Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечырвоныя людзі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Замест ліста героям Сьвятланы Алексіевіч.

Чырвоны чалавек быў добры і харошы, калектывіст, атэіст, змагаўся за мір на ўсёй Зямлі. І заўзяты ананімшчык.

Дзякуючы яму Беларусь засталася ў сваім балоце, растраціла ўсе свае бонусы. Затое ў нас не было дзікай прыватызацыі і не было Карабаху, кажуць нам. Пытаньне да любіцеляў чырвонага чалавека: а чаму ў беларусаў павінен быў быць Каўказ? Бо Карабах — гэта на Каўказе. Чаму нармальная прыватызацыя павінна быць дзікай? А якая была, скажыце мне, прыватызацыя ў беларусаў? Што яны атрымалі ад яе? Дзірку ад абаранка. Значыць — гэта правільна і справядліва? У гэтым «заслуга» начальства?

Міжволі ўзгадалася: некалі малады калега ў абласной рэдакцыі зьнянацку пачаў выклікаць на задушэўныя гутаркі. Мы зь ім ня мелі агульных інтарэсаў і раптам такое жаданьне паразмаўляць. Тэма? У Азэрбайджане здарыліся напады на армян. І чалавеку закарцела, каб я выказаўся наконт такой жа магчымасьці ў Беларусі, каб пашчыраваў. Я мусіў рабіць «морду яшчыкам» і лагодна паўтараў, што беларус памяркоўны, рахманы, што цяльпук і гэтак далей. Ня ведаю, да каго ён яшчэ чапляўся. Але «дамашняе заданьне» мабыць выканаў: паехаў у Маскву вучыцца на чэкіста. Чалавеку надакучыла пісаць замалёўкі, захацелася пагонаў. Так што ўсе гэтыя ўзгадкі пра Карабах падазронае мелі паходжаньне.

Але ў нас ім надалі неўзабаве адпаведную афарбоўку, «мясцовы калярыт».

Мы (я пра сваё кола) нарадзіліся ў СССР, але не хацелі лічыцца, быць савецкімі. Мы ў душы сябе адчувалі хутчэй антысавецкімі людзьмі. Нечырвонымі. Паколькі станавіліся бел-чырвона-белымі… Нялюдзкая гісторыя СССР для нас не была глінянымі таблічкамі на вавілонскай мове. Мы не любілі краіну СССР, яна была для нас чужой. Нам хацелася сваёй, асобнай. Не бязьмежнай і бяздарнай, уся энэргія якой сыходзіла ў паравозны сьвісток. І на бомбы, само сабой.

У мяне ў руках тоўсты том з сур’ёзнай назвай «Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня». На шчасьце, у Беларусі знайшліся нечырвоныя людзі, якія пайшлі ў парлямэнт БССР змагацца за незалежнасьць. Гісторык Аляксандар Кур’яновіч надрукаваў 800 старонак дакумэнтаў аб гэтым.

Любую старонку разгарнуць, і будзе цікава. Алег Трусаў, рускі, член КПСС. Хоча ўдзельнічаць у выбарах, вылучаны раённай радай ТБМ. Адмова ў рэгістрацыі: Савецкая раённая рада ТБМ не зарэгістраваная ў Савецкім райвыканкаме, подпісы — Вербіла, Ракавец. Коратка і ясна.

Але вядома: Трусаў стаў дэпутатам. І сярод яго апазыцыйных калегаў былі ня толькі філёлягі, гуманітарыі. Уладзімер Заблоцкі: начальнік аддзелу НДІ электронна-вылічальных машын. Мікалай Крыжаноўскі: начальнік канструктарскага бюро на аўтазаводзе. Леанід Дзейка: інжынэр-электронік Клецкага мэханічнага заводу.

Былі нечырвоныя людзі паўсюль. Іх было мала, недастаткова. Але кожны быў варты некалькіх чалавек. І яны ўплывалі на іншых дэпутатаў. Напрыклад, у парадак дня сэсіі ня трапіла пытаньне ад Гарбачова аб рэфэрэндуме з мэтай захаваць СССР. Не ўключылі! І раптам у газэтах пастанова прэзыдыюму ВС аб правядзеньні гэтага рэфэрэндуму! Дземянцей сам вырашыў. Чым быў парушаны закон. Газэты яшчэ напісалі, што пастанова была прынятая 21 студзеня 1991 году, хаця сярод членаў прэзыдыюму зьбіралі подпісы нават 23-24 студзеня. Чырвоныя людзі прагнулі захаваць свой СССР, нечырвоныя іх выкрывалі.

Гісторык піша, што ў сьнежні 1993 году антыкарупцыйны даклад дэпутата Лукашэнкі стаў «палітычным хітом». Быў прамы радёэфір, яго пачула ўся краіна. Свой даклад супраць карупцыі прачытаў затым прадстаўнік БНФ Сяргей Антончык. Але ён атрымаўся менш эфэктыўным, не было прамой трансьляцыі і «Антончык не валодаў спэцыфічным дарам Лукашэнкі, які выявіўся здольным аратарам», піша Кур’яновіч.

Два дні затым паміж Лукашэнкам і прадстаўнікамі БНФ «доўжыліся вэрбальныя паядынкі», зазначае гісторык. Дэпутат М. назваў яго «Адольфам Вольфавічам», «той не забавіўся з адказам» і назваў апанэнта «Адольфам Іосіфавічам», піша Кур’яновіч.

«Народная Газета» надрукавала тады тэкст Зянона Пазьняка «Письма товарищей», прысьвечаны ананімкам, якія нават у незалежнай Беларусі былі вельмі запатрабаваным «жанрам». Вось што пісалі нібы працоўныя з Вілейскага раёну, цытую: «Мы бачым, што Пазьняк — гэта новы гаўляйтэр Беларусі. Ад аднаго крывавага злачынцы наш народ пазбавіўся ў гады вайны. І вось цераз столькі часу зьявіўся новы кат беларускага народу — Зянон Пазьняк», у якога «крыважэрнае нутро».

У наступным лісьце нібы жыхары Краснапольскага раёну называюць БНФ «фашистской нацистской организацией». У ананімках «з розных раёнаў» паўторы і звычайна адно прозьвішча Іваноў, падсумаваў Пазьняк.

Калісьці нават малады дэпутат Лукашэнка ананімкі не любіў. Летам 1990-га ён сказаў: «В последнее время среди избирателей все чаще и чаще распространяется нехорошая информация и грязь. Мне уже дважды сообщили, что говорят обо мне. Плохо говорят о Гончаре и Позняке».

Дэпутат ад апазыцыі Трусаў прапанаваў запісаць у асноўным законе, што ананімкі разглядацца больш ня будуць. За гэта прагаласавалі 105 дэпутатаў. Патрэбны быў кворум: 231. Быў канец 1993 году. Чырвоны чалавек перамог.

З павагай,

Сяргей Астраўцоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG