Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт НАТО: Расея хоча скінуць Мэркель, падаграваючы пратэсты супраць мігрантаў


Яніс Сартс, дырэктар Цэнтру стратэгічных камунікацый НАТО, які базуецца ў Рызе, лічыць, што Расея падагравае незадаволенасьць немцаў міграцыйнай праблемай з мэтай скінуць Ангелу Мэркель з пасады канцлера краіны.

«[Расея] стварае падкантрольную сабе сетку. Яе можна выкарыстоўваць так, як яны спрабавалі зрабіць гэта ў Нямеччыне з праблемай уцекачоў, каб падарваць палітычныя працэсы вельмі сур’ёзным чынам. Ангела Мэркель — вельмі непахісны прыхільнік працягу санкцый супраць Расеі. Калі б гэта было толькі помстай, то ўсё о’кэй — але гэта было тэставаньне, ці могуць яны, абапіраючыся на існуючыя праблемы, даць імпульс да палітычных зьменаў у Нямеччыне», — цытуе Сартса брытанскае выданьне Observer.

«Яны выкарыстоўваюць расейскамоўных, сацыяльныя мэдыі, спрабуюць абапірацца на існуючыя лініі разлому. Выкарыстоўваюць крайне правы палітычны дыскурс. Агульна кажучы, можна прасачыць расейскае фінансаваньне экстрэмісцкіх сіл у Эўропе. Няма значэньня, левыя яны ці правыя — пакуль яны экстрэмісцкія, яны добрыя для расейцаў для магчымага выкарыстаньня ў іхнай тактыцы», — дадае Сартс.

Нямеччына прыняла больш за мільён уцекачоў і мігрантаў летась. На хвалі незадавальненьня часткі выбарцаў гэтым рашэньнем моцна ўзрасла папулярнасьць правай папулісцкай партыі Alternative für Deutschland і адначасова ўпала грамадзкая падтрымка Ангелы Мэркель. Паводле апошняга апытаньня, 80% немцаў лічаць, што Мэркель не кантралюе сытуацыю ў краіне.

Тэстам для палітычнай пазыцыі Мэркель могуць стаць мясцовыя выбары ў трох з 16 рэгіёнаў Нямеччыны, якія адбудуцца 13 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG