Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона Надзеі Саўчанкі асьцерагаецца яе адчайных учынкаў


Абарона Надзеі Саўчанкі асьцерагаецца, што яна гатовая пайсьці на адчайныя дзеяньні.

«Сухая галадоўка Надзеі не пакідае нікому часу на манэўры. Турэмнае начальства адказвае за яе жыцьцё галавой, у іх напэўна ёсьць плян, як карміць яе прымусова. Надзея казала, што на гэты выпадак і ў яе ёсьць запасны плян. Я няе ведаю, нападзе яна на ахоўнікаў або зробіць нешта яшчэ настолькі ж адчайнае», — напісаў у Фэйсбуку адвакат Ільля Новікаў. «Зь першых дзён у СІЗА ў ліпені 2014 яна лічыцца на спэцыяльным уліку як схільная да ўцёкаў, нападу і суіцыду. Ня тое каб яна ўжо тады давала для гэтага падставы, але ўсе, што завецца, сумленна папярэджаныя», — падкрэсьлівае Новікаў. Акрамя таго, ён перакананы ў немагчымасьці адгаварыць яго падабаронную ад галадоўкі.


Раней упаўнаважаны па правах чалавека ў Расеі Эла Памфілава паведаміла па тэлефоне сястры Саўчанкі Веры, што стан Надзеі здавальняючы, за ёй усталяваны візуальны кантроль, ёй вымяраюць ціск; прымусовага кармленьня і ўвядзеньня вадкасьці пакуль не патрабуецца. Пра гэта напісаў у «Твітэры» адзін з адвакатаў Мікалай Полазаў. Ён таксама прывёў словы Памфілавай пра тое, што ўжо сфарміравана група ўкраінскіх лекараў для абсьледаваньня Надзеі, але дата іх допуску да арыштаванай пакуль ня ўзгоднена.


Сухую галадоўку Саўчанка праводзіць з 3 сакавіка на знак пратэсту супраць таго, што суд ня даў ёй выступіць з апошнім словам. Пры гэтым яна забараніла карміць сябе гвалтам, аднак, як тлумачылі адвакаты, паводле расейскіх законаў, ёй ня могуць дазволіць памерці.

У нядзелю ж адвакат ваеннаслужачай Марк Фейгін заявіў у інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню «Новы час», што ўжо ў канцы сакавіка — красавіка Саўчанку могуць адправіць адбываць пакараньне на радзіму ў абмен на перадачу Расеі двух затрыманых ва Ўкраіне супрацоўнікаў ГРУ Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева.

Надзея Саўчанка абвяргае абвінавачваньні расейскага сьледзтва ў дачыненьні да забойства двух журналістаў і патрабуе неадкладна вярнуць яе на радзіму. Гэта ўжо ня першая яе галадоўка з моманту арышту летам 2014 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG