Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Песьня-2 для віцебскіх чыноўнікаў з ЖКГ і ня толькі


Група віцяблянаў, назваўшыся творчым калектывам «Энтузіясты», працягвае ствараць музычныя кліпы «на патрэбу дня». Гэтым разам — пра падвышэньне тарыфаў ад ЖКГ і іншыя рэаліі.

На youtube.com зьявіўся новы музычны кліп пад назвай «Пакуль сьпіць беларус — чыноўнікі руляць». У апісаньні кліпа дададзена тлумачэньне: «Калыханка для дарослых „Пакуль сьпіць беларус — чыноўнікі руляць“. Рулілі, руляць і будуць руліць тымі, хто сьпіць. Гэй, беларус, прачынайся!»

На вядомы матыў штовечаровай калыханкі мужчынскі голас сьпявае ад імя чыноўніка:

Кошты вам падвысім мы
за кватэры, за дамы,
За сьвятло, ваду, цяпло,
каб адразу вам дайшло!

Баю-бай, баю-бай,
вельмі моцна засынай!

Пакуль сьпіць Беларусь,
мы указы ёй настрочым,
Што вышэй за закон —
робім тое, што захочам...

Кліп «Калыханка для дарослых» разьмешчаны на тым самым канале, дзе некалькі тыдняў таму выйшаў першы ўзор сатырычнай творчасьці віцебскіх актывістаў — відэаролік «Віцебская пакутніцкая». Ён быў прысьвечаны змаганьню віцяблян за будоўлю паліклінікі ў мікрараёне Білева і менш як за месяц набраў амаль тысячу праглядаў.

За гэты час удзельнікі ініцыятывы аб’ядналіся ў творчы калектыў «Энтузіясты», кажа каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец:

«Пасьля нашага дэбюту мы пераканаліся, што сатыра — гэта насамрэч выдатная зброя. Па-першае, няхай чыноўнікі паглядзяць на сябе збоку — каб зразумець, што яны самі і іхныя дзеяньні ня столькі страшныя, колькі сьмешныя. Па-другое, няхай гэта ўсё паглядзяць і паслухаюць простыя людзі. Няхай сьмяюцца з гэтай улады. Хто сьмяецца — той ужо не баіцца!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG