Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуюць асаблівасьці жаночага полу на вайне, у палітыцы і ў літаратуры — на гэтую тэму ў Экспэртызе Свабоды разважаюць аглядальнікі беларускай і украінскай службаў нашага радыё Аляксей Знаткевіч, Аксана Пэленска і Юры Дракахруст.


Дракахруст: Надзея Саўчанка, украінская ваенная лётчыца, якую судзяць у Расеі па сфальсыфікаваным абвінавачваньні, стала своеасаблівым сымбалем, тварам Украіны, якая вядзе цяжкую барацьбу з агрэсарам.

Немку Ангелу Мэркель называюць «гаспадыняй Эўропы». І сапраўды яна — ключавая постаць эўрапейскага істэблішмэнту, самы ўплывовы чалавек Эўропы, таксама ў пэўным сэнсе аблічча, твар Эўразьвязу.

Цяпер ці, прынамсі, летась абліччам беларускай літаратуры стала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Адна зь яе кніг называецца «У вайны не жаночае аблічча», хаця яна — якраз пра ўдзел жанчын у вайне.

А можа, постаці трох названых жанчын ды і шмат якіх іншых сьведчаць пра тое, што ўва ўсяго — жаночае аблічча? Давайце пачнём з вайны. Такая рэакцыя Ўкраіны і сьвету на справу Саўчанкі — ці ня ёсьць гэта патрыярхальнасьць наадварот? У Расеі судзілі за ўдзел у супраціве і годных украінцаў-мужчын, можна прыгадаць тую ж справу Алега Сянцова. Але такога розгаласу, такога рэзанансу іх справы ня мелі. Ваяваць і цярпець ад вайны — справа мужчын. Ці тут справа ня ў гэтай лёгіцы, а ў маштабе асобы?

Аксана Пэленска

Аксана Пэленска

Пэленска: Мне здаецца, што тут трэба зьвязаць сытуацыю і Алега Сянцова, і Надзеі Саўчанкі з агульнай вельмі важнай канвой — ва Ўкраіне вайна. Расейска-украінская, ці, пэўна, дакладней будзе — украінска-расейская вайна. На гэтым фоне погляды ці рысы нейкай адной асобы, якая выдзяляецца з гэтага кантэксту, адразу набываюць сымбалічнае значэньне, яна робіцца нейкім сьцягам. А тут мы маем мужных асобаў. Напрыклад, Сянцоў — чалавек, які абсалютна невінаваты, мужчына. Як вы правільна сказалі, у вайны не жаночае аблічча, але поруч становіцца крохкая жанчына, хоць і лётчыца і ўкраінская вайскоўца, якая здолела сказаць вельмі цьвёрдае «не» хлусьні. І калі іх параўноўваць — бо гэта подзьвіг і аднаго чалавека, і другога — дык Надзея выйграе і тым, што яна прыгожая жанчына, якая здолела супрацьстаяць вельмі моцным мужчынам зь іншага боку барыкады. І ў гэтым сэнсе яе жыцьцё, яе подзьвіг, яе біяграфія адразу робяцца сымбалем і сьцягам для Ўкраіны.

Парадокс, што ў нашых мовах няма слова, якое б адпавядала мужнасьці для жанчыны. Мы для жанчын ужываем слова, якое нібыта зьвязана зь іншым полам

Дракахруст: Аляксей, а як Вы адкажаце на гэтае пытаньне? Мне здаецца, што гэтая тэма вельмі часта прысутнічае ў зваротах у падтрымку Саўчанкі. Я памятаю ліст Сьвятланы Алексіевіч да Пуціна, і там быў такі матыў: «Вы ж мужчына. Не змагайцеся з жанчынай».

Знаткевіч: Безумоўна, гэта прысутнічае. У справе Саўчанкі цэлы суплёт фактараў. Па-першае, гэта сапраўды маштаб асобы на фоне вайны. Па-другое, тое, што абвінавачаньні супраць яе сфальшаваныя, разумеюць нават некаторыя з тых у Расеі, хто прытрымліваецца «прапуцінскіх» пазыцый. А па-трэцяе, гэта на ўзроўні адвечнага сюжэту — моцны несправядлівы валадар, Пуцін, трымае ў палоне нявіннага чалавека, у гэтым выпадку жанчыну. Аксана ўжыла слова «мужнасьць», па-беларуску таксама будзе «мужнасьць», і тут мужнасьць праяўляе жанчына...

Дракахруст: Гэта сапраўды парадокс, што ў нашых мовах няма слова, якое б адпавядала мужнасьці для жанчыны. Мы для жанчын ужываем слова, якое нібыта зьвязана зь іншым полам

Аляксей Знаткевіч

Аляксей Знаткевіч

Знаткевіч: У гэтым выпадку добра пасуе «годнасьць», людзкая годнасьць. І не выпадкова, што, разумеючы слабасьць абвінавачаньняў, Саўчанку спрабуюць ачарніць іншымі спосабамі. Учора я прачытаў на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» разважаньні расейскага пісьменьніка і журналіста Сяргея Шаргунова, дзе ён спрабуе закінуць такую думку: маўляў, абвінавачаньні супраць Саўчанкі сапраўды хісткія, але яна не анёл, нібыта ёсьць сьведчаньні нейкага старога чалавека, які быў ў палоне, і яна яго нібыта катавала, а ён, такі шляхетны, ня хоча супраць яе сьведчыць. То бок, гаворацца рэчы, якія немагчыма праверыць, але якія пакідаюць брудны сьлед на падсьвядомым узроўні.

Гэта моцны вобраз Надзі ў клетцы — вольнага чалавека, якога судзяць — і людзей, якія яе ахоўваюць, ці хутчэй баяцца, і таму стаяць там у такой колькасьці

Пэленска: Калі ўявіць сабе карцінкі, якія пэўна часта паказваюць і па беларускім, і па ўкраінскім, і па расейскім тэлебачаньні: крохкая маладая жанчына, дзяўчына стаіць за кратамі, а навокал 10 ці 20 узброеных сытых мужчын. Вось вам кантраст, які дапамагае зразумець як на гэтым фоне можна ўзьвялічыць ідэю і моц жанчыны, якая стаіць за праўду перад імі, але найперш перад велічэзнай дзяржавай, якая хоча яе зламаць. Гэта моцны вобраз Надзі ў клетцы — вольнага чалавека, якога судзяць — і людзей, якія яе ахоўваюць, ці хутчэй баяцца, і таму стаяць там у такой колькасьці. Яны паднявольныя, а яна ў гэтай клетцы — на волі. І гэта, вядома ж, вельмі важна.

Дракахруст: А зараз — наконт Мэркель. На ваш погляд, ці існуе жаночая палітыка, асаблівыя жаночыя паводзіны ў палітыцы? Шчодрая і шчырая пазыцыя нямецкай канцлеркі адносна ўцекачоў, якую яна адстойвае, нягледзячы на крытыку — ці не таму гэта, што яна жанчына, якім у большай ступені ўласьцівыя спагада і міласэрнасьць?

У цяперашняй палітыцы Мэркель больш не «жаночага», а «нямецкага»

Знаткевіч: Я б не пагадзіўся, што ёсьць нейкая спэцыяльная «жаночая» палітыка. Тую ж Маргарэт Тэтчэр у свой час абвінавачвалі якраз у адсутнасьці сэрца, у адсутнасьці сантымэнтаў да палітычных праціўнікаў. Адзінае, што жанчынам, для таго, каб падняцца наверх у палітычнай герархіі, трэба пераадолець больш перашкодаў. Мне здаецца, што ў цяперашняй палітыцы Мэркель больш не «жаночага», а «нямецкага». Магчыма, што некаторыя рашэньні, якія яна прымала як кіраўніца найбольш уплывовай эўрапейскай дзяржавы, прадыктаваныя ў тым ліку і нямецкім комплексам віны за мінулае, які дагэтуль захоўваецца.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Аксана, ці згодныя Вы з Аляксеем? Можа, ён мае рацыю якраз у тым, што для таго, каб жанчыне прабіцца ў такім жорсткім асяродзьдзі як палітычнае, ёй трэба часьцей «паказваць зубы» і быць больш жорсткай за мужчын?

Пэленска: Мне здаецца, што Аляксей сказаў важную рэч — я б таксама не дзяліла палітыку на жаночую ці мужчынскую. Ёсьць палітыка чэсная, прынцыповая, маральная і, адпаведна, нячэсная, амаральная і гэтак далей. Я сабе стаўлю пытаньне інакш: Калі Мэркель стала, можна сказаць, першым палітыкам Эўропы, дык наколькі рэальна, каб такое адбылося ў Беларусі, ва Ўкраіне? Бо жанчына адолела прыступкі нагару на палітычны Алімп у такой краіне як Нямеччына, дзе больш ясная і сьпелая дэмакратычная сыстэма. Дужа сумняваюся, што такое было б магчыма ва Ўкраіне. Мы маем, ці, дакладней, мелі такую жанчыну як Юлія Цімашэнка. Так, яна дабралася, але мэтады і агульная палітычная канва, якія былі ва Ўкраіне, не дазволілі ёй падняцца вышэй, і гэта прывяло да вялікага краху ня толькі Юліі Цімашэнкі як палітыка, але і ўкраінскай палітыкі ў часе яе кіраваньня. Тут вельмі важна, у якой сыстэме нараджаецца жанчына-палітык.

Дракахруст: І нарэшце пытаньне пра Сьвятлану Алексіевіч. Тэрмін «жаночая літаратура» замацаваўся за сьлязьлівымі раманамі пра каханьне. Але калі выйсьці за межы гэтага звыклага тэрміну — ці ёсьць асаблівасьць жаночай літаратурнай творчасьці? Вось прачытаўшы старонку невядомага аўтара, вы вызначыце, мужчына пісаў ці жанчына?

Пэленска: Я б на сябе такую ролю, напэўна, не ўзяла — не вызначала б літаратуру невядомага аўтара паводле полу, мужчына гэта пісаў ці жанчына. Таленавіта гэта напісана ці не — гэта перадусім.

Дракахруст: А калі казаць пра вядомых аўтараў — Вы адрозьніваеце творчасьць мужчын і жанчын? Нейкі асаблівы «жаночы погляд» у літаратуры ёсьць ці няма?

Калі казаць пра Алексіевіч, як пра галоўную постаць у літаратуры Беларусі сёньня, у мяне на гэта ёсьць адна паралель — гэта Леся Ўкраінка

Пэленска: Магчыма, так. Магчыма, што жанчыны ў літаратуры больш дакладныя. Яны больш структурна даводзяць сваю ідэю, калі яны ствараюць сюжэт, яны дакладнейшыя за мужчын. Калі казаць пра Алексіевіч, як пра галоўную постаць у літаратуры Беларусі сёньня, у мяне на гэта ёсьць адна паралель — гэта Леся Ўкраінка. У свой час яе называлі мужчынам украінскай літаратуры. Мужная, надзвычай моцная, вельмі таленавітая — чалавек, жанчына, пісьменьніца, паэтэса, якая апярэдзіла свой час. У мяне ўзьнікае такая паралель, у тым ліку і таму, як дакладна і структурна даводзіцца галоўная ідэя твору і ў Лесі Ўкраінкі, і ў Сьвятланы Алексіевіч.

Жанчыны былі менш навучаныя грамадзтвам пісаць аўтабіяграфічна. Сярод жанчын усё ж будзе больш тых, хто піша пра іншых.

Знаткевіч: Безумоўна, мы ўспрымаем літаратуру ня толькі дзякуючы сваім індывідуальным асаблівасьцям, але і дзякуючы таму, чаму нас вучаць ад дзяцінства. Калісьці Павал Касьцюкевіч перад выданьнем сваёй першай кніжкі «Душпастарскія спатканьні для дачнікаў» падзяліў апавяданьні на «мужчынскія» і «жаночыя». Ён нібыта даваў чытаць сваім знаёмым жанчынам і мужчынам, і адсартаваў іх паводле таго, каму што больш падабалася. Я прачытаў некалі гэтую кнігу і зразумеў, што мне сапраўды «апавяданьні для мужчынаў» падабаюцца больш, то бок патрапіў у сярэднестатыстычную катэгорыю. І большасьць маіх любімых аўтараў — гэта таксама мужчыны, хоць ёсьць Тоні Морысан, Дорыс Лесінг, Аксана Забужка ці Ева Вежнавец, і ў дзяцінства першай кніжкай, якая мне надзвычай запомнілася, была «Піпі Доўгаяпанчоха» Астрыд Ліндгрэн. Тады для мяне было няважна, што галоўная гераіня — дзяўчынка, яна была «ролевая мадэль» для мяне ў 5-6 гадоў.

Яшчэ мне здаецца, што да нядаўняга часу жанчыны былі менш навучаныя грамадзтвам пісаць аўтабіяграфічна, літаральна «пра сябе». Сярод жанчын усё ж будзе больш тых, хто піша пра іншых. Жанчыны навучаныя глядзець на іншых, адчуваць пачуцьці іншых і апісваць іншых, а ня толькі сябе.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG