Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Клышка: Кар’еру прафэсійнага футбаліста мог распачаць у Чачні


Гульцы і заўзятары менскага «Тарпэда»: крок у І лігу

Гульцы і заўзятары менскага «Тарпэда»: крок у І лігу

Неўзабаве стартуе футбольны чэмпіянат Беларусі — барацьбу за мэдалі распачнуць клюбы вышэйшага, першага і другога дывізіёнаў. Многія заўзятары чакаюць сэзону з асаблівым пачуцьцём — на поле вяртаюцца каманды, якія з розных прычын надоўга зьніклі з футбольнай мапы краіны.

Адна з такіх рэінкарнацыяў — легендарнае менскае «Тарпэда», якое ўпершыню ў сваёй гісторыі згуляе ў першай лізе. Клюб быў заснаваны ў 1947 годзе і за савецкім часам выступаў у чэмпіянаце БССР. Пяць разоў выйграваў першынства рэспублікі, станавіўся прызэрам, а з атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці 13 сэзонаў запар — з 1992 да 2004 году — гуляў у вышэйшай лізе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.

У 2005-м празь фінансавыя праблемы «Тарпэда» сышло ў другую лігу. Але каманда ня стала разгойдвацца і па выніках турніру фінішавала на лідэрскіх пазыцыях, што дало права перайсьці ў дывізіён клясам вышэй. І тут нечаканая абвестка пра спыненьне існаваньня — нягледзячы на пратэсты футбольнай грамадзкасьці.

Перадапошні сэзон у вышэйшай лізе (атакуе Сяргей Козак)

Перадапошні сэзон у вышэйшай лізе (атакуе Сяргей Козак)

Толькі ў 2007 годзе, дзякуючы намаганьням заўзятараў, вэтэранаў клюбу і выхаванцаў тарпэдаўскай дзіцяча-юнацкай школы, ФК «Тарпэда» быў адроджаны. Праўда, пачынаць давялося з гарадзкога першынства, а ў 2014-м калектыў зноў заявіўся ў другую лігу. За год задача-максымум была выкананая — і вось ён, яшчэ адзін шанец распачаць шлях на вяртаньне ў эліту беларускага футболу. Дарэчы, аўтазаводцы — адзін з тых клюбаў, дзе інфармацыйная і маркетынгавая кампанія вядзецца па-беларуску.

У свой час празь менскае «Тарпэда» прайшлі многія выбітныя футбалісты, для якіх атрыманы досьвед стаў трамплінам для працягу кар’еры ў камандах майстроў. Пра зорныя часы сталічнага калектыву ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды згадвае навуковец, літаратар, гулец чорна-белых пачатку 1970-х Алесь Клышка, які 8 сакавіка адзначыць 68-ы дзень нараджэньня. Праз шмат гадоў пасьля таго, як павесіў буцы на цьвік, свой насычаны тарпэдаўскі пэрыяд паэт-футбаліст увекавечыў у адным з разьдзелаў паэмы «Менская зямля». Але спачатку крыху перадгісторыі.

Вэтэран аўтазаводзкай каманды Алесь Клышка

Вэтэран аўтазаводзкай каманды Алесь Клышка

Першыя прапанаваныя трансфэры — у Грозны і Чалябінск

Як і большасьць хлапчукоў свайго пакаленьня, Алесь Клышка пачынаў з дваровага футболу. У дзіцяча-юнацкую спартовую школу № 5 трапіў толькі ў 15-гадовым узросьце, калі нешта «ляпіць» з амаль дарослага чалавека, здавалася, ужо позна. Тым ня меней закладзеныя вуліцай уменьні аказаліся не такімі і сьціплымі. Ужо праз два гады атрымаў першую ўзнагароду — выступаючы за каманду Менску, стаў чэмпіёнам рэспублікі сярод юнакоў. А яшчэ праз год быў адабраны ў моладзевую зборную.

Удалы старт дазволіў удзельнічаць у першай Спартакіядзе школьнікаў СССР — гуляў на месцы цэнтральнага абаронцы. Атлетычна зьбіты малады чалавек адразу прыцягнуў увагу футбольных скаўтаў, і ў 1966-м Алесь атрымаў запрашэньне пачаць будаваць кар’еру ў грозьненскім «Цераку» або чалябінскім «Лякаматыве». Аднак у міжсэзоньне, каб заняць паўзу, паспрабаваў паступіць на мэханіка-тэхналягічны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытуту. Стаўка згуляла, і ў выніку выбар схіліўся на карысьць вучобы. Зрэшты, як кажа спадар Клышка, футбол нікуды не падзеўся — застаўся гэткай жа важнай справай, як і навучальны працэс.

Студэнцкі футбол: Алесь Клышка стаіць другі справа

Студэнцкі футбол: Алесь Клышка стаіць другі справа

Алесь Клышка згадвае, што пад кіраўніцтвам трэнэра Ігара Пруднікава разам зь нязьменным капітанам студэнцкай каманды і партнэрам па абароне Давідам Кукуем двойчы гулялі ў фінале футбольнага першынства СССР сярод студэнцкіх камандаў — у Варонежы і Харкаве. Нягледзячы на тое, што каманды супернікаў з Масквы, Ленінграду, іншых рэспублік часьцяком былі ўзмоцненыя «студэнтамі», якія выступалі ў вышэйшай лізе саюзнага чэмпіянату, удавалася замацоўвацца на высокіх пазыцыях:

«З удзячнасьцю згадваю нашу каманду БПІ, якая на ўзроўні рэспублікі ня раз станавілася чэмпіёнам і прызэрам студэнцкіх першынстваў. Гонар інстытуту ў той час (1966–1971) абаранялі студэнты фактычна аднаго нашага факультэту. Найперш Валер Філатаў, які праз колькі часу стаў майстрам спорту, чальцом зборнай СССР, выступаў за каманду „Тарпэда“ (Масква), доўгі час быў прэзыдэнтам маскоўскага „Лякаматыву“. Абаронца Віктар Кірсанаў, які ўжо тады ўваходзіў у склад юнацкай зборнай СССР. Генадзь Глеб, выдатны паўабаронца, гуляў за „Кайрат“ (Алма-Ата). Галкіпэр, майстар спорту Аляксандар Міланін, Валер Сінцоў, Васіль Ільін, Уладзімер Дрыга — у 1960-х усе яны гулялі за розныя каманды ў чэмпіянаце СССР».

Юніёры Менску: Алесь Клышка стаіць трэці справа

Юніёры Менску: Алесь Клышка стаіць трэці справа

«Тарпэда» завабіла двухпакаёвай кватэрай

Зь некаторымі сябрамі-студэнтамі лёс потым зьвёў у менскім «Тарпэда», якое на пачатку 1970-х трэніраваў заслужаны трэнэр БССР Мікалай Блашко. Неўзабаве пасьля заканчэньня БПІ Алеся Клышку запрасілі выступаць за аўтазаводзкую каманду, і ўжо праз год у складзе клюбу ён стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату рэспублікі, быў капітанам каманды:

Самы імяніты легіянэр «Тарпэда» Эдуарда Марэйру

Самы імяніты легіянэр «Тарпэда» Эдуарда Марэйру

«Як я ўвогуле трапіў у каманду... У 1971 годзе скончыў інстытут, была магчымасьць пагуляць у прафэсійных расейскіх камандах. Але аднойчы на вясновым зборы сутыкнуліся з „Тарпэда“. Што ні гулец — асоба: Ганчароў, Журавенка, Карнееў, Савосьцікаў. Прыехалі на новым аўтобусе, выйшлі ў шыкоўных гарнітурах. А мы бац — і 4:0 іх перамаглі, я тады таксама гол забіў. Пасьля гульні падыходзіць Мікалай Іванавіч Блашко: „Слухай, якія пляны?“ Кажу, скончу інстытут ды паеду ў Расею. Ён раптам: „А давай прыходзь да нас!“ Думаю, як гэта адмовіцца, каб не пакрыўдзіць? І бяз задняй думкі: дасьце хату — пайду... Надыходзіць час разьмеркаваньня па інстытуце, у камісіі завісае паўза: як гэта на Клышку пэрсанальнае запрашэньне, ды яшчэ халасьцяку — з прадстаўленьнем жыльля? Можа, якая недарэчнасьць? Ну, а калі атрымаў такую прэфэрэнцыю, прыйшоў у каманду, мне спачатку далі пакой з агульнай кухняй, а праз годзік ужо меў двухпакаёвую кватэру. Так што лёс сам наканаваў там застацца і гуляць. Быў пэўны час капітанам, а ў 1972-м атрымаў бронзавы мэдаль чэмпіянату».

Газэтная справаздача з сустрэчы ДСК-1 — «Тарпэда»

Газэтная справаздача з сустрэчы ДСК-1 — «Тарпэда»

Малафееў прызначыў капітанам і ўзяў «на заметку»

Нягледзячы на амплюа абаронцы, Алесь Клышка меў выдатны бамбардырскі прыцэл. Пра гэта сьведчаць публікацыі ў спартовай прэсе 1960–1970-х, дзе адлюстравана галявая статыстыка выступаў як за студэнцкую каманду, так і за «Тарпэда». Дарэчы, унівэрсальнасьць на полі дазволіла ўвайсьці ў склад зборнай БССР і ўдзельнічаць у традыцыйным Кубку Прыбалтыкі, які па чарзе праходзіў у Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі:

Грамата з калекцыі маральных адзначэньняў

Грамата з калекцыі маральных адзначэньняў

У «Тарпэда» мне пашчасьціла пагуляць з «зоркамі»: брамнікам Мікалаем Журавенкам, майстрам спорту Дзьмітрыем Карнеевым, які потым гуляў у менскім «Дынама», быў чэмпіёнам Расеі ў складзе краснадарскай «Кубані», Анатолем Глебам, Мікалаем Іваніцкім... Згадваю, як у 1975-м на тарпэдаўскім стадыёне праходзілі гульні Кубку Прыбалтыкі, беларускую зборную трэніраваў Эдуард Малафееў, настаўнік менскага «Дынама». І прызначыў мяне капітанам. Уяўляеце, якое было хваляваньне! Як цяпер памятаю: поўны стадыён, у апошняй гульні разграмілі 5:0 Эстонію і заўзятары скандзіравалі: «Эдзік, бяры Клышку ў каманду!». Ён сапраўды падыйшоў, пацікавіўся ўзростам. Зразумела, што для футболу пачынаць у камандзе майстроў у 27 гадоў было позна. Але сказаў: будзем мець на ўвазе. Праз шмат гадоў зноў удалося згуляць з калегамі па моладзевай камандзе — Генадзем Вароніным, Віктарам Гірко, Валерыем Сямёнавым. Брамнікам, дарэчы, быў Юры Курбыка, як і я, выхаванец ДСШ № 5 і трэнэра Леаніда Лапунова».

Трэнэр Блашко хваліць абаронцу Клышку («Фізкультурнік Беларусі»)

Трэнэр Блашко хваліць абаронцу Клышку («Фізкультурнік Беларусі»)

На поле Алесь Клышка выходзіў да 2007 году і яшчэ пасьпеў паўдзельнічаць у «выставачным» матчы, прысьвечаным 60-годзьдзю заснаваньня на менскім аўтазаводзе каманды «Тарпэда». Наўрад ці тады нават мог сабе ўявіць, што гэта было разьвітаньне і з камандай, і з футболам увогуле. Бо далей — працяглае змаганьне зь цяжкой хваробай, заменай і ўжыўленьнем чатырох каленных і тазасьцегнавых суставаў. Прызнаецца, што цяпер мусіць дадаткова насіць 7 кіляграмаў жалезных ды плястыкавых імплянтантаў.

Футбалісты на стаўках машынабудаўнікоў

Цікаўлюся ў спадара Клышкі: чаму, на ягоны погляд, «Тарпэда» так і не дасягнула вышыняў іншага імянітага сталічнага клюбу — «Дынама»? Аўтазавод на тыя часы быў непараўнальна больш пасьпяховым ды заможным прадпрыемствам, чым сёньня і, напэўна, мог утрымліваць каманду?

«Вэтэран» часьцяком гартае архівы спартовай прэсы

«Вэтэран» часьцяком гартае архівы спартовай прэсы

«Тарпэдаўскі клюб упісаў вельмі сур’ёзную старонку ў гісторыю беларускага футболу. А чаму ня стаў на ўзроўні „Дынама“? Я гэтую кухню ведаю знутры, і тут усё банальна — грошы. Патрэбныя былі вялізныя сродкі, каб цягнуць такую махіну. Пры тым, што на аўтазаводзе вельмі прыхільна ставіліся да футбольнай каманды, магчымасьці непараўнальныя. Хоць нас фактычна насілі на руках. Я цяпер ня бачу столькі заўзятараў, колькі на нашых матчах, стадыён заўсёды быў поўны. Але на большае бюджэт разьлічаны ня быў. Дарэчы, на МАЗе мы ўсе былі аформленыя на стаўкі і атрымлівалі неблагія грошы. Плюс да гэтага мелі розныя талёны, дапамогу ўнутры клюбу. Такой задачы — дагнаць і перагнаць „Дынама“ — папросту не было. Тым ня меней адданых прыхільнікаў у каманды шмат да сёньня. Мяне надзвычай парадавала і ўсьцешыла, калі я пабачыў беларускамоўны сайт каманды http://tarpeda.org/. Прыемна, што ўзгадалі мяне як вэтэрана, а на сьвяточныя дні віншуюць гульцоў і заўзятараў маімі вершамі. Частку архіву я перадаў у клюб і спадзяюся, што калі-небудзь матэрыялы будуць навідавоку».

На дзедавы вымпелы пазірае ўнук Ясік

На дзедавы вымпелы пазірае ўнук Ясік

Азіраючыся на падзеі саракагадовай даўнасьці, Алесь Клышка згадвае, што завяршэньне футбольнай кар’еры вымагала вяртаньня ў прафэсію. У 1978-м, калі споўнілася 30 гадоў, ён вярнуўся ў БПІ і заняўся навуковай працай. Тым ня меней працягваў гуляць за каманду інстытуту і ў 1983-м атрымаў свой апошні мэдаль — срэбнага прызэра студэнцкага чэмпіянату рэспублікі. Тады, удакладняе, прапусьцілі наперад каманду Інстытуту фізкультуры, якую трэніраваў Міхаіл Андружэйчык, і гуляў супраць маладога форварда Ігара Крыўшэнкі, цяперашняга настаўніка жодзінскага «Тарпэда». А партнэрамі былі такія вядомыя ў беларускім футболе асобы, як Юры Мартынаў, Генадзь Картавіцкі, Аляксандар Чэрнік, Аляксандар Берташ.

Ода футболу ў «Менскай зямлі»

Праз два дзясяткі гадоў Алесь Клышка абараніў у сваёй альма-матэр кандыдацкую дысэртацыю, а пасьля папярэдняй абароны доктарскай перайшоў на працу ў Белдзяржунівэрсытэт, дзе і працаваў да апошняга часу — пакуль цяжка не захварэў. Гады, праведзеныя на футбольным полі, неўзабаве знайшлі адлюстраваньне ў паэме «Менская зямля».

Друкаваны ўрывак з паэмы, прысьвечаны Менску футбольнаму

Друкаваны ўрывак з паэмы, прысьвечаны Менску футбольнаму

Наагул, як кажа спадар Клышка, калі падчас лекаваньня і рэабілітацыі бракавала фізычнай сілы, літаратурная дзейнасьць станавілася своеасаблівай маральнай аддушынай. Менавіта за час прыкутасьці да ложка была напісана большая частка з амаль паўтара дзясятка кніжак. І, натуральна ж, на чым асабліва акцэнтуе ўвагу Алесь Клышка, ён мацуецца любоўю і клопатам жонкі Сьвятланы, дачкі і сына, чатырох унукаў:

Унівэрсальны гулец у гістарычным антуражы

Унівэрсальны гулец у гістарычным антуражы

«У той частцы сваёй паэмы, прысьвечанай футболу, я згадваю пра Аляксандра Пракапенку, зь якім у нас былі вельмі прыязныя адносіны яшчэ ад часоў, калі ён гуляў за бабруйскі „Фандок“. Пра Міхаіла Мустыгіна, зь якім мне пашчасьціла гуляць за каманду вэтэранаў у 1989 годзе. Ніколі не забудуся, як на стадыёне ў Рызе, калі мы гулялі з камандай Латвіі і дыктар абвяшчаў склады камандаў, пры словах „Міхаіл Мустыгін, № 9“ увесь стадыён вітаў яго стоячы.

Дарэчы, у 2011-м да сьвяточных імпрэзаў з нагоды 100-годзьдзя нашага футболу 100 асобнікаў кнігі „Менская зямля“ набыла Фэдэрацыя футболу Беларусі, што ва ўмовах маёй хваробы было добрай фінансавай падтрымкай».

З «Тарпэда» праз усё жыцьцё

З «Тарпэда» праз усё жыцьцё

Апошні міжнародны вэтэранскі турнір Алесь Клышка правёў у 1996 годзе ў складзе менскага «Дынама». На стадыёне ў польскім Новым Сончы партнэрамі па абароне былі Ігар Бялоў, Віктар Гірко, Васіль Віскушэнка, брамнік Юры Пятухоў, які быў прызнаны лепшым сярод калегаў па амплюа з Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Італіі.

За прыемным заняткам: разбор спартовай прэсы 1960–1970-х

За прыемным заняткам: разбор спартовай прэсы 1960–1970-х

XS
SM
MD
LG