Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група расейскіх праваслаўных заклікала пакаяцца перад грэка-католікамі


Расейскія праваслаўныя актывісты заклікалі прызнаць несправядлівасьць разгрому Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы 70 гадоў таму.

Па тагачаснай афіцыйнай вэрсіі, гэта было «узьяднаньнем з верай прадзедаў». У рэальнасьці — жорсткім разгромам царквы, якая мела ў заходніх рэгіёнах Украіны некалькі мільёнаў пасьлядоўнікаў.

У пачатку сакавіка 1946 году пры садзейнічаньні ўладаў СССР ў Львове адбыўся сабор Украінскай грэка-каталіцкай царквы (УГКЦ), які абвясьціў аб яе далучэньні да Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ). Сабор прайшоў ва ўмовах рэпрэсій супраць герархіі УГКЦ, ніводзін біскуп гэтай царквы там не прысутнічаў. Многія грека-католікі, якія не пагадзіліся з львоўскімі рашэньнямі, зазналі рэпрэсіі.

У дні 70-годзьдзя Львоўскага «псэўдасабору» (так называюць яго ў рымска-каталіцкай цэркве) група праваслаўных сьвятароў і вернікаў з розных краін выступіла з заклікам да адзінаверцаў — прызнаць несправядлівасьць ганеньняў на грека-католікаў і пакаяцца за гэта.

«Сур’ёзныя гісторыкі і багасловы ніякім чынам не сумняваюцца ў тым, што Львоўскі сабор Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы 8-10 сакавіка 1946 году быў толькі падабенствам сабору. Багдан Бацюрків, былы прафэсар гісторыі Карлтанскага ўнівэрсытэту ў Атаве, напісаў з гэтай нагоды кнігу, якая ніколі ня была аспрэчаная. Папа Бэнэдыкт XVI ў 2006 годзе казаў пра „псэўдасабор“, які „сур’ёзна падарваў царкоўнае адзінства“. Мікалай Лоскі, францускі праваслаўны багаслоў Маскоўскага Патрыярхату, таксама прызнаў, што тут гаворка ідзе пра падабенства сабору.

Праз забарону ў 1946 годзе і да 1989 года, Грэка-Каталіцкая Царква, якая налічвала больш за 5 мільёнаў вернікаў ва Ўкраіне, дэ-факта стала галоўнай ахвярай і галоўнай апазыцыйнай сілай у адносінах да савецкага рэжыму ўнутры СССР. Мы заклікаем сучаснае царкоўнае сьвяшчэннаначальле ў Расеі, Украіне і інш. прызнаць несапраўднымі трагічныя рашэньні Львоўскага сабору», — гаворыцца ў звароце.

Больш падрабязна чытайце ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG