Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік «ДНР» перад перамовамі ў Менску выходзіў з адміністрацыі Пуціна


Дзяніс Пушылін.

Дзяніс Пушылін.

Сёньня ў Менску адбудзецца чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні ў Данбасе

Сённяшняму пасяджэньню ў Менску папярэднічала два дні працы падгруп: 9 і 10 сакавіка засядала падгрупа па палітычных пытаньнях, а 10 сакавіка — падгрупы па эканамічных, гуманітарных пытаньнях, а таксама падгрупа па бясьпецы.

Падгрупа па гуманітарных пытаннях абмяркоўвала пытаньне абмену і вызваленьня палонных, допуску ўкраінскіх лекараў і сваякоў да Надзеі Саўчанкі, адкрыцьцё новых пунктаў пропуску з акупаванай тэрыторыі, у прыватнасьці пункта пропуску «Залатое» у раёне Першамайска Луганскай вобласьці.

Палітычная падгрупа два дні абмяркоўвала пытаньне мадальнасьці правядзеньня мясцовых выбараў у акупаваных раёнах Данбаса, якія на перамовах дыпляматычна называюць АРДА і АРЛА — асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей. Размова на гэтую тэму ідзе даўно, але да агульнага назоўніка прыйсьці ніяк не могуць, прадстаўнікі Расеі, «ДНР» і «ЛНР» ня хочуць, каб выбары праходзілі па ўкраінскіх законах, з удзелам украінскіх партый і ЦВК Украіны.

Падгрупа па бясьпецы абмяркоўвала пытаньне аб выкананьні падпісаных 2 сакавіка ў Менску дакумэнтаў — аб абазначэньні мінных палёў і забароне на вучэньні са стральбой ў 15-кілямэтровай зоне ад лініі судакрананьня на Данбасе.

Сярод ключавых былі таксама пытаньні выкананьня «рэжыму цішыні», без чаго там увогуле немагчымы ніякі прагрэс, а таксама праца Сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі на Данбасе.

Напярэдадні сёньняшняга пасяджэньня ў Менску актывізаваліся міжнародныя кантакты, у прыватнасці па тэлефоне размаўлялі дзяржсакратар ЗША Джон Керы і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. А ў Маскве журналісты зафіксавалі, як учора з будынку адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна выходзіў удзельнік менскіх перамоваў ад так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін.

XS
SM
MD
LG