Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы пакінулі Савецкі завулак, каб паказаць, што ён вядзе ў тупік» — Як Маладэчна перастаў быць савецкім горадам


З усіх беларускіх гарадоў толькі ў Маладэчне пазбавіліся савецкіх назваў. Усе цэнтральныя вуліцы тут пераназвалі так, каб зьвязаць іх з гісторыяй Беларусі. Пра тое, дзе ўзяць грошы на перайменаваньне вуліц і чаму мясцовыя жыхары не змагаюцца за захаваньне савецкай сымболікі, Свабодзе распавялі ўдзельнікі маладэчанскай дэсаветызацыі пачатку 1990-х.

Нават пры саветах тут быў вольны дух

Лявон Цімохін на пачатку 1990-х гадоў быў адным з рухавікоў дэсаветызацыі гораду. Школьны настаўнік гісторыі, ён вырас у нацыянальна сьвядомай сям’і. Яго цётка вучылася ў Гандлёвай школе, дзе ёй выкладаў сам Барыс Кіт.

Лявон Цімохін быў настаўнікам гісторыі ў Маладэчне, а ў 1990-х стаў дэпутатам гарадзкога Савету

Лявон Цімохін быў настаўнікам гісторыі ў Маладэчне, а ў 1990-х стаў дэпутатам гарадзкога Савету

«Беларускі дух жыве тут, — кажа Цімохін. — На пачатку 1990-х у Маладэчне была вялікая колькасьць тых, каго „недакатавалі“, „недавыслалі“ ў Сыбір, „недарасстралялі“. Іхнія нашчадкі чакалі адлігі».

І калі пачалася перабудова, «нашчадкі недарасстраляных» раптам аказаліся на ўсіх узроўнях гарадзкой улады. На пачатку 1980-х мясцовая газэта надрукавала артыкул Цімохіна пра зруйнаваныя саветамі могілкі. У друк яго прапусьціла намесьніца рэдактара, якая прайшла праз прыніжэньні савецкай улады па так званай пятай графе — габрэйская нацыянальнасьць.

У будынку музычнай школы раней разьмяшчалася НКУС. Зараз перад ім стаіць помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму

У будынку музычнай школы раней разьмяшчалася НКУС. Зараз перад ім стаіць помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму

«Але ніякіх наступстваў не было, — кажа Цімохін. — Як не было наступстваў за тое, што на ўроках гісторыі ў савецкай школе я распавядаў вучням прадмет не па падручніку, а ад сябе. Проста дырэктар школы меў двух дзядзькоў, што зьехалі пасьля вайны ў Англію, і ён не душыў нікога».

Карпенка быў такі самы прагматык, як і Барыс Кіт

«Свае» людзі тут былі паўсюль. Дырэктару керамічнага заводу ў Радашкавічах ня трэба было распавядаць пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, каб той даў цэглы для капліцы на былых могілках. Там быў пахаваны сын Льва Сапегі, і дырэктар сам прапанаваў даць цэглу бясплатна.

На некаторых будынках яшчэ засталіся шыльды са старым гербам Маладэчна

На некаторых будынках яшчэ засталіся шыльды са старым гербам Маладэчна

«У Маладэчне была вольная атмасфэра», — кажа Цімохін пра часы перабудовы.

У горадзе былі сьвядомыя гісторыкі, краязнаўцы, мастакі, якія сталі падмуркам адраджэньня. Не хапала толькі моцнага арганізатара. Ім стаў Генадзь Карпенка, якога ў 1987 годзе прыслалі зь Менску на пасаду дырэктара заводу парашковай мэталюргіі.

«Ён быў такі самы прагматык, як Барыс Кіт, — кажа Цімохін. — Кіт казаў, што заўжды трэба пачынаць з эканомікі, бо эканамічная незалежнасьць — гэта свабода народу. Так лічыў і прагматык Карпенка».

Помнік Леніну таксама хацелі прыбраць з Цэнтральнай плошчы, але ён абараняўся законам

Помнік Леніну таксама хацелі прыбраць з Цэнтральнай плошчы, але ён абараняўся законам

Рэфармаваньне ў горадзе Карпенка пачаў з заводу. На пасады начальнікаў цэхаў паставіў маладых кіраўнікоў. На пасьпяховым заводзе было ўведзена бясплатнае харчаваньне, для супрацоўнікаў будавалася жыльлё.

«Ён рабіў справу, за якую яго вельмі хутка ацанілі, — кажа Цімохін. — Таму Карпенку вельмі лёгка выбралі дэпутатам».

Тыповы маладэчанскі прыпынак

Тыповы маладэчанскі прыпынак

У часы крызісу кампартыі Маладэчна стала першым беларускім горадам, дзе старшынём Савету дэпутатаў выбралі некамуніста. Звычайна Савет узначальваў старшыня гаркаму. Але ў Маладэчне ў 1990–1991 гадах пры жывой КПСС дэпутаты на гэтую пасаду выбралі Карпенку.

Грошы на перайменаваньне заўжды можна знайсьці

Разам з эканамічнымі пераўтварэньнямі Карпенка адразу ж узяўся й за нацыянальныя. На час прыезду ў Маладэчна ён яшчэ не гаварыў па-беларуску. Каб навучыцца мове, дырэктар усё справаводзтва на заводзе перавёў на беларускую.

Тое самае затым сталася з гарвыканкамам, дзе для чыноўнікаў у працоўны час праводзілі курсы беларускай мовы. Супрацьстаяньня не было: на беларускую мову перайшлі нават дзяўчаты родам з Расеі.

Адразу ж пасьля развалу КПСС дайшла чарга да перайменаваньня вуліц. У тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме былі мясцовыя гісторыкі Цімохін, Каханоўскі. Таксама ў той час у Маладэчне жыў гісторык Мікола Ермаловіч, які быў фактычным кансультантам гэтай камісіі. Яны падрыхтавалі сьпіс вуліц, якія трэба было перайменаваць.

«Гэта былі цяжкія часы, і камуністы на гэтым гулялі, — узгадвае Валер Костка, які ў той час быў дэпутатам абласнога Савету, а потым — кіраўніком спраў гарвыканкаму Карпенкі. — Маўляў, тут хлеба няма, а вы хочаце вуліцы перайменаваць».

Валер Костка ў пачатку 1990-х быў дэпутатам абласнога савету ад Маладэчна

Валер Костка ў пачатку 1990-х быў дэпутатам абласнога савету ад Маладэчна

Але ў Маладэчне грошы зь бюджэту на перайменаваньне ня траціліся. Нягледзячы на крызіс пачатку 1990-х, Карпенка змог у некалькі разоў перавысіць гарадзкі бюджэт, адкуль і ішлі грошы на нешараговыя траты.

У той час, калі бяз працы ў Маладэчне магла застацца ледзь не палова сем’яў, па прапанове Карпенкі адмянілі мясцовыя падаткі на першы год працы для малых і сярэдніх прадпрымальнікаў. І ў Маладэчне пачалі зьяўляцца ня толькі ўласныя прадпрымальнікі — па рэгістрацыю сюды прыяжджалі буйныя фірмы нават зь Менску.

«Ёсьць такая прымаўка: „Калі гаспадар ня можа пракарміць сабаку, ён спускае яго з ланцуга“, — кажа Костка. — Так зрабіў і Карпенка».

Супраціву перайменаваньням у Маладэчне не было

Супраціву перайменаваньням у Маладэчне не было

За 1993 год даходная частка бюджэту Маладэчна была перавышаная ў тры разы. У горадзе пачалі будаваць стадыён, дом для вэтэранаў вайны, дом для настаўнікаў-мэдыкаў, рамантаваць дарогі. За гэтыя грошы тут правялі тэатральны фэстываль «Маладзечанская сакавіца» і фэстываль беларускай песьні й паэзіі.

«Праблема толькі ў жаданьні, — кажа Костка. — Калі жадаеш — знойдзеш грошы на перайменаваньне. Лухта, што на гэта ідуць грошы, прызначаныя для сацыяльна незабясьпечаных грамадзянаў».

Мы пакінулі Савецкі завулак, каб паказаць, што ён вядзе ў тупік

Да пачатку 1990-х Маладэчна было тыповым беларускім горадам з праспэктам Леніна, вуліцамі Камсамольскай, Савецкай ды Дзяржынскага. Цяпер цэнтральныя вуліцы называюцца Вялікі Гасьцінец, Віленская, Машэрава, Вольная. Усяго некалькі савецкіх назваў засталося ў прыватным сэктары: завулкі Савецкі й Першамайскі.

«Гэта была наша прапанова, — кажа Цімохін. — Мы паказваем, што Савецкі завулак вядзе ў тупік».

Гісторык кажа, што спрэчкі пры перайменаваньні былі толькі па некалькіх вуліцах. Самыя гарачыя дыскусіі — па праспэкце Леніна. Для рашэньня аб перайменаваньні патрабавалася дзьве траціны галасоў. І была небясьпека, што прасавецкія настроі перамогуць і праспэкт застанецца са старой назвай.

«Вось чарговае абмеркаваньне, я выступаю, і раптам Карпенка мяне затыкае, — узгадвае Цімохін. — Ён ніколі так груба да мяне не зьвяртаўся. А тут раптам перабівае й зьвяртаецца да дэпутатаў, перайшоўшы на расейскую мову. Ён прапаноўвае ім зьвярнуцца па параду ў Менск. Як там скажуць, там мы й зробім».

Дэпутаты, якіх толькі што змушалі прыбраць назву правадыра з галоўнага праспэкту горада, аднагалосна пагадзіліся на кампрамісную прапанову Карпенкі. У Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук даслалі запыт: ці варта пераймяноўваць Ленінскі праспэкт у Вялікі Гасьцінец.

Першыя шыльды рабілі на мясцовых заводах. Бюджэтныя грошы на перайманаваньне ня йшлі

Першыя шыльды рабілі на мясцовых заводах. Бюджэтныя грошы на перайманаваньне ня йшлі

Цімохін напісаў абгрунтаваньне, дзе патлумачыў, што раней па гэтай вуліцы праходзіў «міжнародны шлях» — вялікі гасьцінец. Вядома, што такую назву ў Інстытуце гісторыі прынялі. Цяпер Маладэчна — адзіны ў сьвеце горад з такой вуліцай.

«Сымбалі маюць вялікае значэньне, — кажа Костка. — Сымболіка працуе на падсьвядомым узроўні. Калі кожны дзень бачыш статую Леніна, у цябе ўсе гэтыя камуністычныя ідэі закладваюцца на падсьвядомым узроўні».

Помнік Леніну таксама хацелі прыбраць

Падчас масавага перайменаваньня вуліц маладэчанцы зьмянілі ня ўсе савецкія назвы. Акрамя згаданага Савецкага й завулку, тут пакінулі імёны дзеячаў БССР Машэрава й Прытыцкага. У цэнтры засталася вуліца Льва Талстога.

Пры Карпенку ў Маладэчне пачалі будаваць новы Дом культуры

Пры Карпенку ў Маладэчне пачалі будаваць новы Дом культуры

Але ня толькі назвы вуліц вырашылі зьмяніць у Маладэчне. Карпенка цікавіўся, як можна прыбраць помнік Леніну на Цэнтральнай плошчы. Але той аказаўся пад абаронай дзяржавы. Аўтарам помніка быў Заір Азгур, таму помнік ахоўваўся як мастацкая каштоўнасьць.

Пры гэтым нічога не замінала паставіць насупраць Леніна помнік беларусам, якія сталі ахвярамі розных рэжымаў. На гэтым месцы да савецкай улады стаяў крыж. У 1993 годзе тут зьявіўся валун з надпісам «Пакутнікам за волю й незалежнасьць Беларусі». Яго зь Беламорканалу прывёз Мікалай Івашкевіч, які на той час быў дырэктарам заводу жалезабэтонных вырабаў у Маладэчне. Да помніка зрабілі шыльду зь бел-чырвона-белым сьцягам і выкавалі крыж Эўфрасіньні Полацкай.

На ўсталяваньне помніка на Цэнтральную плошчу прыйшлі хрэсныя хады з праваслаўнай і пратэстанцкай цэркваў і з касьцёла. Карпенка ў той дзень быў на сэсіі ў Менску, але пасьпеў да сканчэньня мітынгу.

У той жа час былы будынак гаркаму партыі аддалі пад музычную школу. Гэта ўжо стала традыцыяй у Маладэчне: у часы Хрушчова будынак НКВД аддалі музычнай вучэльні, абкаму – палітэхнічнага каледжу.

«Параўнайце, што адбывалася ў Маладэчне і ў Менску, — кажа Цімохін. — У менскім будынку КПБ цяпер Адміністрацыя прэзыдэнта».

Гэты помнік адразу муляў вока ўсходнім суседзям

Генадзь Карпенка ўзначальваў горад да 1994 году. Калі на выбарах перамог Аляксандар Лукашэнка, Карпенка не пагадзіўся быць яго падначаленым і сканцэнтраваўся на дэпутацкай працы ў Вярхоўным Савеце.

На месцы помніка «Пакутнікам за волю й незалежнасьць Беларусі» ў 2011 годзе паставілі нэўтральную кампазыцую «Купальле»

На месцы помніка «Пакутнікам за волю й незалежнасьць Беларусі» ў 2011 годзе паставілі нэўтральную кампазыцую «Купальле»

Але што тут захочуць вярнуць камуністычныя назвы, ніхто нават ня думаў. Больш за тое, Костка кажа, што Маладэчна быў апошнім горадам у Беларусі, які жыў пад бел-чырвона-белым сьцягам.

«Пасьля рэфэрэндуму 1995 году пра зьмену сымболікі паўсюль паздымалі сьцягі, — узгадвае Костка. — Але ў Маладэчне бел-чырвона-белы сьцяг лунаў яшчэ восем дзён пасьля рэфэрэндуму».

Ён тады яшчэ працаваў кіраўніком спраў гарвыканкаму і меў ключы ад усіх дзьвярэй. Кожную раніцу старшыня загадваў зьняць сьцяг, а падвечар Костка ўздымаўся на дах ды вешаў новы бел-чырвона-белы.

Яго змаглі прыпыніць толькі пасьля таго, як ва ўсіх забралі ключы, памянялі замкі ў дзьвярах, што вялі на дах, і зрэзалі пажарную лесьвіцу, па якой Костка ўзьбіраўся на дах са сьцягам.

Сёньня помнік стаіць у гарадзкім парку

Сёньня помнік стаіць у гарадзкім парку

Потым, у 2011 годзе, калі ў Маладэчне праводзіліся рэспубліканскія «Дажынкі», помнік пакутнікам насупраць Леніна перанесьлі ў Парк Перамогі. Пад прыклёпам рэканструкцыі плошчы камень прыбралі з цэнтру. Мала таго, што яго запхнулі далей ад люднага месца, пры перавозцы ён яшчэ разваліўся на дзьве часткі.

«Гэты помнік адразу муляў вока ўсходнім суседзям, — кажа Цімохін. — Увесь час сюды несьлі кветкі».

Гісторыя Маладэчна — гэта прыклад таго, што ў спрыяльных умовах беларускія гарады могуць быць хутка дэсаветызаваныя, лічыць Костка.

«Нацыянальная падсьвядомасьць у нас ёсьць у генах, — кажа Костка. — Нашы гарады — яны ўсе беларускія. Недзе больш беларускага кансэрванту, недзе менш. Але ва ўсіх нас ёсьць нацыянальная падсьвядомасьць».

Заўвага! У папярэдняй вэрсіі артыкула завулак Савецкі быў названы Камуністычным. Выпраўлена 11.03. Дзякуй нашым чытачам за пільнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG