Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Славаччына прагаласавала за палітыка, які абяцае, што «ня ўпусьціць у краіну ніводнага мусульманіна»


Роберт Фіцо

Роберт Фіцо

Ранейшы прэм’ер-міністар Славаччыны Роберт Фіцо, левацэнтрысцкая нацыянальна-кансэрватыўная партыя якога Smer-SD (Напрамак — сацыяльная дэмакратыя) атрымала больш за ўсё месцаў у новаабраным парлямэнце краіны, пачаў перамовы аб стварэньні новага ўраду.

Ён ужо заяўляў, што вынікі выбараў, па якіх у парлямэнт праходзяць восем партый, «вельмі складаныя», і стварэньне кабінэту зойме некаторы час. Яго партыя, паводле ацэнак, атрымлівае ў новым парлямэнце толькі 49 месцаў са 150 і запатрабуе кааліцыйных партнэраў, каб стварыць урад. У мінулым яна мела 83 месца і стварыла аднапартыйны ўрад.

Другое і трэцяе месцы займаюць правацэнтрысцкая лібэральная партыя «Свабода і салідарнасьць» (SaS) — 21 месца, паводле ацэнак, і кааліцыя двух таксама правацэнтрысцкіх кансэрватыўных партый OĽaNO — Nova (Звычайныя людзі і незалежныя асобы — Новая) — 19 месцаў. У парлямэнт пасьля чатырохгадовага перапынку вярнулася правая нэанацысцкая Славацкая нацыянальная партыя (SNS), якая зойме, хутчэй за ўсё, 14 месцаў.

Таксама ў Нацыянальны савет — аднапалатный парлямэнт Славаччыны — праходзіць яшчэ адна правая нацыяналістычная сіла, Народная партыя — Наша Славаччына (ĽSNS). Акрамя таго, будуць прадстаўленыя: партыя «Мы — сям’я» (Sme Rodina) і цэнтрысцкая партыя вугорскай меншасьці, найбуйнейшая ў Славаччыне, Most-Híd ( «Мост» славацкай і вугорскай мовамі). Новая партыя Sieť ( «Сетка»), якой перад выбарамі прагназавалі другое месца, апынулася ўнізе прахадной часткі партыйных сьпісаў, набраўшы крыху больш неабходных 5 працэнтаў галасоў.

Роберт Фіцо цьвёрда выступае супраць палітыкі прымусовых квот на разьмеркаваньне мігрантаў па краінах Эўрапейскага зьвязу, якую насаджае Брусэль. Ён, у прыватнасьці, абяцаў, што «ня ўпусьціць у Славаччыну ніводнага мусульманіна». Але калі яму ня ўдасца стварыць урад, разглядаецца таксама магчымасьць стварэньня кааліцыі правацэнтрысцкіх і правых палітычных сілаў. Славаччына ў ліпені на паўгоду займае старшынства ў Эўразьвязе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG