Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя мэдыкі ЗША пакуль ня могуць вызначыць прычыну сьмерці былога расейскага міністра


Міхаіл Лесін

Міхаіл Лесін

Цела 57-гадовага Міхаіла Лесіна было выяўлена 6 лістапада 2015 году ў нумары гатэлю ў Вашынгтоне, прыкмет гвалту выяўлена не было. Неўзабаве Лесін быў пахаваны ў Лос-Анджэлесе.

Як паведаміў амэрыканскі тэлеканал ABC7, у 90 працэнтах выпадкаў прычыну сьмерці атрымліваецца знайсьці за 90 дзён, у іншай сытуацыі працэдура зацягваецца надоўга.

Вакол сьмерці Лесіна, які ўваходзіў у блізкае кола прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, працягваюць цыркуляваць розныя здагадкі і чуткі, у тым ліку пра тое, што яго забілі з-за сувязяў з амэрыканскімі спэцслужбамі. Выказваліся здагадкі, што ён пайшоў на кантакт з ФБР і ЦРУ ў імкненьні пачаць «новае жыцьцё».

Расейскія СМІ, спасылаючыся на яго сваякоў, паведамлялі, што сьмерць наступіла пасьля сардэчнага прыступу.

Яшчэ ў канцы ліпеня 2014 году сэнатар ад штата Місісіпі Роджэр Уікер запатрабаваў ад генэральнай пракуратуры ЗША правесьці праверку абставінаў пакупкі «шэфам пуцінскай прапаганды» нерухомасьці ў Лос-Анджэлесе на 28 мільёнаў даляраў. У ЗША сумняваліся ў «законнасьці даходаў Лесіна», які ня мог зарабляць такія грошы, знаходзячыся ў Расеі на дзяржаўнай службе.

Міхаіл Лесін, які ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў быў міністрам друку, тэлебачаньня і сродкаў масавай камунікацыі, заснаваў кампанію «Відэа Інтэрнэшнл», быў ініцыятарам стварэньня тэлеканалу Russia Today; з кастрычніка 2013 году па студзень 2015 году Міхаіл Лесін узначальваў праўленьне ААТ «Газпрам-Мэдыя Холдынг». Сышоў у адстаўку па сямейных абставінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG