Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«8-сакавіцкі» гандаль віцебскіх прадпрымальнікаў: зарабіць хоць нешта!


Амаль усе ралеты працуюць

Амаль усе ралеты працуюць

У гэтыя выходныя бальшыня прадпрымальнікаў Віцебска павярталася на свае працоўныя месцы. Мэта адна: перад 8-м сакавіка яны чакаюць наплыву пакупнікоў, і магчымасьці хоць як кампэнсаваць два месяцы вымушанага прастою.

Працаваць гатовы нават у выходны

Працаваць гатовы нават у выходны

«Смаленскі» кірмаш лічыцца ў горадзе адным з самых недарагіх. Ён складаецца з гандлёвых шэрагаў на вуліцы і двух будынкаў: у адным гандлююць рэчамі, у другім — харчамі. На дзьвярах таго, дзе прадаюць прамысловыя тавары, вісіць аб’ява «7 сакавіка кірмаш працуе». Нягледзячы на тое, што гэта панядзелак — звычайна выходны дзень для гандляроў.

Ралеты гандлёвага цэнтру адчынены на 90%. Заўважна, што дзе-нідзе карэнным чынам памяняўся асартымэнт. Прыкладам, у вітрыне яшчэ вісяць жаночыя курткі, а гандлярка ўжо прымайстроўвае новыя паліцы і расстаўляе па іх спартовы абутак. Спадарыня скардзіцца:

«Мы ня маем права спыніць працу больш як на два месяцы, не плаціўшы грошы за арэнду. З намі скасуюць дамову. Што тады рабіць? Выйшлі на свой страх і рызыку, заплаціўшы адной фірме за дастаўку рэчаў разам з новымі дакумэнтамі. Не, я не ўпэўнена, што яны адпавядаюць указу № 222. І я баюся. Таму свайго імя не скажу, і фатаграфаваць мяне ня трэба!»

На фотаапарат гандляры рэагуюць нэрвова

На фотаапарат гандляры рэагуюць нэрвова

Гандляркі вельмі нэрвова рэагуюць і на спробы даведацца пра тое, ці ўдалося ім здабыць неабходныя дакумэнты. Скардзяцца на праблемы куды больш ахвотна.

«Да 1 сакавіка мы мусілі заплаціць грошы ў фонд сацыяльнай абароны. Звычайна я гэта рабіла з першыя дні новага года — якраз пасьля навагодняга гандлю, калі ў нас бывае шмат пакупнікоў. Сёлета з новага года мы не працавалі. Зьвярталіся, каб нам дазволілі цяпер плаціць ня ўсе грошы — гэта ў сярэднім 9 мільёнаў рублёў — а па частках. Атрымалі адмову. Баюся, нам будуць налічваць пэню за пратэрміноўку, а гэта — аж да 20%! Яшчэ трэба заплаціць за „камуналку“ на працоўным месцы, за арэнду... А грошай ні ў каго няма! Выйшлі ў надзеі на жаночае сьвята і на вясну — людзям, можа, трэба купіць адзеньне або нешта ў падарунак», — тлумачыць спадарыня, выглядаючы патэнцыйных пакупнікоў.

На вулічных гандлёвых месцах таксама чакаюць пакупнікоў

На вулічных гандлёвых месцах таксама чакаюць пакупнікоў

А пакупнікоў зусім няшмат. Надзеі прадаць нешта зь верхняга адзеньня ня спраўджваюцца — хаця б ужо таму, што пакуль не відаць заўважанага пацяпленьня. Адзін з гандляроў разважае:

«Ні ў каго няма грошай. Калі да 8-га сакавіка гандаль ня пойдзе, хоць ты зноў зачыняйся! І чакай, пакуль „наверсе“ дамовяцца, ці дадушыць нас да канца, ці пакінуць жывымі!»

Ірына Яскевіч, удзельніца рабочай групы, створанай з прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў розных міністэрстваў для ўрэгуляваньня сытуацыі з указам № 222, камэнтуе выхад на працу сваіх калегаў:

Ірына Яськевіч

Ірына Яськевіч

«Я нікога не асуджаю! Цяжка нават сабе ўявіць, якая жахлівая сытуацыя ў людзей склалася. Прыбыткаў няма, два месяцы даводзілася неяк выжываць, карміць сем’і... Ніякае сьвята 8-га сакавіка сытуацыю не ўратуе. Нешта вырашыцца можа хіба толькі 9-га, калі ў рабочай групы будзе чарговае пасяджэньне. Прадпрымальнікі хацелі б, каб прынялі дзьве галоўныя прапановы — пра „мікрапартыі“ і пра „амністыю“. „Мікрапартыі“ — гэта спрошчанае афармленьне дакумэнтаў на тавар, агульны кошт якога на перавышае паўтары тысячы эўра. А кажучы пра „амністыю“ — гэта мы просім, каб не спаганялі за тыя дакумэнты, якія людзі прывезьлі, падатак заплацілі, а падатковая цяпер прызнае іх несапраўднымі, як было ў Полацку. Падаткавікі спачатку патлумачылі, што такіх будзе дакумэнтаў дастаткова, а праз пэўны час пачаліся штрафы і канфіскацыі...»

Паводле Ірыны Яскевіч, кіраўніцы аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», рынкавым гандлярам нават цяжка асэнсаваць памеры грашовых пакараньняў, якія ім пагражаюць. Праверка мусіць паглядзець, на якую суму выданы чэкі касавым апаратам, і гэта сума ў падвойным памеры мусіць паўзьці ў даход дзяржавы. А потым яшчэ канфіскацыя тавару і шматмільённы штраф. Калі ў прадпрымальніка няма такіх грошай, у яго могуць канфіскаваць маёмасьць — машыну, лецішча, кватэру...

Можа, нешта набудуць для жанчын?

Можа, нешта набудуць для жанчын?

Напярэдадні «жаночага сьвята», віцебскія прадпрымальнікі згадваюць у размовах яшчэ адну дату — 14 сакавіка. А таксама прозьвішчы Лябедзькі, Статкевіча і Шумчанкі.

— Трэба ехаць у Менск. Езьдзілі на сходы чатыры разы, ніхто нас не арыштаваў, дык трэба зноў ехаць! — кажа адна гандлярка другой.

— Куды ехаць? На нейкі марш або да міністэрства падаткаў, дэманстраваць сваю нязгоду з 222-м указам? Шумчанка кліча туды. Але ж мы ўжо дэманстравалі гэта, дзе толькі маглі! — засмучаецца каляжанка.

— І на мітынгах мы ўжо былі. І Статкевіча чулі, і Лябедзьку. Лукашэнку толькі ня чулі, ён з намі размаўляць не хоча, — сьмяецца сяброўка.

Размовы пра паездку ў Менск спыняюцца, калі падыходзяць пакупнікі.

Прадпрымальніцы нэрвуюцца: а раптам гэта праверка? Але хлопцы аказваюцца звычайнымі людзьмі — у якіх няма грошай на дарагія падарункі для сябровак, жонак ці матуль. І яны кіруюцца ад шэрагаў з рэчамі да гандляроў кветкамі. Мімозы ў Віцебску сёлета недарагія: 25 тысяч рублёў за кіляграм.

Кветкі набываюць больш ахвотна, чымсьці што іншае

Кветкі набываюць больш ахвотна, чымсьці што іншае

XS
SM
MD
LG