Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 сусьветна вядомыя брэнды вопраткі зь беларускімі каранямі


Хто апранае моднікаў розных краінаў сьвету? Чаму беларусы могуць лічыць Polo ды Marks & Spencer сваімі? І які самы дарагі беларускі брэнд адзеньня? Адказы на гэтыя пытаньні шукаў наш аўтар Антон Трафімовіч.

1.Marks & Spencer: слонімец, якім ганарылася Маргарэт Тэтчэр

Міхал Маркс быў тыповым слонімцам свайго часу. Ён нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў 1863 ці 1864 годзе. Як і большасьць месьцічаў, ён пачаў працоўную кар’еру гандлем. Але ў 1882 годзе, калі ў Расейскай імпэрыі ўзмацняецца ціск на габрэяў, ён зьяжджае ў Вялікабрытанію разам зь першай хваляй эміграцыі.

Міхаіл Маркс

Міхаіл Маркс

На зялёнай высьпе ён пасяліўся ў Лідсе, дзе заняўся тым жа, чым і ў Слоніме, — гандлем. Каб быць пасьпяховым у новай краіне, ён увесь час мусіў вынаходзіць новыя спосабы продажу. Спачатку ён хадзіў са скрынямі тавараў першай неабходнасьці па бедных вёсках, потым адкрыў свае шапікі на рынках. Сапраўдны посьпех да яго прыйшоў пасьля адкрыцьця «Penny Bazar». Гэта былі крамы, дзе ўсё прадавалася па адным кошце — 1 пэні.

«Penny Bazar» сталі неверагодна папулярнымі, і Маркс адкрывае іх у розных гарадах Брытаніі. Каб даць рады вялікаму бізнэсу, у 1894 годзе ён запрасіў у партнэры да сябе бугальтара Томаса Спэнсэра. У 1903 годзе яны зарэгістравалі кампанію «Marks & Spencer LTD». Міхал Маркс кіраваў ёй да канца жыцьця.

Калі ў 1916 годзе кампанію ўзначаліў Сайман Маркс, сын Міхала, «Marks & Spencer» стала адыходзіць ад «Penny Bazar». Замест шапікаў з таннымі таварамі ўзьнікла першая ў сьвеце сетка «супэркрамаў»: вялікіх унівэрмагаў вопраткі, на ўваходах у якія прадавалі харчовыя прадукты. «Marks & Spencer» становіцца буйным брытанскім прадаўцом вопраткі і пачынае ўласную вытворчасьць. Сёньня кампанія займае 43 месца ў сьпісе самых буйных розьнічных гандлёвых арганізацый у сьвеце.

У Брытаніі ганарацца Міхалам Марксам, бо ў заснаванай ім кампаніі прадаюць выключна брытанскую вопратку. У свой час Маргарэт Тэтчэр сказала пра нашага слонімца: «Наш Маркс перамог Карла Маркса». Магчыма, неўзабаве Міхал Маркс пераможа і ў Беларусі. Прынамсі, на ягонай радзіме ў Слоніме вуліцу Карла Маркса было б дарэчы перайменаваць у гонар свайго Маркса.

Polo: амэрыканская легенда моды родам зь Пінску й Гародні

З нашых гарадоў паходзяць і продкі яшчэ аднаго заснавальніка сусьветнага брэнду — «Polo». Ральф Лорэн нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў 1939 годзе. Але ягоныя бацькі ў міжваенны час эмігравалі з Заходняй Беларусі. Бацька Франк Ліўшыц паходзіў зь Пінску, а маці Фрэйдл Котляр — з Гародні. Сям’я з чатырма дзецьмі жыла ў Бронксе. Яны літаральна былі суседзямі зь сям’ёй, дзе гадавалі іншую будучую легенду ў сьвеце моды — Кельвіна Кляйна.

Калі Ральфу Ліўшыцу было 16 год, ён зьмяніў сваё прозьвішча на «Лорэн». Пасьля таго, як Ральф кінуў каледж і адслужыў у войску, ён пайшоў працаваць прадаўцом у краму вопраткі. Потым ён уладкоўваецца выязным прадаўцом гальштукаў, і ў рэшце прапануе свайму працадаўцу ўласную мадэль гальштуку. Не атрымаўшы згоды, звальняецца й пачынае шыць уласныя гальштукі.

Лорэн стаў атрымліваць буйныя замовы ад нью-ёрскіх крамаў і ўрэшце, знайшоўшы інвэстара, адкрыў уласную. Тут жа ён стаў прадаваць строі ўласнага фасону. Так сьвет моды даведаўся пра новы брэнд — «Polo Fashion». Яго запрашаюць адкрыць фірмовыя аддзелы ў іншых крамах, і ў 1970 годзе ён атрымаў узнагароду ў конкурсе «Coty Awards».

У 1980-х буцікі Ральфа Лорэна зьяўляюцца па ўсім сьвеце. Ён больш не абмяжоўваўся вопраткай: у крамах пачынаюць прадаваць мэблю й аксэсуары. Прызнаны ў сьвеце моды, Лорэн уваходзіць у сьпіс самых багатых людзей сьвету са сваім капіталам у 7 мільярдаў даляраў. У Беларусі Лорэн ніколі ня быў. Але вядома, што ён цікавіцца месцам свайго паходжаньня. У адным са сваіх інтэрвію ён казаў, што хацеў бы даведацца больш пра сваю гісторыю.

Milavitsa: ад французскіх гузікаў да савецкіх станікаў

Адно з самых старых беларускіх прадпрыемстваў, якія дагэтуль працуюць, «Мілавіца» таксама ўзначальвае сьпіс самых дарагіх брэндаў Беларусі. Па рэйтынгу «Belbrand 2015 — ТОП 100 беларускіх брэндаў» у 2015 годзе «Мілавіца» абышла нават «Санта-Брэмар». Яна была ацэнена ў 73,2 мільёны даляраў.

«Мілавіца» вядзе сваю гісторыю ад фабрыкі «Франсуа-Турнье», якую ў 1908 годзе адкрылі ў Менску браты Жан і Франсуа-Віктор Турнье Калет. На фабрыцы вырабляліся жаночыя й мужчынскія грабеньчыкі, а таксама гузікі.

У 1913 годзе гэта ўжо было буйное акцыянэрнае прадпрыемства, дзе працавала 200 чалавек. Перад першай сусьветнай вайной фабрыка была эвакуявана, а ў часе вайны будынкі разбурылі. Аднавіць фабрыку ў сярэдзіне 1920-х прапанавалі былыя рабочыя «Франсуа-Турнэ». Яны арганізавалі арцель «Спартак», дзе, як і раней, вырабляліся грэбні ды гузікі. У 1929 годзе арцель нацыяналізавалі, у 1932 годзе назвалі ў гонар Фрунзе. Падчас другой сусьветнай вайны фабрыку зноў разбурылі. У 1945 годзе яе аднавілі, а з 1950-га пашырылі асартымэнт. Тут сталі вырабляць торбы са скуразамяняльніка, жаночыя плашчы, дзіцячыя накідкі.

Толькі з 1964 году на прадпрыемстве наладзілі вытворчасьць станікаў, паўкарсэтаў, шаўковых грацый і вырабаў для немаўлят. З 1969 году фабрыка займела назву «Камсамолка».

У 1991 годзе на базе «Камсамолкі» адкрылася менская швачная фабрыка «Мілавіца», якая ў 1992 годзе стала акцыянэрным прадпрыемствам. Па новую назву супрацоўнікі зьвярнуліся ў Саюз пісьменьнікаў. Уладзімер Паўлаў прапанаваў ім назваць фабрыку ў гонар мілавіцы. Менавіта так, быццам бы, старажытныя славяне называлі Вэнэру. Насамрэч, гэта штучнае слова, якое вынайшлі беларускія літаратары.

З 2000 году, калі «Мілавіца» прыцягнула замежныя інвэстыцыі, кампанія набыла статус сумеснага прадпрыемства. А ў 2006 годзе яна ўвайшла ў холдынг Silvano Fashion Group. Сёньня «Мілавіца» мае фірмовыя крамы ў 19 краінах сьвету і зьяўляецца самым пазнавальным беларускім брэндам. Абсалютная большасьць крамаў — за мяжой.

Conte: настаўнік, што стварыў імпэрыю панчохаў

У тым жа рэйтынгу «Belbrand 2015» у дзясятцы самых дарагіх брэндаў адзначана таксама кампанія «Conte». Яе ў 1990-я заснаваў былы настаўнік пачатковых клясаў з Гародні Валянцін Байко. Ня могучы забясьпечыць сям’ю працай у школе, разам з братам яны зьезьдзілі ў Польшчу, дзе вытворчасьцю панчохаў шмат хто займаўся, і набылі два вязальныя станкі. На якіх яны першымі ў Беларусі сталі прыватна вырабляць панчохі. Адразу Байко рабіў стаўку на экспарт сваёй прадукцыі — да 70% панчохаў прадаецца за мяжой. Пры гэтым шмат хто ў Расеі, асноўным рынку збыту, ня ведае, што панчохі Conte — зь Беларусі.

У час не спраўляючыся з замовамі, Байко нават набыў Берасьцейскі панчохавы камбінат. Таксама кампанія стала выпускаць ня толькі панчохі й шкарпэткі, але й іншыя трыкатажныя вырабы.

З 2000-х гарадзенская Conte выдзеліла жаночы, мужчынскі, дзіцячы ды сямейны брэнды, для якіх выпускае дызайнэрскія мадэлі вопраткі. З часам кампанія пашырылася за кошт іншых сфэраў бізнэсу, у якія прыйшоў Байко. Напрыклад, яму належыць сетка крамаў касмэтыкі й бытавой хіміі Optima. У Гародні ўжо працуе першы гандлёвы цэнтар Байка — «Old City». Працягваецца будаўніцтва яшчэ некалькіх гандлёвых цэнтраў у Гародні й Баранавічах.

Вядомы Байко ў Гародні ня толькі па панчохах, але й як мэцэнат: ягоная сям’я ахвяравала 1 мільярд рублёў на рэстаўрацыю гарадзенскай кірхі.

Антон Трафімовіч для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG