыемства з удзелам міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Лінаса Лінкявічуса і расейскіх апазыцыянэраў.

Вестку аб дэпартацыі расейскіх тэлевізійнікаў удзельнікі Форуму свабоднай Расеі сустрэлі аплядысмэнтамі. Пазьней, падчас сэкцыі «Расейскае грамадзтва — ці ёсьць шанец на выздараўленьне», гэтая тэма паўстала ізноў. Удзельнікі размовы заклікалі ўлады краінаў Балтыі аказваць максымальна жорсткі адпор расейскай прапагандзе.

А Яўгенія Чырыкава зьвярнулася да кіраўніцтва Эстоніі, Латвіі і Літвы з пытаньнем: «Чаму вы дазваляеце, каб жыхароў вашых краінаў абалваньвалі?». Пра шанцы Расеі на выздараўленьне, гэта значыць на паўнавартаснае ўваходжаньне ў супольнасьць цывілізаваных дэмакратычных дзяржаў, гаворка ішла на ўсіх панэльных дыскусіях віленскага Форуму. А пра тое, што расейскае грамадзтва хварэе, і яго хвароба называецца шызафрэнія, сказаў былы намесьнік старшыні ўраду РФ Альфрэд Кох. Як доказ свайго дыягназу ён заўважыў, што шмат хто ў Расеі верыць у тое, што іх краіна адабрадзеіла ўвесь сьвет, але больш ніхто на сьвеце гэтай ацэнкі не падзяляе.

Лекаваньне, на думку Альфрэда Коха, магчымае толькі ў тым выпадку, калі Расея будзе прыслухоўвацца да парадаў тых, хто шчыра жадае ёй дабра, і перастане жыць ілюзіямі.

«Нейкіх рэчаў мы рабіць ня ўмеем. Напрыклад, спрабуем стварыць заканадаўства па выбарах, а на выхадзе атрымліваем аўтамат Калашнікава, — вобразна заўважыў Кох. І працягнуў: «Магчыма, давядзецца перадаць некаторыя функцыі міжнародным органам, скажам, функцыі Цэнтравыбаркаму пяройдуць да ПАРЭ, Канстытуцыйнага суду — у Гаагу, і гэтак далей», — прапанаваў Кох.

У другой палове дня ўдзельнікі Форуму свабоднай Расеі прынялі заяву ў абарону Надзеі Саўчанкі. У тэксьце дакумэнту, падрыхтаванага паводле ініцыятывы пецярбурскага публіцыста Аляксандра Скобава, утрымліваецца зварот да лідэраў дэмакратычных краінаў Эўропы і ўсяго сьвету ў прыватнасьці, гаворыцца:

«Расейскія ўлады, якія цынічна топчуць прынцыпы права, справядлівасьці і маралі, нясуць поўную адказнасьць за здароўе і жыцьцё Надзеі Саўчанкі. Адзіны спосаб прымусіць Пуціна адступіць — гэта выразна пазначыць цану, якую асабіста ён і яго рэжым заплацяць за магчымую трагедыю. У лідэраў дэмакратычнага сьвету ёсьць інструмэнты для таго, каб прымусіць Пуціна вызваліць закладніцу».

Поўны рэпартаж з пачатку Віленскага форуму расейскай апазыцыі можна пачытаць тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG