Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка: «Ці не адпяваць вы мяне прыйшлі? Яшчэ рана»


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую абвінавачваюць у забойстве расейскіх журналістаў пад Луганскам летам 2014 году, ужо шосты дзень трымае сухую галадоўку.

Супрацоўнікі Грамадзка-назіральнай камісіі, якія наведалі яе ўчора ў СІЗА, ахарактарызавалі стан Саўчанкі як здавальняючы.

Па словах намесьніка старшыні Грамадзка-назіральнай камісіі па Растоўскай вобласьці Юрыя Блахіна, Саўчанка выглядала бадзёра і нават жартавала:

«Надзея пачала размову з жартаў, калі ўбачыла сьвятара, спытала: „Ці не адпяваць вы мяне прыйшлі? Яшчэ рана“. Яна была вельмі гаваркая, з задавальненьнем пагутарыла са сьвятаром, з намі. Падарыла карцінку для маці сьвятара. Была бадзёрай і аптымістычнай».

Галоўны пасыл Надзеі быў у тым, што яна не зьбіраецца паміраць. Сьвятару яна сказала, што яна не самазабойца. Яна вельмі хоча жыць. Але яна паказвае, што ўсё ў руках суду, і хоча паскорыць вынясеньне прысуду.

Па словах Блахіна, ёсьць заключэньне мэдыкаў пра тое, што стан Саўчанкі здавальняючы, яна важыць 69 кг, ціск у норме.

«Пакуль, дзякуй Богу, сур’ёзных зьменаў, якія адбіліся б на стане здароўя, не адбылося. Галоўны пасыл Надзеі быў у тым, што яна не зьбіраецца паміраць. Сьвятару яна сказала, што яна не самазабойца. Яна вельмі хоча жыць. Але яна паказвае, што ўсё ў руках суду, і хоча паскорыць вынясеньне прысуду», — кажа намесьнік кіраўніка ГНК.

Блахін сьцьвярджае, што супрацоўнікі СІЗА з-за ўвагі сусьветнай супольнасьці спрабуюць выконваць нормы закону, але ў той жа час паводзяць сябе вельмі карэктна і далікатна.

«Але да Надзеі данесьлі думку, што паміраць ёй ніхто ня дасьць. Паводле закону, у выпадку абвяшчэньня галадоўкі зьняволены знаходзіцца пад штодзённым кантролем мэдыкаў, і пры неабходнасьці супрацоўнікі павінны зьвярнуцца да прымусовага кармленьня. Супрацоўнікі адсочваюць яе стан і заклапочаныя тым, каб усё было карэктна. Яны разумеюць, што кожнае іх дзеяньне будзе ацэньвацца ня толькі юрыстамі, але і журналістамі, публікай», — заключае ён.

Адвакат Марк Фэйгін падкрэсьлівае, што патрабаваньне галадоўкі Саўчанкі — гэта яе вызваленьне і адпраўка дадому.

Марк Фейгін

Марк Фейгін

«Яна сапраўды кажа пра тое, што яна не прадмет гандлю і ўсьведамляе, што, нягледзячы на тое, што яе невінаватасьць, на думку абароны, была цалкам даказаная ў судзе, апраўдальны прысуд у цяперашняй сыстэме немагчымы. Гэта значыць, што суд і сама сыстэма расьпішуцца ў сваёй паразе, чаго дазволіць сабе перш за ўсё Крэмль, які стаіць за гэтым судом, ня можа. Таму Саўчанка сапраўды мяркуе, што калі хутка прабегчы ўсе працэсуальныя працэдуры, то яна хутчэй будзе дома. На мой погляд, гэта ня так. Гэта не залежыць ад хуткасьці працэдуры, гэта залежыць ад паўсюднага глябальнага ціску на ўлады Расеі, каб яна вырашыла гэтую праблему, усё роўна якім шляхам: ці будзе гэта памілаваньне, ці ж адпраўка Саўчанкі адбываць пакараньне пасьля прысуду ў Кіеў.

На самай справе Надзея Саўчанка, нягледзячы на ўсе свае заявы, гатовая любым спосабам апынуцца дома. Гэта яе гарачае жаданьне. Пры ўсёй яе катэгарычнасьці і рэзкасьці, калі будзе прапанаваны варыянт, пры якім яна адправіцца дадому, шляхам ці абстрактнага абмену (таму што гэта будзе не прамы абмен: Аляксандрава і Ерафеева як меркаваных удзельнікаў гэтага абмену ня будуць мяняць на Саўчанку, проста адбудзецца люстраная працэдура — іх адправяць адбываць пакараньне ў Расею, а Саўчанку — ва Ўкраіну), ці неяк інакш — я думаю, Саўчанка пагодзіцца. Мы як бок абароны паспрабуем яе ў гэтым пераканаць, таму што інакш — гэта лёс Сянцова, які зьехаў ужо ў Якуцк адбываць 20-гадовы тэрмін», — кажа адвакат.

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG