Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 сакавіка: пяты дзень сухой галадоўкі Надзеі Саўчанкі


Надзея Саўчанка за кратамі пяты дзень працягвае сухую галадоўку пратэсту. Украінская лётчыца, якую ў Расеі абвінавачваюць у забойстве расейскіх журналістаў пад Луганскам у 2014 годзе, галадае ад 3 сакавіка, калі судзьдзя ня даў ёй магчымасьці выступіць на працэсе з апошнім словам. Спыняць галадоўку яна ня мае намеру да таго часу, пакуль «яе ня вернуць ва Ўкраіну». Судовы працэс адновіцца 9 сакавіка.

Пачынаецца візыт у Беларусь Стаўраса Ламбрынідзіса, спэцыяльнага прадстаўніка Эўразьвязу ў правах чалавека. Заплянаваныя яго сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцамі.

У «Мінск-Арэне» забег для жанчын на 5км 300м Beauty Run. У забегу прыгажосьці маюць намер удзельнічаць каля тысячы жанчын. (пр. Пераможцаў, 111, пачатак а12-й).

Гурт Naka прэзэнтуе свой новы беларускі альбом «Мая малітва», а таксама свой новы склад. (Клюб RE:PUBLIC, пачатак а 19-й).


Стваральнікі беларускай кінакамэдыі «ГараШ» абвяшчаюць сьвяточныя акцыі для жыхароў сталічнага мікрараёну Шабаны, дзе разгортваліся асноўныя падзеі фільму. Сёньня творчая група раздасьць 30 запрашальных білетаў дзяўчатам і парам, якія жывуць у мікрараёне Шабаны на сэанс у кінатэатры «Перамога» (пачатак а 20-й).

Толькі адзін дзень будзе паказвацца выстава «Жаночая ідэнтычнасьць» —праект рэканструкцыі традыцыйных беларускіх жаночых убораў. (Музэй народнай архітэктуры і быту, Менскі раён, в. Азярцо, пачатак а 10-й).

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1010 — пэрсыдзкі паэт Фірдаўсі закончыў сваю эпічную паэму «Шахнамэ».

1892 — нарадзіўся Алесь Чарвякоў, кіраўнік БССР.

1910 — Рашэньнем Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў Капэнгагене дзень 8 сакавіка абвешчаны Міжнародным Жаночым Днём.

1917 — нарадзіўся бларускі скульптар Сяргей Селіханаў.

1928 — памёр Пётра Крэчэўскі, беларускі палітычны дзеяч, гісторык, Прэзыдэнт Рады БНР.

1954 — нарадзіўся Андрэй Саньнікаў, беларускі палітык, кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010-га году.

1962 — нарадзіўся Славамір Адамовіч, беларускі паэт.

1983 — прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган даў Савецкаму Саюзу мянушку «імпэрыя зла».

2004 — памёр Міхась Наўмовіч, дзеяч беларускае эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртаваньня ў Францыі «Хаўрус» і сябра Рады БНР.

2006 — Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага Жаночага дня асаблівую ўвагу зьвярнуў на лёс жанчын, каму выпала жыць у несвабодных краінах і згадаў пра сустрэчу ў Вашынгтоне з дзьвюма беларускімі жанчынамі, жонкамі зьніклых — Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.

Цытата

«Днямі я прывітаў дзьвюх жанчын зь Беларусі, якія занепакоеныя рэпрэсіўным характарам беларускага рэжыму. Мы падтрымліваем жанчын у Беларусі, якія абараняюць чалавечыя правы напярэдадні выбараў».

З сакавіцкага пасланьня Джорджа Буша 10 гадоў таму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG