Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць сыстэмных зьменаў


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Але патрэбныя сыстэмныя зьмены, зазначыў беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч у гутарцы са спэцпрадстаўніком Эўразьвязу па правах чалавека.

Валянцін Стэфановіч падчас сустрэчы з спэцпрадстаўніком Эўразьвязу па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам перадаў яму апошнія агляды Праваабарончага цэнтру «Вясна» па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якія канстатуюць станоўчыя тэндэнцыі адносна практык, зьвязаных зь мірнымі сходамі.

«Мірныя сходы гвалтоўна не перапыняюцца супрацоўнікамі міліцыі, арганізатараў не затрымліваюць і не арыштоўваюць, і, у прынцыпе, колькасны паказчык рэпрэсіяў зьмяншаецца, — сказаў Свабодзе намесьнік старшыні ПЦ „Вясна“. — Але ў той жа час удзельнікаў дэманстрацыяў у любым выпадку прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў.

Мы чакаем крокаў з боку ўладаў, скіраваных менавіта на сыстэмныя зьмены ў галіне правоў чалавека на ўзроўні заканадаўства.

Я таксама пракамэнтаваў словы Шуневіча наконт таго, што яны цяпер зьмянілі практыку падыходаў да мірных сходаў, што яны цяпер людзей не затрымліваюць, а на месцы складаюць пратаколы і потым выносяць штрафы. Я адзначыў, што гэта вельмі добрая нагода, каб падумаць пра зьмену заканадаўства, якое рэгулюе гэтыя пытаньні.

Мы чакаем крокаў з боку ўладаў, скіраваных менавіта на сыстэмныя зьмены ў галіне правоў чалавека на ўзроўні заканадаўства. Таму што практыкі сёньня адны, а заўтра другія — у залежнасьці ад палітычнай сытуацыі».

Таксама на сустрэчы праваабаронцы казалі, сярод іншага, пра праблему свабоды асацыяцыяў, сьмяротнага пакараньня і расьсьледаваньня спраў зьніклых беларусаў.

«Сваё разуменьне» правоў чалавека

Сустрэча прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (зьлева) і прадстаўніка Эўразьвязу па правах чалавека Стаўраса Ламбрынідзіса
Сустрэча прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (зьлева) і прадстаўніка Эўразьвязу па правах чалавека Стаўраса Ламбрынідзіса

Учора на сустрэчы са Стаўрасам Ламбрынідзісам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ў нас ёсьць сваё разуменьне гуманітарных праблем, у тым ліку і праблем правоў чалавека». Стэфановіч жа лічыць, што правы чалавека — унівэрсальная каштоўнасьць.

«Сваё разуменьне — гэта, канечне, цудоўна, — кажа Стэфановіч. — Але сусьветная праваабарончая супольнасьць зыходзіць зь іх унівэрсальнага характару — унівэрсальнага для ўсіх краінаў. Ня можа быць асобнага разуменьня правоў чалавека ў Кітаі, Беларусі ці ЗША. Унівэрсальны прынцып правоў чалавека закладзены ў асноўных дакумэнтах ААН — у прыватнасьці, ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Тое, што Лукашэнка гаворыць — у гэтым нічога новага няма. Дастаткова пачытаць уступны артыкул Макея да маніторынгу правоў чалавека ў краінах ЭЗ, Канады і ЗША, дзе ён вельмі яскрава дэманструе падыход беларускага МЗС. Гэты падыход называецца „культурны рэлятывізм“. Ён заключаецца ў тым, што ў кожнай краіне ёсьць свае традыцыі, сваё разуменьне дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта ня новы падыход. І Расея яго дэманструе, і Лукашэнка вось кажа, што ў нас сваё разуменьне правоў чалавека».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG