Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знавец: У партыі ідзе барацьба са зьявай, якая атрымала нефармальную назву «гопніцтва» — ад «Гавары праўду»


Архіўнае фота 2015 году. Прэс-канфэрэнцыя БСДП "Грамада", на фота (зьлева направа) - Ірына Вештард, Алег Воўчак, Мечыслаў Грыб, Ігар Барысаў
Архіўнае фота 2015 году. Прэс-канфэрэнцыя БСДП "Грамада", на фота (зьлева направа) - Ірына Вештард, Алег Воўчак, Мечыслаў Грыб, Ігар Барысаў

У нядзелю, 13 сакавіка, у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў пройдзе зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Падзеі, якія адбываюцца апошнім часам у партыі, пераконваюць, што на чарговым форуме сацыял-дэмакратаў можна чакаць вострых спрэчак і ўнутрыпартыйнай барацьбы.

Цэнтральны камітэт падтрымаў Ірыну Вештард

У склад ЦК БСДП (Грамада) уваходзяць 45 чалавек. 38 зь іх, паведамляе афіцыйны партыйны сайт, 6 сакавіка правялі сваё пасяджэньне. Галоўнае пытаньне, якое яны разглядалі, — вылучэньне кандыдатур на пасады старшыні, яго першага намесьніка і намесьнікаў, якіх будуць прапаноўваць для абраньня дэлегатам зьезду.

Цэнтральны камітэт падтрымаў кадравыя прапановы Прэзыдыюму БСДП. Такім чынам, на зьезьдзе на пасаду старшыні партыі зноў будзе вылучана Ірына Вештард, на пасаду першага намесьніка старшыні — цяперашні намесьнік Вештард Ігар Барысаў (Магілёў), а на пасады двух намесьнікаў старшыні — каардынатарка працоўнай групы «Жанчыны БСДП» у Гарадзенскай вобласьці Марына Бабкова (да шлюбу Гундар) і цяперашні намесьнік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў.

Далей на сайце паведамляецца наступнае:

Аб сваіх прэтэнзіях на кіраўнічыя пасады заявіла група сябраў партыі — актывістаў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, якія стварылі ў кастрычніку мінулага году „ценявы аргкамітэт па падрыхтоўцы зьезду і рэфармаваньні партыі“.

«Як вядома, аб сваіх прэтэнзіях на кіраўнічыя пасады заявіла група сябраў партыі — актывістаў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, якія стварылі ў кастрычніку мінулага году „ценявы аргкамітэт па падрыхтоўцы зьезду і рэфармаваньні партыі“. Старшынёю партыі выказаў жаданьне стаць цяперашні першы намесьнік старшыні Ігар Маслоўскі».

ЦК правёў галасаваньне і па альтэрнатыўных кандыдатурах: Маслоўскаму і ягоных магчымых намесьніках. Прычым, што цікава, за двух з чатырох намесьнікаў, а менавіта за Ганну Канюс зь Берасьця і Яўгена Вільскага з Полацку, галасоў «за» было болей, чым «супраць».

Сябра Цэнтральнага Камітэту, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец так пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю ў партыі:

«У нашай партыі ідзе барацьба са зьявай, якая атрымала нефармальную назву «гопніцтва» — ад «Гавары праўду». Гэта азначае, што ў партыі ёсьць плынь, якую ачольвае спадар Маслоўскі і якая лічыць, што ў сыстэму Лукашэнкі можна ўпісацца, убудавацца і такім чынам атрымаць статус «канструктыўнай апазыцыі».

І ёсьць другая плынь — на шчасьце, пасяджэньне ЦК паказала, што яна ў бальшыні, — якая лічыць, што гэта згубны шлях. Ён можа прывесьці да канчатковага расколу нашай партыі.

Спадзяюся, што зьезд пройдзе бяз гучнага скандалу, але аб’ектыўна мушу прызнаць, што чарвяк «гопніцтва» партыю пахіснуў. І ня толькі нашу.

Сытуацыя складаная. Я асабіста супраць таго, каб партыя ператварылася ў прыдатак структуры Дзьмітрыева — Караткевіч. Спадзяюся, што зьезд пройдзе бяз гучнага скандалу, але аб’ектыўна мушу прызнаць, што чарвяк «гопніцтва» партыю пахіснуў. І ня толькі нашу. Частка людзей, я назваў бы іх палітбізнэсоўцамі, найперш Андрэй Дзьмітрыеў, які да «Гавары праўду» быў адным з кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гэтым карыстаюцца і хочуць стаць, мякка кажучы, «памагатымі рэжыму».

Ценявы аргкамітэт: мы хочам пераменаў ня толькі ў краіне, але і ў партыі

Людзі, якіх Ігар Маслоўскі хоча бачыць побач з сабою ў кіраўніцтве партыі, а акрамя згаданых ужо Канюс і Вільскага, гэта яшчэ Жанна Семянтовіч і Алег Шабетнік, адзначыліся актыўным удзелам у прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч. Таму некаторыя сябры партыі палохаюцца, што БСДП (Грамада) ператворыцца ў нейкі філіял грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Ігар Маслоўскі ў размове са Свабодай такую магчымасьць адмаўляе:

«Тацяна Караткевіч, якая дагэтуль зьяўляецца сябрам БСДП (Грамада), на прэзыдэнцкія выбары балятавалася як прадстаўніца „Гавары праўду“, а не як партыйны кандыдат. На гэта ўсе зьвяртаюць увагу. І некаторыя папракаюць: маўляў, вы прадаліся Дзьмітрыеву, а не агітавалі за партыю.

Гэта ня так. Мы, агітуючы за Караткевіч, выкарыстоўвалі перадвыбарныя магчымасьці і для прапаганды партыйных ідэяў. Я палічыў, што пад партыйнымі сьцягамі мы правялі каля 300 пікетаў, паразмаўлялі з тысячамі людзей. І амаль кожны, хто да нас падыходзіў, пытаўся: а што гэта за сьцяг з ружай? Мы тлумачылі: гэта сьцяг партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада“».

Ігар Маслоўскі таксама патлумачыў Свабодзе, чаму ён прэтэндуе на пасаду старшыні партыі:

Мы лічым, што менавіта наша партыя павінна стаць лідэрам дэмакратычных рэформаў.

«БСДП (Грамада) — партыя роўнасьці і справядлівасьці. У нашай партыі людзі, якія хочуць пераменаў у краіне. Але мы хочам пераменаў і ў самой партыі. Мы лічым, што менавіта наша партыя павінна стаць лідэрам дэмакратычных рэформаў. Я асабіста гатовы прысьвяціць сябе такой працы. І таму балятуюся ў старшыні партыі. Лічу, што кіраўнік партыі павінен быць маторам і ініцыятарам усёй дзейнасьці.

БСДП не павінна быць радыкальнай. Але яна павінна быць актыўнай. І мы хочам, каб партыя стала партыяй дзеяньняў, а ня партыяй сходаў і пратаколаў, што культывуюць цяпер нашы апанэнты. Таму мы ня будзем толькі крытыкаваць уладу, а будзем выказваць свае прапановы, свае ідэі, будзем паказваць сваю сілу. У нас, у Берасьцейскай вобласьці, ёсьць свае невялікія рэгіянальныя перамогі, якіх, на жаль, няма ў іншых рэгіёнах. І я разам са сваёй камандай гатовы перанесьці свой пазытыўны досьвед на ўсю партыю, на ўсе рэгіёны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG