Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьня, які рабіў спробу суіцыду, перавезьлі на радзіму ў Салігорск


Ягор Пратасеня

Ягор Пратасеня

Ягора Пратасеню, які напачатку гэтага году ў жодзінскай калёніі спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам на знак пратэсту супраць прысуду і катаваньняў, 4 сакавіка з менскага турэмнага шпіталя перавезьлі ў салігорскую раённую бальніцу. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці Ягора Сьвятлана Пратасеня.

«Перавозілі яго лекары салігорскага шпіталя, ўвечары адзваніліся, сказалі, што вытрымаў дарогу нармальна. Пакуль зьмясьцілі ў рэанімацыю, а пасьля сьвята перавядуць ў аддзяленьне нэўралёгіі. Нейкі час будуць трымаць там, а за гэты час мяне навучаць, як за ім даглядаць. А тады ўжо выпішуць, забяру яго дамоў і буду зь ім, колькі спатрэбіцца», — сказала Сьвятлана Пратасеня.

Паводле Сьвятланы Пратасені, яе сын па-ранейшаму знаходзіцца ў коме і заўважных сымптомаў паляпшэньня стану не выяўляе.

20-гадовага жыхара Салігорска Ягора Пратасеню напрыканцы 2015 году Салігорскі раённы суд прысудзіў да 14 год зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Пазьней Менскі абласны суд прысуд пацьвердзіў, але вызваліў Ягора Пратасеню ад адказнасьці з прычыны стану здароўя асуджанага. З пачатку году Ягор Пратасеня знаходзіцца ў стане комы пасьля няўдалай спробы суіцыду ў жодзінскай калёніі.

На спатканьні з маці пасьля вынясеньня прысуду ў сьнежні 2015 году і ў ранейшых лістах да яе з калёніі Ягор Пратасеня распавядаў пра катаваньні і зьдзек з боку опэрўпаўнаважаных салігорскай управы наркакантролю, якія, як ён лічыць, сфальшавалі ягоную справу. Хлопец папярэджваў, што на знак пратэсту і каб адпомсьціць міліцыянтам скончыць жыцьцё самагубствам. Сьвятлана Пратасеня пасьля гэтых сыгналаў сына зьвярталася ў міліцыю і пракуратуру, каб правялі дадатковую праверку справы яе сына.

4-5 студзеня Ягор Пратасеня у адзіночнай камэры спрабаваў павесіцца, яго дасталі з пятлі ахоўнікі. Міліцыянты сказалі, што у пятлі вязень прабыў нязначны час, аднак Сьвятлана Пратасеня ў гэта ня верыць і падазрае міліцыянтаў у нядбайнасьці. Маці спасылаецца на дрэнныя наступствы, бо сын патрапіў у кому. Ягора Пратасеню ў стане комы спачатку трымалі ў жодзінскім шпіталі, потым ў шпіталі ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага, а 4 сакавіка прывезьлі ў салігорскі шпіталь.

«Тут хоць ахоўваць ня будуць. Хаця каго ахоўваць, ён жа нерухомы і не ў сьвядомасьці? Толькі вочы час ад часу адкрывае, але незразумела, ці што бачыць. Абяцаюць зрабіць тамаграфію мозгу, праверыць усё, што магчыма і аказаць неабходнае лячэньне», — распавяла Сьвятлана Пратасеня пра стан свайго сына.

У студзені 2016 году Сьледчы камітэт Беларусі распачаў праверку абставінаў спробы суіцыду з боку Ягора Пратасені. Пра вынікі праверкі маці былога вязьня не паведамілі.

XS
SM
MD
LG