Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляне пратэстуюць супраць будаўніцтва копіі Сафійскага сабора


Парк партызанскай славы. Частка парку, якую плянуюць зьнішчыць

Парк партызанскай славы. Частка парку, якую плянуюць зьнішчыць

Інтэрнэт-пэтыцыя за захаваньне парку, частку якога зьбіраюцца вырубіць, каб вызваліць пляцоўку для будоўлі, сабрала амаль паўтары тысячы подпісаў менш як за 5 дзён.

Пэтыцыя, якую склаў Яраслаў Вайновіч, зьявілася на сайце change.org увечары 28 лютага. З таго часу аўтар які падпісаўся ці то псэўданімам, ці то сапраўдным прозьвішчам, некалькі разоў мяняў яе зьмест. Ён дзякаваў землякам за падтрымку, дадаваў новыя падрабязнасьці пра Парк партызанскай славы, у якім плянуюць зьнішчыць больш як 200 дрэваў, спрабуючы ямчэй сфармуляваць зьмест звароту.

Адрасат пэтыцыі — гэта мітрапаліт Павал, да якога віцябляне зьвяртаюцца з просьбай спыніць падрыхтоўку і будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабора ўзору 11 стагодзьдзя — храма-навабуда, дзеля якога аўтары праекту заплянавалі зьнішчыць частку парку на беразе Дзьвіны.

Выгляд Сафійскага сабора паводле праекту

Выгляд Сафійскага сабора паводле праекту

Меркаваньне жыхароў Віцебска пра тое, што ў горадзе й так няшмат паркаў, — гэта толькі адзін з аргумэнтаў супраць будаўніцтва храма-макета. У камэнтарах людзі пішуць і пра іншае: прыкладам, пра тое, што лічаць адбудову полацкага сабору ў Віцебску непатрэбнай ініцыятывай, бо гэта супярэчыць гістарычнай фактаграфіі, што будаваць новы храм абсалютна немэтазгодна, пакуль есьць магчымасьць аднавіць сапраўдную гістарычную спадчыну — бо мноства храмаў у Беларусі сёньня ў зруйнаваным стане. Віцябляне згадваюць, што ў гістарычным цэнтры горада «у крокавай даступнасьці» й так мноства цэркваў, якія нават у вялікія сьвяты бываюць паўпустыя, і што новы сабор, калі гэта ўжо так патрэбна, лепей збудаваць дзе-небудзь у новым мікрараёне, дзе храмаў няма зусім.

Музэй Шмырова на ўскрайку парка

Музэй Шмырова на ўскрайку парка

Музэй месьціцца ў помніку архітэктуры

Музэй месьціцца ў помніку архітэктуры

Нехта горача падтрымлівае аўтара пэтыцыі ў тым, што зьнішчыць зьбіраюцца ня проста дрэвы, а Парк партызанскай славы, прысьвечаны тым, чые подзьвігі актыўна ўслаўляюць напярэдадні Дня перамогі, а потым на іх забываюцца. І што ў гэтым парку знаходзіцца мэмарыяльны музэй Міная Шмырова — легендарнага партызанскага камандзіра па мянушцы «Бацька Мінай». І што музэй знаходзіцца ў гістарычным будынку канца 19 стагодзьдзя, якому таксама пагражае зьнішчэньне — у сувязі з яшчэ адным, даўнім, але пакуль не ўвасобленым плянам адміністрацыі горада — будаўніцтвам Паўночнага моста цераз Дзьвіну.

Частка парка вакол музэя Шмырова адгароджана плотам

Частка парка вакол музэя Шмырова адгароджана плотам

Падчас грамадзкага абмеркаваньня справаздачы ўзьдзеяньня будоўлі Сафійскага сабору на навакольнае асяродзьдзе, якое адбылося 18 студзеня, протаярэй Міхаіл Марціновіч, будучы настаяцель храма, заявіў прысутным, што ня чуў ніводнага нэгатыўнага водгуку, што да пэрспэктываў будучага будаўніцтва. Аднак грамадзкасьць горада пратэстуе супраць яго ўжо ня першы год — а бадай што з таго самага моманту, як пра гэта было абвешчана. Гараджане нават прапануюць дапамогу ў добраўпарадкаваньні той часткі парка, на якую ў гарадзкім бюджэце няма грошай.

Мясцовыя ўлады нібыта ўжо ня лічаць «сваёй» гэтую тэрыторыю. Нават дарожкі тут ужо не расчышчаюць

Мясцовыя ўлады нібыта ўжо ня лічаць «сваёй» гэтую тэрыторыю. Нават дарожкі тут ужо не расчышчаюць

На грамадзкае незадавальненьне ідэяй узьвядзеньня храма-навабуда ў гістарычным цэнтры Віцебска кіраўніцтва Віцебскай Эпархіі ўвагі не зьвяртае. Найверагодней таму, што грошы ў гэты праект уладаць ня прыйдзецца: будаваць Сафійскі сабор маюць на грошы ахвярадаўцаў, сярод якіх галоўны фундатар — гэта расейскі «Газпрам» і яго кіраўнік Аляксей Мілер. Ён асабіста падабраў месца ў парку на беразе Дзьвіны і стаў ганаровым старшынём рады папячыцеляў храма. Грошы мяркуецца ўкласьці вялікія: прыблізная сьмета праекта, па словах будучага настаяцеля Міхаіла Марціновіча, складае 2 мільёны даляраў.

Храм запраектавана збудаваць у канцы гэтай алеі

Храм запраектавана збудаваць у канцы гэтай алеі

Між тым, віцябляне маюць станоўчы досьвед, калі больш як тысяча подпісаў гараджан пад інтэрнэт-пэтыцый сапраўды адыграла сваю ролю. Жыхары Віцебску пратэставалі супраць продажу алькаголю з зоне адпачынку на рацэ Віцьба, і мясцовыя ўлады ўзялі іхны пратэст пад увагу: цяпер тамтэйшыя кропкі вулічнага гандлю ня маюць у асартымэнце нічога, мацнейшага за піва, дый тое ня ўсе.

Аднак на цяперашні пратэст супраць зьнішчэньня парка дзеля будаўніцтва копіі Сафійскага сабора пакуль аніякай рэакцыі няма — ні ад кіраўніцтва БПЦ, ні ад сьвецкіх уладаў.

Віцябляне лічаць, што гэты куток парка мусіць застацца месцам адпачынку

Віцябляне лічаць, што гэты куток парка мусіць застацца месцам адпачынку

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG