Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Было адразу зразумела, што гэта за пекла», — жыхары Крыму пра два гады расейскай акупацыі


Ілюстрацыйнае фота. Пікет гандляроў у Ялце. 29 студзеня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота. Пікет гандляроў у Ялце. 29 студзеня 2016 году

Свабода распытала простых крымчукоў, як зьмянілася жыцьцё ў Крыме за два гады расейскай акупацыі.

Многія людзі, апытаныя Свабодай, 2 гады таму нэгатыўна ўспрынялі анэксію Крыму, і іхнія пэсымістычныя прагнозы за гэты час спраўдзіліся. Некаторыя думаюць зьехаць з паўвострава.

«Пры ўсёй маёй нелюбові да Расеі я ўсё ж думаў, што будзе лепш»

Арцём, 30 гадоў, прадпрымальнік. Сымфэропаль

Арцём быў сярод тых, хто ад самага пачатку быў катэгарычна супраць анэксіі Крыму:

«Я прынцыпова супраць такога „бязьмежжа“ і парушэньня ўсяго, што толькі можна, у пляне міжнародных дагавораў і пагадненьняў. Дый наагул перадзел межаў у XXІ стагодзьдзі — гэта нонсэнс. Ня кажучы ўжо пра тое, што ў Расею штосьці не хацелася. Хацеў бы туды, даўно б зьехаў, таму што праблем з гэтым, здаецца, ніколі не было. Гэтак жа я разумеў, што з Расеяй у нас вельмі і вельмі туманныя пэрспэктывы як увогуле з краінай, так і, у прыватнасьці, з намі, таму што Крым — непрызнаная тэрыторыя. Плюс я бачыў усё знутры тут, што за людзі і як гэта рабілі. І было адразу зразумела, што гэта за пекла», — кажа ён.

Нягледзячы на гэта, Арцём прызнаецца: ён ня думаў, што пасьля анэксіі ўсё будзе настолькі дрэнна:

«Пры ўсёй маёй нелюбові да Расеі, Пуціна і рэжыму, пры поўным разуменьні і веданьні, што ўсё, што кажуць, гэта проста прапаганда, папулізм і хлусьня, я ўсё ж думаў, што будзе лепш. Я думаў, што Расеі давядзецца ў любым выпадку „заваліць Крым грашыма“, каб у максымальна сьціслы тэрмін паказаць крымчукам і расейцам, што, маўляў, была Ўкраіна бедная і вось усё было дрэнна, а прыйшла Расея і зрабіла цукерку — тут толькі і справы. Але сыстэма настолькі карумпаваная і неэфэктыўная, што нават гэтага не змаглі зрабіць. Нават для выгляду, для тэлевізара», — канстатуе ён.

З пункту гледжаньня Арцёма, самае цікавае будзе адбывацца ў 2016–17 гадах, таму што стануць яшчэ больш відавочныя вынікі працы новай улады. Паводле ягоных слоў, шмат што павінна пачаць «рассыпацца»: камунальная гаспадарка, дарогі і г.д. «Тут жа ўсё як „пацёмкінскія вёскі“ пры „голым каралі“. Усё на камэру, усе для справаздачы», — дадае ён.

Як ні парадаксальна, але ўсё, што адбываецца ў Крыме, не зьмяніла радыкальна стаўленьне жыхароў паўвострава да расейскіх уладаў і самога факту анэксіі:

Нездарма ж кажуць, што Расея — тэлевізійная дзяржава: нават калі ў акне адно паказваюць, а ў тэлевізары іншае, павераць не акну, а тэлевізару.

«Нездарма ж кажуць, што Расея — тэлевізійная дзяржава: нават калі ў акне адно паказваюць, а ў тэлевізары іншае, павераць не акну, а тэлевізару. Я думаю, калі казаць пра большасьць, то сыстэма добра працуе. Прапаганда зьмянілася з тэмы багатай і сытай Расеі на «барацьбу з усім сьветам», «расейцы не здаюцца» і «трэба крыху пацярпець». І ў людзей тое ж самае ў галаве. Ну, да гэтага ў «саўку» столькі гадоў так жылі, і нічога. Мабыць, гэта задавальняе «масы», — заключае ён.

«Балюча было назіраць, калі палілі ўкраінскі сьцяг»

Алімэ, 20 гадоў, студэнтка, крымская татарка. Эўпаторыя

Анэксію Крыму 2 гады таму Алімэ ўспрыняла вельмі нэгатыўна:

«Мяне вельмі злавала, калі зьявіліся войскі, салдаты, вайсковыя машыны без нумароў. Іх было вельмі шмат. Было нават трохі страшна. Тыя падзеі з памяці ня вырваць... Вельмі крыўдна было назіраць за тым, што людзі ішлі на гэты псэўдарэфэрэндум (па-іншаму я не магу яго назваць). Балюча, было назіраць, калі палілі ўкраінскі сьцяг. Жылі 23 гады, хтосьці з нараджэньня жыў тут, еў, піў, вучыўся... А тут маеш! Украіна дрэнная! А краіна, якая нічога табе ў жыцьці не зрабіла — добрая! Цяпер вунь сядзяць, „радуюцца“ — даляр 70 рублёў», — кажа яна.

Чарга ў паліклініку ў Эўпаторыі

Чарга ў паліклініку ў Эўпаторыі

Алімэ кажа, што за два гады расейскай акупацыі эканамічная сытуацыя ў Крыме зьмянілася ў горшы бок, прычым значна.

«Я студэнтка, на сёньняшні дзень стыпэндыя ў мяне складае 1500 рублёў (гэта 20 даляраў). Цэны пры гэтым на ўсё падняліся: прадукты, камунальныя паслугі — на ўсё. Усё даражэе. У бацькі яшчэ летам 2014-га заробак складаў 1500 рублёў у дзень, цяпер 500 рублёў — у тры разы менш. А ўсяго цяпер наш сямейны бюджэт (4 чалавекі) складае 30 тысяч у месяц», — кажа яна.

Па словах Алімэ, тыя, хто верыў, што пасьля анэксіі ўсё будзе ідэальна, пачынаюць разумець, што яны «ня ў казцы».

«Ня ведаю, можа гэта толькі ў мяне такія знаёмыя. Але ва ўсіх, каго я ведаю, у каго ёсьць бізнэс, ва ўсіх ён пацярпеў. У нас у Эўпаторыі, напрыклад, зьнесьлі два рынкі», — распавядае яна.

Хутка лета, а дзе працаваць, нават уяўленьня няма. Ніхто ня ведае, які сэзон будзе ў гэтым годзе. А раней, яшчэ ў 2013 годзе, можна было зарабіць столькі, што на год хапала.

Па словах Алімэ, раней турыстычны сэзон у Крыме заўсёды быў для крымчукоў магчымасьцю добра зарабіць. Цяпер жа такой магчымасьці фактычна няма.

«Хутка лета, а дзе працаваць, нават уяўленьня няма. Ніхто ня ведае, які сэзон будзе ў гэтым годзе. А раней, яшчэ ў 2013 годзе, можна было зарабіць столькі, што на год хапала (мая сяброўка за лета зарабляла 30 тысяч грыўняў)», — кажа дзяўчына.

Адпачынак у Крыме, па словах Алімэ, для многіх цяпер стаў залішне дарагой прыемнасьцю.

«Прыяжджалі да нас знаёмыя зь Піцера і кажуць, што за такія грошы яны маглі б паехаць у Турэччыну ці нават у Туніс. Кватэру, гатэль за прымальны кошт знайсьці не змаглі. У гэтым годзе, на жаль, нашы сябры зь Піцера да нас не прыедуць», — падсумоўвае яна.

«Усе вакол працягваюць паўтараць пра „камяні зь неба“, хоць ужо не з такім імпэтам»

Юлія, 22 гады, настаўніца. Ялта

«Анэксію Крыму, як і асноўная маса моладзі, якая не сумавала па СССР, я ўспрымала адмоўна, разумеючы магчымасьць санкцыяў і блякад і цьвяроза ацэньваючы сытуацыю», — кажа Юлія.

Паводле слоў Юліі, яна, як і многія грамадзяне, пасьля анэксіі сутыкнулася зь вялізарнай бюракратыяй ва ўсіх сфэрах жыцьця.

«Як настаўнік я тану ў папяровай працы, па сутнасьці, за такую самую зарплату, як і пры ўкраінскай уладзе. Цэны растуць, моста няма, курортнага сэзону толкам таксама, энэргамост не ўпраўляецца. Сьвятла няма мінімум (!) дзьве гадзіны ў суткі, але гэта ў Ялце, у сёлах справы горшыя. Праблем мноства, абяцаньні ня выкананы, чаго і варта было чакаць. Але ўсе вакол працягваюць паўтараць пра „камяні зь неба“, хоць ужо не з такім імпэтам», — кажа яна.

«Многія баяцца нават праз тэлефон абмяркоўваць палітыку»

Алім, 29 гадоў, прадпрымальнік, крымскі татарын. Сымфэропаль

Алім кажа, што ад самага пачатку разумеў, якія наступствы расейскай анэксіі адчуюць на сабе крымчукі.

«У нацыянальным вымярэньні мой народ вярнуўся ў „савок“, з усім, што адсюль вынікае. Закрыцьцё СМІ (тэлеканалы АТР, „Ляле“, радыё „Мэйдан“), дэпартацыя нацыянальных лідэраў, арышты, ператрусы... Адчуваецца атмасфэра страху. Да майго таварыша прыяжджалі пагутарыць за перапосты „Ўкантакце“. Многія баяцца нават праз тэлефон абмяркоўваць палітыку. Страх адчуваюць усе, і я ў тым ліку», — прызнаецца ён.

Эканамічнае становішча таксама значна пагоршылася. Даход Аліма ад здачы ў арэнду памяшканьняў зьнізіўся больш як у два разы. Пры гэтым сытуацыя з карупцыяй пагоршылася — «прайс стаў даражэйшы». Існуе сур’ёзная праблема зь недахопам лекаў у Крыме.

Што тычыцца сьвятла, то, паводле словаў Аліма, цяпер сытуацыя больш-менш стабільная — у тым сэнсе, што раней адключэньні сьвятла праходзілі бессыстэмна, а цяпер згодна з пэўным рэжымам.

«Цяпер шмат хто хоча назад ва Ўкраіну»

Вольга, 24 гады, настаўніца інфарматыкі. Сымфэропаль

Вольга распавядае, што на тэрыторыі мацерыковай Украіны ў яе засталося шмат сваякоў, і цяпер вельмі праблематычна да іх езьдзіць. Менавіта таму яна адразу была супраць далучэньня Крыму да Расеі. Акрамя таго, Вольга разумела, зь якімі праблемамі жыхарам Крыму прыйдзецца сутыкнуцца:

«З уводам санкцыяў стала больш складана працаваць у некаторых сфэрах — напрыклад, у сфэры IT. Заробак вырас толькі ў дзяржаўных структурах. Цяпер шмат хто хоча назад ва Ўкраіну», — кажа яна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG