Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакладчык Якуб Лапатка атрымаў фінскую прэмію «Эпас» і мэдаль за пераклад «Калевалы»


Якуб Лапатка

Якуб Лапатка

Прэмія прысуджаецца раз на год за асаблівыя заслугі перакладчыкам, мастакам і дасьледчыкам, якія працавалі з эпасам «Калевала».

Праўленьне фонду «Калевалы» ўзнагародзіла прэміяй «Эпас» беларускага перакладчыка Якуба Лапатку. Прэмія
прысуджаецца раз на год за асаблівыя заслугі перакладчыкам, мастакам і дасьледчыкам, якія працавалі з эпасам «Калевала».

Якуб Лапатка сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Прэмія невялікая, але справа тут ня ў той невялічкай суме грошай, а ў тым, што гэта пачэсна. Гэта прызнаньне тваіх заслуг і высокая ацэнка тваёй працы. Дык вось фіны прызналі маю працу, хоць я і ня фін».

Фонд «Калевалы» бярэ пачатак у 1911 годзе. Заснавальнікамі таварыства і фонду былі мастакі Аксель Гален-Калела, Алпо Сайло, дасьледчык народнай паэзіі Вяйнё Салмінэн, прафэсары Эміль Нестар Сецяля і Маті Аюряпяя.

«Канчаткова статут фонду і таварыства быў зацьверджаны ў 1919 годзе. У самы год усеагульнага развалу і ваеннага бязладзьдзя. Але і тады людзі думалі пра будучыню і духоўнасьць, а ня толькі пра тое, каб хутчэй захамячыць у зашчочныя мяшэчкі паболей грошай ды іншых дабротаў», — адзначыў ляўрэат.

Таксама літаратурнае таварыства Фінляндыі ўзнагародзіла Якуба Лапатаку ганаровым мэдалём за пераклад «Калевалы».

Літаратурнае таварыства Фінляндыі (SKS) заснаванае ў 1831 годзе выкладчыкамі і прафэсарамі Гэльсінгфорскага імпэратарскага Аляксандраўскага ўнівэрсытэту.

«Мэтай было выцягнуць зь ямы непавагі і пагарды „мужыцкую“ фінскую мову. Пры таварыстве працуюць бібліятэка, дзе зьбіраюць па магчымасьці ўсе пераклады фінскай літаратуры на іншыя мовы, працуе фонд, які выдае гранты на працу мастакам, пісьменьнікам і паэтам. Пры таварыстве працуюць архівы: народнай паэзіі, народнай творчасьці, літаратурны архіў ды выдавецтва. Намаганьнямі Таварыства сабраны немалы аб’ём народных рунаў, песень, малітваў ды інш. — усяго 34 велізарныя тамы. Інфармацыйны аддзел (FILI) займаецца непасрэдна зборам інфармацыі аб замежных выданьнях фінскіх аўтараў і выдзяляе гранты перакладчыкам. Усё гэта кажа аб тым, што фіны ставяцца да сваёй мовы з трапяткой павагай. І нам, беларусам, трэба было б узяць прыклад з гэтага нешматлікага народу», — сказаў Якуб Лапатка.

Паводле Лапаткі, мэдаль дыямэтрам каля 10 см і вагой паўтара кіляграма ўручылі на сходзе таварыства «Калевала». Спадар Лапатка выступіў з прамовай па-фінску, якую сустрэлі, устаўшы, бурнай авацыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG