Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэджаньні газэтам: газ і тормаз «лібэралізацыі»


Ці зьяўляюцца папярэджаньні «Нашай ніве» і «Ежедневнику», прыкметай таго, што ўлады імкнуцца спалучаць «лібэралізацыю» з карнымі крокамі? Адна рука ўлады ня ведае, што робіць іншая? Ці гэта сьвядомае тармажэньне «лібэралізацыі», напамін грамадзтву, што ўлада захоўвае кантроль і кіраваньне?

Трайны ўдар для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста


Цыганкоў: Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні ўладальнікам інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў — ej.by і nn.by. У дачыненьні да «Ежедневника» папярэджаньне вынесенае за публікацыю «Беларускае войска комплексна правяраюць на боегатоўнасьць». Публікацыя суправаджалася фатаграфіяй нямецкай тэхнікі часоў Другой усясьветнай вайны. «Такая кампіляцыя тэксту і фатаграфіі дыскрэдытуе Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь», — заявіў мінінфарм. «Нашай Ніве» вынесьлі папярэджаньне за матэрыял пад загалоўкам «У Беларусі — чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небясьпекі: штогод вымірае райцэнтар», дзе гаворыцца пра катастрафічную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў


Беларуская асацыяцыя журналістаў неаднаразова падкрэсьлівала, што папярэджаньне — гэта не прафіляктычная мера, а санкцыя, якая ўжываецца ў дачыненьні да СМІ. Так пракамэнтаваў старшыня БАЖу Андрэй Бастунец вынясеньне міністэрствам інфармацыі пісьмовых папярэджаньняў «Нашай Ніве» і «Ежедневнику»

Нагадаем, два папярэджаньні на працягу году могуць стаць падставай для судовага пазову і закрыцьця друкаванага СМІ. А інтэрнэт-рэсурс можа быць заблякаваны і без усялякага папярэджаньня. «У пэўным сэнсе мы маем справу з прэцэдэнтам, калі замест абмежаваньня доступу прымаюцца іншыя меры», — адзначыў Андрэй Бастунец.

Улада паказвае, што і надалей будзе захоўваць адміністратыўны ціск на недзяржаўныя СМІ.


Відавочна, гэтым крокам улады хочуць паказаць, што некаторым групам, у дадзеным выпадку журналістам, ня варта «расслабляцца», не варта надта разьлічваць на празьмерную «лібэралізацыю». Памятаю, што яшчэ некалькі тыдняў таму Генадзь Давыдька ў перадачы «Клюб рэдактараў» літаральна патрабаваў ад міністра інфармацыі Ліліі Ананіч выносіць больш папярэджаньняў і нават зачыняць газэты за нападкі на ўладу. І хаця пасьля гэтага ў наступнай перадачы Давыдзька ўжо праяўляў сябе найвялікшым лібэралам — магчыма, інэрцыя ранейшых падыходаў спрацавала, і рашэньні па папярэджаньнях былі падрыхтаваныя загадзя.

Акрамя таго, якая б ні была «лібэралізацыя», але ў традыцыях беларускай улады меркаваньне, што лішні раз праявіць ідэалягічную пільнасьць ніколі не пашкодзіць. За гэта ніхто не пакарае, прынамсі. Так што пацяпленьне пацяпленьнем, але разам з тым — улада робіць такія крокі, каб у грамадзтва не зьявілася празьмерных і наіўных чаканьняў. Улада паказвае, што і надалей будзе захоўваць адміністратыўны ціск на недзяржаўныя СМІ.

Карбалевіч: Матывацыя папярэджаньняў названым выданьням абсалютна штучная. Падаецца, міністэрства інфармацыі нават не дало сабе клопату прыдумаць нешта больш рэальнае. Кожны дзень у незалежных СМІ зьяўляецца шквал крытыкі ўладаў, асабліва сацыяльна-эканамічнай палітыкі. І нічога. А тут прыдраліся за крытыку ў «Нашай ніве» дэмаграфічнай палітыкі ўладаў. Сьмех, дый годзе.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч


Трэба адзначыць, што ўвогуле палітыка міністэрства інфармацыі супярэчыць, ідзе ў супрацьход зь дзеяньнямі іншых ведамстваў. Вось, напрыклад, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч афіцыйна абвясьціў, што МУС будзе цяпер прытрымлівацца новай, больш лібэральнай тактыкі да ўдзельнікаў вулічных пратэстаў.

Чым гэта патлумачыць? Першы варыянт тлумачэньня — магчыма, з палітычнага верху не далі ясных указаньняў міністэрству інфармацыі, як трэба дзейнічаць у новых умовах. І яно працуе па ранейшай традыцыі, што лепш перагнуць кій, чым недагнуць.

У дзеяньнях СМІ, у інтэрнэт-прасторы, у сацыяльных сетках улады бачаць большую пагрозу, чым нават у вулічных акцыях апазыцыі.


Другі варыянт, падаецца, больш блізкі да рэальнасьці. У дзеяньнях СМІ, калі шырэй, у інтэрнэт-прасторы, у сацыяльных сетках улады цяпер бачаць большую пагрозу, чым нават у вулічных акцыях апазыцыі. Бо, напрыклад, працягваецца перасьлед фрылянсэраў. Таму Ананіч і шчыруе. То выступае з пагрозамі на адрас незалежных мэдыяў, то, вось — выносіць папярэджаньне.

Дракахруст: Мне спадабалася вашае, Віталь, тлумачэньне — каб памяталі, у якой краіне жывуць. Прыгадаем досьвед перабудовы. Знакаміты разгон дэманстрацыі на Дзяды ў 1988 годзе адбыўся, калі ўжо здавалася, што сыстэма абрынаецца, калі ў Маскве паказвалі праграму «Взгляд», у балтыйскіх рэспубліках віравалі велічэзныя мітынгі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Там так — а тут гэтак. Можа быць, гэта сапраўды інэрцыя ці змаганьне розных сілаў, розных плыняў. Тыя ж «Дзяды» у 1988 годзе не Гарбачоў загадаў разганяць, вырашылі на мясцовым узроўні. Але ня выключана што гэта — рэакцыя сыстэмы, яна супраціўляецца спробам яе зьмяніць, лібэралізаваць. Цалкам магчыма, што тая ж Ананіч адной рукой робіць адно, а другой адваротнае, і робіць абсалютна сьвядома, каб прытармазіць працэс.

Я думаю, што ў галовах усіх беларускіх чыноўнікаў, а ў Лукашэнкі ў першую чаргу, сядзіць сындром Гарбачова (і ён пра гэта, дарэчы, некалькі разоў казаў): адпусьціш лейцы, захочаш зрабіць лепш, даць палёгку, свабоду — і атрымаеш лявіну, зь якой не справісься. ​

Я думаю, што ў галовах усіх беларускіх чыноўнікаў, а ў Лукашэнкі ў першую чаргу, сядзіць сындром Гарбачова.


Мы памятаем, што Лукашэнка пасьля выбараў 2010 году гаварыў пра папярэднюю лібэралізацыю. Нам яна тады падавалася непасьлядоўнай, павярхоўнай, але з таго боку гэта, верагодна, успрымалася як патрасеньне ўстояў. І таму зараз робіцца крок наперад — крок назад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG