Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Турэччыны просіць павялічыць дапамогу ЭЗ для ўцекачоў удвая


Ахмэт Давутаглу

Ахмэт Давутаглу

Старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц пасьля сустрэчы кіраўнікоў краінаў ЭЗ з прэм’ерам Турэччыны заявіў, што Ахмет Давутаглу папрасіў дадатковыя 3 мільярды эўра для дапамогі ўцекачам.

Як перадае «Інтэрфакс», Шульц патлумачыў, што Анкара разьлічвае на дадатковыя тры мільярды эўра да 2018 году, і Эўрапарлямэнт гатовы паскорыць неабходныя працэдуры, але выдаткаваньне сродкаў залежыць ад краінаў — сябраў ЭЗ, якія павінны выдаткаваць гэтыя грошы.

Акрамя фінансавай дапамогі, кіраўнік турэцкага ўраду папрасіў паскорыць лібэралізацыю візавага рэжыму, ажыцьцявіўшы яе ня ўвосень, як меркаваў Брусэль, а ў чэрвені. Давутаглу таксама просіць пачаць пяць новых накірункаў на перамовах па далучэньні Турэччыны да Эўрапейскага Зьвязу.

Лідэры краін ЭЗ у Брусэлі не змаглі дамовіцца аб прапановах Турцыі, накіраваных на пераадоленьне міграцыйнага крызісу ў Эўропе. Пра гэта ўвечары 7 сакавіка, паведаміў афіцыйны прадстаўнік ЭЗ. Паводле яго, «шэраг краін пазытыўна паставіліся да прапановаў прэм’ер-міністра Турцыі, аднак ня могуць прыняць рашэньне, паколькі занадта мала часу для яго падрыхтоўкі».

Таму кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЭЗ працягнуць абмеркаваньне ў бліжэйшыя дні, дадаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG