Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады забаранілі Шумчанку і Статкевічу мітынг і шэсьце


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Менскія ўлады адмовілі Анатолю Шумчанку і Мікалаю Статкевічу ў правядзеньні 14 сакавіка мітынгу і шэсьця прадпрымальнікаў на наступны дзень пасьля падачы заяўкі на акцыю Анатолем Лябедзькам.

Пра гэта паведаміла рэспубліканскае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

У адказе, які даслаў Менгарвыканкам Шумчанку і Статкевічу, гаворыцца, што ў Менгарвыканкам «паступілі заявы іншых асобаў аб правядзеньні масавага мерапрыемства ў форме шэсьця па аналягічным маршруце 14 сакавіка».

«У адпаведнасьці з артыкулам 9 закону, якім забараняецца правядзеньне адначасова некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы ці па адным маршруце руху, Менскі гарвыканкам ня можа даць дазвол на правядзеньне 14 сакавіка масавых мерапрыемстваў — шэсьця і мітынгу на тэрыторыі Менску», — гаворыцца ў адказе Менгарвыканкаму.

Таксама менскія ўлады адзначаюць, што заяўнікі парушылі заканадаўства, разьмясьціўшы на інтэрнэт-сайтах інфармацыю пра дату, месца і час правядзеньня акцыі. Да таго ж месца збору ўдзельнікаў не адпавядае заканадаўству, не пазначана і крыніца фінансаваньня масавых мерапрыемстваў.

«Падача заявы старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі была зроблена наўмысна, каб быў жалезны аргумэнт адмовіць людзям, якія рэальна сёньня ўяўляюць пагрозу для ўладаў Беларусі. Прозьвішчы гэтых людзей можаце прачытаць у адказе Менгарвыканкаму. Улады банальна спалохаліся, і калі раней яны маглі шантажаваць перамовамі і іншымі пагрозамі, то цяпер зразумелі, што рабіць наўпрост у лоб — бескарысна, таму былі задзейнічаны іншыя варыянты. Якія?! Хай кожны сам сумленна адкажа сабе сам. Але, нягледзячы на гэта, мы не адступім і адкажам», — адзначыў Анатоль Шумчанка, камэнтуючы забарону ўладаў на акцыі пратэсту.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне маршу «За годнае жыцьцё» ў той жа час і ў тым жа месцы, дзе зьбіраліся праводзіць Марш прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч. Лябедзька патлумачыў, што хацеў «падстрахаваць» заяўку Шумчанкі і Статкевіча на мітынг у Менску 14 сакавіка. Пазьней Лябедзька паведаміў, што адклікаў заяўку на мітынг 14 сакавіка.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Як патлумачыў карэспандэнту Свабоды Мікалай Статкевіч, Лябедзька падаў сваю заяўку 29 лютага, а 1 сакавіка ўлады забаранілі Марш прадпрымальнікаў.

«Гэта пацьвярджае словы Анатоля Лябедзькі, што ягоная місія рабіць людзей шчасьлівымі. Ён зрабіў сваёй заяўкай масу людзей шчасьлівымі ў сыстэме МУС, КДБ, мабыць, іх гаспадара таксама ў пэўнай ступені зрабіў шчасьлівым. То бок віншую, малайчына, тут ён мае рацыю — усе шчасьлівыя. Не ведаю толькі як прадпрымальнікі, гледзячы па фэйсбуку, у іх іншая рэакцыя. Безумоўна, неяк рэагаваць з Анатолем Шумчанкам мы будзем, будзем абмяркоўваць сытуацыю. У нас быў варыянт на выпадак незаконнай адмовы. Але атрымліваецца, што адмова законная. Там напісана, што закон забараняе праводзіць дзьве акцыі ў адным месцы. Яны пра гэта і пішуць у адмове. То бок сёньня яны шчасьлівыя».

Што тычыцца іншых прычынаў, указаных у адмове, то Статкевіч назваў іх другаснымі.

«Грошы плацяцца пасьля атрыманьня дазволу на акцыі. Таму гэта сьмешна. Гэтак жа як і тое, што інфармацыя пра акцыю прайшла. Дык усе кажуць пра дзень акцыі, але нідзе мы не казалі пра час. Таму гэта ўсё другаснае. Калі б толькі па гэтых прычынах, то было б адназначна, што забарона незаконная. А законная, гэта і лягічна, што дзьве акцыі не могуць быць у адным месцы. Гэта недэмакратычна, але лягічна. Таму, малайчына, Анатоль».

Пакуль Мікола Статкевіч не паведаміў, ці выйдуць усё ж прадпрымальнікі на акцыю 14 сакавіка.

«Мы зьбярэмся, прымем рашэньне і агучым яго. У нас быў варыянт на выпадак незаконнай адмовы. А тут улада злавіла падачу Лябедзькі, і ім спатрэбіліся толькі суткі. Ён 29-га падаў, а 1-га яны ўжо адмовілі. Хаця ён праз тры дні і адклікаў сваю заяўку пад ціскам грамадзкасьці. Не ведаю, навошта чалавек гэта зрабіў, калі можна было дамовіцца, паразумецца, заклікаць людзей на гэтую акцыю, атрымаць там слова. Але навошта было яе зрываць, мне не зразумела. У нас жа толькі вуліца і засталася. І кожны лідар, партыя, асабліва хто з 90-х у палітыцы, усе выдатна ведаюць, што гэта нагода для адмовы. Навошта было гэта рабіць?» — сказаў Статкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG