Паводле словаў расейскага генэрала, ваеннае ведамства РФ гатова аказаць такую дапамогу.
Лідэры сырыйскай апазыцыі, якія падпісалі пагадненьне аб спыненьні вагню, просяць Міністэрства абароны Расеі абараніць іх ад баевікоў забароненай у РФ экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Пра гэта ў суботу заявіў начальнік расейскага цэнтру па прымірэньні варагуючых бакоў у Сырыі генэрал-лейтэнант Сяргей Кураленка. Паводле яго слоў, расейскае ваеннае ведамства гатова аказаць такую дапамогу, паведамляе ТАСС.
Генэрал адзначыў, што ў першыя дні працы Цэнтру ў якасьці ключавой умовы перамір’я апазыцыйныя лідэры прасілі ў Расеі гарантый бясьпекі і абароны ад дзяржаўных сырыйскіх структур і ведамстваў, але цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. Генэрал удакладніў, што спэцыялісты расейскага цэнтру ў Латакіі правялі 23 сустрэчы з прадстаўнікамі розных сырыйскіх апазыцыйных фармаваньняў і палітычных сіл.
Паводле спэцпасланьніка генэральнага сакратара ААН Стафана дэ Містуры, прызначаныя на панядзелак перамовы паміж урадам Сырыі і апазыцыяй у Жэнэве перанесены на чацьвер, 10 сакавіка. Пра гэта ён паведаміў арабскай газэце «Аль-Хаят».
Як паведаміў у суботу Сырыйскі цэнтар па назіраньні за правамі чалавека, на працягу першага тыдня пасьля ўступленьня ў сілу перамір’я ў Сырыі 27 лютага ў раёнах, дзе яно дзейнічае, загінулі 135 чалавек. На тэрыторыях, дзе ня дзейнічае рэжым спыненьня вагню, загінулі 552 чалавекі.