Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грынпіс: «атамныя шрамы» ад Чарнобылю і Фукусімы застаюцца


Праз 30 гадоў пасьля Чарнобылю мясцовыя жыхары па-ранейшаму ядуць прадукты, забруджаныя радыяцыяй.

Гэтак сьцьвярджае новая справаздача, складзеная міжнароднай прыродаахоўнай арганізацыяй Грынпіс.

Справаздача пад назвай «Атамныя шрамы: шматгадовая спадчына Чарнобылю і Фукусімы» ўключае навуковыя дасьледаваньні, сьведчаньні пацярпелых і вынікі радыяцыйнага маніторынгу, выкананага Грынпісам ў Расеі, Украіне і Японіі. Мэта справаздачы — паказаць, як найбуйнейшыя атамныя аварыі працягваюць уплываць на жыцьцё мільёнаў людзей. Дасьледаваньне ў Беларусі, тэрыторыя якой была забруджаная ў выніку аварыі на ЧАЭС, не праводзілася.

Грынпіс правёў замеры ў Бранскай вобласьці (Расея), Роўненскай і Кіеўскай абласьцях (Украіна) і выявіў перавышэньне дапушчальнага ўтрыманьня цэзію-137 у малацэ, грыбах, збожжы і рыбе, а таксама ў драўніне, якую людзі выкарыстоўваюць у якасьці паліва і для будаўніцтва.

«У Расеі каля паўтара мільёна чалавек жывуць на тэрыторыях, афіцыйна прызнаных забруджанымі чарнобыльскай радыяцыяй. Найбольш пацярпелі жыхары Бранскай вобласьці, якія паддадзеныя як зьнешняму апрамяненьню з навакольнага асяродзьдзя, так і ўнутранаму зь мясцовых прадуктаў. Тым часам улады выключылі сотні населеных пунктаў зь пераліку забруджаных тэрыторый. Дзеля эканоміі ўлады адмяняюць адну за адной льготы для пацярпелых. Гэта зусім недапушчальна» — камэнтуе кіраўнік праекту энэргетычнай праграмы Грынпісу Расеі Рашыд Алімаў.

Улады, як адзначае даклад Грынпісу, з часам паслабляюць захады абароны насельніцтва ад радыяцыі. У раёне Чарнобылю ўкраінскі ўрад скараціў праграмы маніторынгу навакольнага асяродзьдзя і прадуктаў харчаваньня. Урад Японіі хоча вярнуць большасьць эвакуяваных жыхароў з навакольля атамнай станцыі Фукусіма на іх землі да 2017 году, нягледзячы на тое, што яны па-ранейшаму забруджаныя.

Маніторынг Грынпісу даказвае, што лясы вакол Чарнобылю і Фукусімы застаюцца крыніцамі радыяцыі і пагражаюць для найбліжэйшых паселішчаў паўторным забруджваньнем.

Радыяцыя падрывае здароўе мясцовых жыхароў. На забруджаных тэрыторыях адзначаны больш высокая сьмяротнасьць, захворваньне на рак, больш частыя псыхічныя парушэньні, падзеньне нараджальнасьці — гаворыцца ў справаздачы. Дзеці асабліва ўразьлівыя. На забруджаных тэрыторыях Фукусімы зарэгістраваны рост захворваньня на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей. У амаль траціны мацярэй назіраюцца прыкметы дэпрэсіі.

«Чарнобыль і Фукусіма зьмянілі жыцьці мільёнаў людзей. Мы не павінны забываць пра пакуты, якія яны працягваюць несьці. Адзіная адэкватная мера, якая можа іх спыніць — адмова ад атамнай энэргіі і замена яе чыстай і бясьпечнай аднаўляльнай энэргетыкай» — лічыць аналітык Грынпісу ў галіне энэргетыкі Шон-Патрык Стэнсіл.

XS
SM
MD
LG