Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Літвы папрасілі чатырох расейскіх журналістаў пакінуць краіну


Улады Літвы ўключылі ў сьпіс непажаданых асобаў здымачную групу ВГТРК і папрасілі супрацоўнікаў мэдыяхолдынгу пакінуць краіну. Пра гэта паведамляе РБК.

Паводле інфармацыі прадстаўніка дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Вітаўтаса Макаўскаса, усяго ў сьпіс непажаданых асобаў трапілі чатыры журналісты здымачнай групы ВГТРК. Адзін з іх Павел Зарубін напярэдадні ў эфіры тэлеканалу «Расея 24» распавёў пра тое, што літоўскія ўлады вырашылі выслаць расейскіх журналістаў. Паводле яго словаў, афіцыйнай прычынай зьяўляецца «магчымая пагроза нацыянальнай бясьпекі Літвы». Зарубін адзначыў, што на журналістаў напалі, пасьля таго, як ён паспрабаваў пагутарыць з расейцамі, якія ўдзельнічаюць у апазыцыйным «Форуме Свабоднай Расеі», які праходзіць у Вільні.

Тэлеканал таксама паказаў кадры канфлікту, на якіх прысутнічаюць апазыцыянэр Гары Каспараў і журналістка Бажэна Рынска. У прыватнасьці, на відэазапісе бачна, як Каспараў паспрабаваў выхапіць мікрафон з рук карэспандэнта.

У сваю чаргу Рынска ў сябе ў Facebook напярэдадні распавяла, што «ў гатэлі за сьняданкам тэлеканал „Расея“ з камэрамі лез у талерку да Каспарава». Яна адзначыла, што ёй удалося «спыніць незаконную здымку і выключыць айфон» у аднаго з журналістаў. Аднак мэнэджэр гатэля вярнула тэлефон журналісту, не дачакаўшыся паліцыі, дадала Рынска. Пасьля яна выдаліла гэты запіс.

XS
SM
MD
LG