Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мёртванароджаны ордэн Каліноўскага


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Лукашэнка заснаваў ордэн Кастуся Каліноўскага, але нікога ім не ўзнагародзіў.

10 сакавіка (1864) – дзень гібелі нацыянальнага героя, што ніяк у Беларусі не адзначаецца. А з ордэнам Каліноўскага адбылася зусім вартая жалю гісторыя. З прысмакам зьдзеку ці насьмешкі.

Ордэн нацыянальнага героя беларусаў быў скасаваны ў 2004 годзе. Аднак аб яго існаваньні так ніхто і не даведаўся. Гэта быў падпольны ордэн. Ці сакрэтны. Па сваёй сутнасьці. Хоць і цалкам дзяржаўны. Аднак ніякіх падпольшчыкаў у наяўнасьці быць не магло. І ордэн кануў у лету.

Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў яго 15 студзеня 1996 году. Палажэньне аб ордэне было прынятае Вярхоўным Саветам раней: 13 красавіка 1995-га. 18 траўня 2004-га паявіўся закон «аб дзяржаўных узнагародах», ордэна Каліноўскага там ужо не было. Гэтым дакумэнтам прызнавалася, што такі ж закон, прыняты ў 1995-м, прызнаецца «страціўшым сілу». Падпісана Лукашэнкам.

Ну як жа так? Бязглузьдзіца. Фарс! Адна з галоўных узнагарод ніколі не ўручалася. Не знайшлося вартага кандыдата. Ніводнага. Даваць ордэн мелі за самаахвярныя ўчынкі, мужнасьць, за храбрасьць. Што цалкам зразумела. Бо такім быў сам Каліноўскі. Адзначаць зьбіраліся за адпаведныя паводзіны пры затрыманьні злачынцаў, на пажары, у час надзвычайных абставінаў. За выкананьне, з рызыкай для жыцьця, воінскага, службовага абавязку. І гэтак далей. Дыяпазон быў досыць шырокі.

Дык, што, у нас усё было ў ажуры? Не было падстаў і не было кандыдатаў для ордэна Каліноўскага? Паверыць цяжка. Але калі ўлічыць, што Кастусь быў кансьпіратарам, то можна дапусьціць, што ім адзначалі, напрыклад, «байцоў нябачнага фронту»? Хто выконваў асабліва небясьпечныя заданьні. Каманды «альфа і амэга», скажам? Нашчадкі любімага народам Шцірліца? Чые твары і прозьвішчы ў любой краіне трымаюцца пад сакрэтам? Тлумачэньне магло быць цалкам абгрунтаваным. Таму мы й не даведаліся аб сваіх сучасных героях-каліноўцах, паколькі ўказ аб узнагароджаньні сам меў «грыф»…

Але штосьці падказвае, што ніякіх такіх герояў у нас не было, а проста была праяўленая маладушнасьць. У любым разе падзея ўнікальная! Восем гадоў трымаць ордэн ў загашніку і ні разу не прышпіліць! У чым жа прычына? Страх Каліноўскага? Рэўнасьць да яго?..

На жаль, начальства не ўсьведамляе сабе (а можа, наадварот, усё выдатна разумее?) таго, што беларусаў прыўзьнялі ва ўласных вачах. Ордэн Кастуся! Патрымалі і апусьцілі назад… Канечне, я маю на ўвазе сьвядомую частку грамадзтва, ня тую, якой па барабану — Каліноўскі будзе на ордэне ці які-небудзь Гіркін.

Крыўдна, абразьліва. Але калі глядзець над сытуацыяй, то можна нейкім чынам нават парадавацца. Ну сапраўды: уявіце, ён будзе саджаць за «Люблю Беларусь», а яму Кастуся на грудзі. Нашага нацыянальнага героя! Жах. Ганьба. Так што, як добра, што мы пазбаўленыя такой недарэчнасьці.

Існавала яшчэ адна магчымасьць: абмен узнагародамі паміж кіраўнікамі дзяржаў. Але наш звычайна езьдзіць у Сочы і часам у эміраты. Ордэн Каліноўскага на грудзях шэйха? Эклектыка. А Пуціну як прышпіліш? Ён скажа: у мяне ордэн Суворава, сам Сталін зацьвердзіў. А ў цябе каго — Каліноўскага? Які супраць цара? Можа гэтага і баяўся якраз?

Ордэн Кастуся Каліноўскага быў скасаваны 16 чэрвеня 2004 году. Што за дзень, што за год? Адбыўся Сусьветны рускі нацыянальны сабор. Тэма сходу: Расея і праваслаўны сьвет. Уладзімір Уладзіміравіч працягнуў шляхам выбараў свае паўнамоцтвы прэзыдэнта на наступны тэрмін. Вэнгрыя, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія, Эстонія дачакаліся далучэньня да Эўразьвязу.

У Трэптаў-парк вярнулася пасьля дарагога рамонту (паўтара мільёна эўра) статуя савецкага салдата зь дзяўчынкай на руках, вызваліцеля ад карычневай чумы. Чорт, наколькі надзейней было б мець ордэн салдата-вызваліцеля! Гэта не Каліноўскі. І Пуцін ня быў бы супраць, салдат жа са сталіцы БССР прызываўся. Ордэн імя помніка ў Трэптаў-парку, якая крэатыўная думка! Позна піць шампанскае.

Напачатку чэрвеня Пуцін — шаноўны госьць на сьвяткаваньні 60-годзьдзя высадкі заходніх хаўрусьнікаў у Нармандыі. У сябрыне прэзыдэнта Шырака, каралевы Нідэрляндаў Бэатрыкс ды іншых моцных сьвету. Ну, а што 16-га было, калі ордэн Каліноўскага перастаў існаваць? 16 чэрвеня ВВП быў зоркай на сустрэчы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у Ташкенце. Падпісаў з Карымавым дамову аб стратэгічным партнэрстве. Вельмі важкая дамова! З Пуціным трэба, не з Каліноўскім. Усё, пазбыцца Кастуся раз і назаўжды. І больш не ўспамінаць, не баяцца ўзнагародзіць.

Хаця мець на грудзях ордэн нацыянальнага героя — якая прыемнасьць! Ды яшчэ бывае «два ў адным», дзьве прыемнасьці. Кубінскі ордэн Хасэ Марці да яго мелі вядомыя людзі: Альендэ, а затым і Чаўшэску, Брэжнеў, Хонэкер, Кім Ір Сэн, Цэдэнбал, Гандзі, Ярузэльскі, Мугабэ, Мандэла. Нарэшце друг Чавэс, а на наступны год і сам Лукашэнка (2000). Падумаць сёньня толькі: а Пуцін толькі ў 2014-м!

Ці ордэн вызваліцеля Балівара ўзяць. Яшчэ цікавей. У наступнай чарговасьці атрымалася: Лукашэнка (2007), Мядзьведзеў (2008), Пуцін (2010).

Выпадкі са скасаваньнем ордэнаў бываюць. Але яны вельмі рэдкія. І ніякім чынам не нагадваюць беларускі. Італьянскі ордэн Віторыё Венэта быў прызначаны для тых, хто ваяваў у Першую сусьветную ня менш за паўгода. У 2010-м яго афіцыйна скасавалі. Прычына: не засталося ў жывых ніводнага кавалера гэтай узнагароды. Сама вайна, за якую яго давалі, скончылася на той момант 92 гады таму, і новых кандыдатаў для ордэна яўна не магло быць.

Вельмі чульліва атрымалася ў італьянцаў, па-людзку. І вельмі брыдка ў беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG