Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Герасіменка: «Я падпісаўся за імпічмэнт Лукашэнку і дагэтуль ганаруся гэтым»


Вячаслаў Герасіменка

Вячаслаў Герасіменка

9 сакавіка дэпутату Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Вячаславу Герасіменку спаўняецца 60 год. Ён уваходзіў у тую групу парлямэнтароў, якія падпісаліся за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку.

Нягледзячы на настойлівыя патрабаваньні з боку ўлады адклікаць свой подпіс, дэпутат Герасіменка застаўся верны, як ён сам кажа, сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Свабода павіншавала Вячаслава Герасіменку зь юбілеем і задала яму некалькі пытаньняў.

— Спадар Вячаслаў, як вы сталі дэпутатам беларускага парлямэнту?

— У красавіку 1995 году Сялянская партыя, чальцом якой я тады быў, вылучыла мяне кандыдатам у Вярхоўны Савет па Петрыкаўскай выбарчай акрузе. На той час я ўжо быў дэпутатам раённага савету, працаваў журналістам на раённым радыё. 6 год супрацоўнічаў з Гомельскім абласным радыё, 5 — з рэспубліканскім. Мой голас гучаў па ўсёй Беларусі.

Дагэтуль я перакананы: хочаш стаць дэпутатам, абавязкова неабходна мець сваіх назіральнікаў на кожным участку.

Галоўным маім супернікам стаў генэрал-палкоўнік Чавус. Ён, як і я, зь мясцовымі каранямі. Улады, зразумела, падтрымлівалі генэрала. Супраць мяне распаўсюдзілі 6 камплектаў ананімных улётак. Але людзі мяне добра ведалі, і такая «агітацыя» дала адваротны эфэкт. Але самае галоўнае — у мяне было шмат назіральнікаў. З 46 выбарчых участкаў мы перакрылі 40. На тых участках, дзе назіральнікаў не было, я прайграў. А там, дзе былі, я перамог. Таму і стаў дэпутатам. Дагэтуль я перакананы: хочаш стаць дэпутатам, абавязкова неабходна мець сваіх назіральнікаў на кожным участку.

Дарэчы, магу пахваліцца. Пасьля тых выбараў Цэнтравыбаркам надрукаваў дадзеныя, колькі выбарцаў галасавалі за таго ці іншага дэпутата. У мяне быў другі вынік па ўсёй Беларусі, болей было толькі ў Яўгена Мікалуцкага, якога праз кароткі час узарвалі.

У Вярхоўным Савеце я як сябра сялянскай партыі, па ідэі, павінен быў далучыцца да аграрыяў, якімі спачатку кіраваў Сямён Шарэцкі. Але, крыху прыгледзеўшыся, я выбраў фракцыю «Грамадзянскае дзеяньне», дзе тады былі Станіслаў Багданкевіч, Генадзь Карпенка, Людміла Гразнова...

— І што вы найбольш цэніце ў сваёй палітычнай дзейнасьці?

Гэта быў не рэфэрэндум, а сапраўдны дзяржаўны пераварот. Таму я і падпісаўся за імпічмэнт і дагэтуль ганаруся гэтым.

— Тое, што ў 1996 годзе, падчас так званага рэфэрэндуму, а насамрэч дзяржаўнага перавароту, ня струсіў, ня здрэйфіў, не прадаўся і не купіўся. Я ведаў, як выкручвалі рукі маім калегам. Анушкіну — праз жонку, Навасяду — праз бацькоў... Гэта было страшна і дзіка. Які рэфэрэндум? Гэта быў не рэфэрэндум, а сапраўдны дзяржаўны пераварот. Таму я і падпісаўся за імпічмэнт і дагэтуль ганаруся гэтым.

Улады, канечне, не забыліся. Восем год я нідзе ня мог уладкавацца. Добра, што маю крэпкія рукі. Каб выжыць, вымушаны быў працаваць будаўніком. Цягаў цэглу і ў Менску, і ў Маскве, і ў Падмаскоўі, і ў Белавескай пушчы. А пасьля сталася так, што памёр мой сусед па лецішчы — начальнік раённай выратавальнай станцыі. Я напісаў заяву на гэтае месца. Вырашыў усё Якабсон, які на той час быў старшынём Гомельскага аблвыканкаму. Мне пасьля перадалі ягоныя словы: «Герасіменку ведаю. Моцная асоба. Ён нам столькі крыві сапсаваў. Але калі ён хоча ратаваць людзей, то я толькі „за“. Пры адной умове — няхай перастане актыўна займацца палітыкай».

Восем гадоў адпрацаваў водным выратавальнікам. У 2013 годзе атрымаў інваліднасьць па зроку. Па-ранейшаму жыву ў Петрыкаве.

— І як сёньня жывецца людзям у вашым раёне?

— Вельмі цяжка. Амаль уся вытворчасьць спынілася. Капацэвіцкая ПМК стаіць, Петрыкаўская ПМК стаіць. Дарсельбуду ўжо няма. Малаказаводу няма. Хлебазавод пакуль працуе, але ўжо пайшлі чуткі, што і яго зачыняць, а хлеб будуць вазіць з Калінкавічаў. Лясгас дыхае на ладан.

Прадпрымальнікі жывуць як вада на кісялі. Яны быццам яшчэ ёсьць і нават хочуць працаваць. Але ў іх амаль нічога не купляюць, бо ў людзей грошай няма. Уладкавацца няма куды. А заробкі такія, што, як кажуць, курам на сьмех.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG