Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімкін заклікае сусьветную супольнасьць падтрымаць акцыі ў абарону Саўчанкі


Мітынг у падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Кіеве на Майдане Незалежнасьці , 6 сакавіка 2016 году

Мітынг у падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Кіеве на Майдане Незалежнасьці , 6 сакавіка 2016 году

Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заклікае сусьветную супольнасьць падтрымаць акцыі ў абарону ўкраінкі, народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі, якая ўтрымліваецца ў расейскім СІЗА.

«Цалкам падтрымліваю мірныя акцыі #FreeSavchenko. Расея павінна неадкладна спыніць павольна забіваць Надзею. Заклікаю сьвет падтрымаць нас у гэтым», — напісаў ён у сваім twitter.

Сёньня акцыі ў абарону Саўчанкі і з патрабаваньнямі да Расеі неадкладна вызваліць яе прайшлі ў Кіеве і яшчэ шэрагу гарадоў Украіны, а таксама акцыі ў абарону Саўчанкі прайшлі ў расейскім Санкт-Пецярбургу і ў Празе.

Надзея Саўчанка ад 3 сакавіка абвясьціла сухую галадоўку на знак пратэсту супраць затрымкі з вынясеньнем ёй прысуду пасьля таго, як на судзе ў горадзе Данецку Растоўскай вобласьці Расеі, дзе ў той дзень чакалі завяршэньня слуханьняў пасьля апошняга слова Саўчанкі, судзьдзя нечакана закрыў пасяджэньне і абвясьціў перапынак да прамаўленьня апошняга слова да 9 сакавіка. Пры гэтым яшчэ ў сярэдзіне сьнежня Саўчанка абвясьціла «звычайнае» галаданьне.

Таму тэкст апошняга слова Саўчанкі быў абнародаваны ад яе імя ў Фэйсбуку. Па словах Саўчанкі, яна не прызнае ні сваёй віны, ні будучага прысуду, ні самога расейскага суда над ёй. Але яна заявіла, што ня будзе абскарджваць прысуд.

Надзею Саўчанку, народнага дэпутата Ўкраіны і дэлегата Вярхоўнай Рады ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, у Расеі абвінавачваюць у забойстве ў 2014 годзе двух супрацоўнікаў расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня, якія нелегальна знаходзіліся ва Ўкраіне, а таксама ў замаху на забойства групы сэпаратыстаў і ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Расейскія пракуроры патрабуюць пазбавіць украінку волі на 23 гады.

Саўчанка і яе абарона адпрэчваюць абвінавачаньні і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сэпаратысты, потым сілай вывезьлі ў Расею.

XS
SM
MD
LG