Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая беларуская песьня «The Beatles»


Сябры! Гэтым тэкстам мне хацелася б пачаць цыкл невялікіх аб’ёмам блогаў пра сваю ўлюбёную музыку і музыкаў.

Проста адчуваю, што сваімі нараканьнямі на недахопы беларускай літаратурнай крытыкі і анлайн-спрэчкамі пра ролю расейскай мовы ў беларускай літаратуры я шмат каму намуляў вушы, таму хачу прапанаваць нешта менш канфрантацыйнае, калі можна так сказаць. Як пісаў Арыстотэль, музыка прыдае шляхетнасьці звычаям. Нават калі гэта і не заўжды так, то ў большасьці выпадкаў музыка выклікае хутчэй сьветлыя і ўзьнёслыя, чым змрочныя і прыгнечаныя пачуцьці.

Значыць, мой агульны пасыл ясны і ня можа выклікаць розначытаньняў.

Пачну з сусьветна вядомай песьні «Yesterday» гурту «The Beatles». Гэта адна з тых мэлёдый, якую чалавеку прыемна слухаць і ў 6 гадоў, і ў 16, і ў 56. Я праверыў гэта як на сваім уласным прыкладзе, так і на сваіх дзецях. На інаўгурацыю «Музыкалкі» (дзякуй за слова, якога я ня ведаў, Аляксандру Лукашуку!) я намовіў сваіх рэдакцыйных калегаў падзяліцца кароткай рэфлексіяй пра іхнае ўспрыманьне гэтай песьні ў прыватнасьці і гурту «Бітлз» у агульнасьці. Атрымаўся вось такі ролік з мабільніка:

У рэдакцыі Свабоды мы чулі ня раз гэтую песьню ў выкананьні Данчыка і можам сьцьвярджаць, што ён сьпявае лепш, чым Пол Макартні.

Сёньня, 4 сакавіка 2016 году, мінае 50 гадоў ад часу, як Джон Ленан заявіў, што «Бітлз больш вядомыя за Хрыста». І 50 гадоў ад выхаду міні-альбому «Yesterday», дзе гэтая песьня (якая ўпершыню зьявілася на альбоме «Help!» годам раней) была перавыдадзеная разам з трыма іншымі.

Песьня «Yesterday» некалі моцна выручала мяне ў жыцьцёва непамысных сытуацыях. Адна з гісторый была такая:

На схіле камуністычнай эпохі я настаўнічаў у Беластоку і вучыў ангельскай мове 300 дзяцей сёмых і восьмых клясаў. Дзьве траціны гэтых вучняў, пасьля пачатковага пэрыяду энтузіязму, не захацелі зубрыць ангельскую мову, як, дарэчы, раней не захацелі пранікнуць у тайны матэматыкі ці фізыкі, і проста білі лынды на маіх уроках ды заміналі вучыць мову іншым. Шчыра кажучы, палове з гэтых дзьвюх трацінаў трэба было б паставіць двойкі. Я ратаваўся ва ўсіх клясах аднолькавым чынам: прыносіў на ўрокі грамафон зь міні-альбомам «Yesterday», запісваў словы песьні на дошцы, і мы сьпявалі яе ўвесь урок разам з Полам Макартні ды паўтаралі такі ўрок яшчэ пяць-шэсьць разоў запар. Нават непапраўныя невукі пасьля пяці ўрокаў завучвалі словы песьні на памяць. Потым усіх тых, каму выпадала паставіць двойкі па ангельскай мове, я прасіў прачытаць словы «Yesterday» з памяці. І ставіў пяцёркі і чацьвёркі, каб выцягнуць іх на тройку.

Yesterday (John Lennon/Paul McCartney)

Yesterday
all my troubles seemed so far away.
Now it looks as though they’re here to stay.
Oh, I believe in yesterday.

Suddenly
I’m not half the man I used to be.
There’s a shadow hanging over me.
Oh, yesterday came suddenly.

Why she had to go,
I don’t know, she wouldn’t say.
I said something wrong,
now I long for yesterday.

Yesterday
love was such an easy game to play.
Now I need a place to hide away.
Oh, I believe in yesterday.

P.S.: Калі вам гэткі музычны блог зь відэакліпам даспадобы, давайце дзяліцца сваімі думкамі і музычнымі адкрыцьцямі, захапленьнямі і расчараваньнямі ў камэнтарах. Са свайго боку абяцаю актыўна ўдзельнічаць у абмене меркаваньнямі. Пра тэхнічны бок музыкі — розныя актавы, інтэрвалы, поліфаніі і сынкопы — я амаль нічога ведаю, таму пра гэта ня буду. Але ахвотна паслухаю дасьведчаных людзей.

Калі мы пры «Бітлз», то цікава было б пачуць меркаваньні наведнікаў нашага сайту, ці іхная музыка ўсё яшчэ выклікае жывую рэакцыю сярод сучасных слухачоў, або гэта ўжо запылены музэйны экспанат?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG