Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтуховіч пра Саўчанку: Мужыкоў няма, ёсьць мужная дзяўчынка Надзея


Мікола Аўтуховіч

Мікола Аўтуховіч

Былы палітвязень Мікола Аўтуховіч лічыць, што трымаючы сухую галадоўку, Надзея Саўчанка ня думае пра наступствы для здароўя.

Мікола Аўтуховіч некалькі разоў галадаў у турме, трымаў сухую галадоўку на працягу 8 дзён, пасьля чаго страціў прытомнасьць.

«Я вельмі добра разумею Надзею, бо я сам быў на яе месцы. Надзея — ваяр. І калі яна паставіла перад сабой мэту, яна будзе ісьці да яе. Калі яна вырашыла ісьці да канца, то нішто яе ня спыніць. Гэта яе выбар. Яна ведае, што робіць. Яна сёньня адна супрацьстаіць Пуціну, адна супраць усёй пуцінскай Расеі. Але інакш яна рабіць ня можа. Таму што калі не яна, то хто тады? Мужыкоў няма, але вось такая мужная дзяўчынка.

Я перажываю, што сухая галадоўка Надзеі можа кепска скончыцца. Яна можа згубіць прытомнасьць, і тады яе накачаюць вадой празь вену. Таксама падчас сухой галадоўкі хутка надыходзіць момант, калі пачынаюцца незваротныя працэсы, калі арганізм ня можа змагацца з таксынамі, якія павінны выводзіцца вадой. Я вельмі хвалююся, каб гэты працэс не пачаўся ў Надзеі. Але разумею, што яна пра гэта ня думае. Яна вырашыла — што будзе, тое будзе. Яна разумее, што гэта галадоўка — зброя, якой яна можа абараняць сябе. Да таго ж Надзея ведае, што яна абараняе ня толькі сябе, але ўсіх нас.

Што да 6-ага дня сухой галадоўкі, то гэта ўжо вельмі кепска, бо чалавек максымум 10 сутак можа пражыць без вады. А тым больш, што Саўчанка і перад гэтым трымала галадоўку. У мяне была сытуацыя, калі я галадаў больш за 30 дзён, а пасьля абвясьціў сухую галадоўку. На 8-мы ці 9-ты дзень сухой галадоўкі я згубіў прытомнасьць, і мне ўводзілі празь вену ваду цягам 8 дзён. Калі я ачуняў, то ногі ня ўлазілі ў тапкі, столькі вады ў арганізм запампавалі».

XS
SM
MD
LG