Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьверты дзень сухой галадоўкі. Саўчанку наведаў сьвятар


Супрацоўнікі ўкраінскай консульскай службы наведалі Надзею Саўчанку, якая знаходзіцца ў СІЗА нумар 3 Навачаркаску і ўжо чацьвёрты дзень трымае сухую галадоўку.

Паводле генконсула Віталя Маскаленкі, самаадчуваньне Саўчанкі здавальняючае, аднак прыкметы галадоўкі ўжо выяўляюцца. «Мы спрабавалі яе адгаварыць, даказаць, аргумэнтаваць, што яна ўжо перамагла і павінна захаваць жыцьцё, але яна катэгарычна адмаўляецца і кажа, што будзе трымаць галадоўку да апошняга».

Таксама Надзею Саўчанку наведалі кіраўнік Грамадзкай назіральнай камісіі Леанід Петрашыс і сьвятар, які прасіў яе не галадаць. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў адвакат Марк Фейгін.

У горадзе Барыспаль ў Кіеўскай вобласьці адбыўся флэшмоб у падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, паведамляе агенцтва УНП.

«Барыспаль салідарны з Надзеяй Саўчанка, радуе, што прыйшла моладзь, палохае абыякавасьць людзей, бо 95 адсоткаў праігнаравалі прапанову падтрымаць Надзю і вылучыць 30 сэкундаў свайго каштоўнага часу дзеля падтрымкі, а сутаргава адварочвалі твары і ішлі па сваіх справах!!!», — напісаў у сваім Фэйсбуку грамадзкі актывіст Віталь Гаркун.

Другі дзень запар працягваецца акцыя ў падтрымку Саўчанкі ў Жытоміры, іншых гарадах Украіны.

Акцыя ў Жытоміры, 7 сакавіка 2016

Акцыя ў Жытоміры, 7 сакавіка 2016




Акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі прайшла ля расейскай амбасады ў Менску.

​У інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад «Адкрытым лістом да эўрапейскіх лідэраў», у якім утрымліваецца заклік «зрабіць рашучыя крокі дзеля яе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня». Пад зваротам падпісаліся ўжо больш за 7 тысяч чалавек, у тым ліку вядомыя дзеячы культуры, навукоўцы, журналісты, музыкі і пісьменьнікі.

У распараджэньні Радыё Свабода ёсьць пасланьне ад Саўчанкі, якое яна напісала ў СІЗА. Саўчанка выказала пажаданьне, каб тыя, хто можа спрыяць яе вызваленьню, прыклалі ўсе намаганьні.

Саўчанка спадзяецца выступіць 9 сакавіка ў судзе і прамовіць апошняе слова, калі зможа гаварыць.

XS
SM
MD
LG