Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: Украіну на калені ўжо не паставяць


Павал Шарамет

Павал Шарамет

Да таго, што адбываецца ў Крыме і на Данбасе, украінцы ставяцца як да вайны з Расеяй.

Пра гэта заявіў тэлевядоўца, журналіст, заснавальнік сайта «Беларускі партызан» і выканаўчы дырэктар сайта «Ўкраінская праўда» Павал Шарамет.

«Я на самай справе ўдзячны вельмі многім украінцам за тое, што яны ўсё яшчэ праводзяць падзел паміж Пуціным і расейцамі, паміж Пуціным, Расеяй і расейцамі. Ёсьць нянавісьць да Пуціна, ёсьць нянавісьць да Расеі як да дзяржавы, але няма такой жа нянавісьці ў дачыненьні да расейскіх людзей. Далей такі падзел украінцам будзе рабіць усё складаней і складаней, калі ня будзе міру, мы павінны гэта разумець. Расея губляе кожны дзень свайго прыязнага суседа, прорва становіцца велізарнай. Сыдуць потым дзесяцігодзьдзі на тое, каб аднавіць нармальныя адносіны», — падкрэсьлівае Павал Шарамет.

Па словах Шарамета, «ваяўнічыя цемрашалы» ў Маскве павінны разумець, што яны могуць адарваць ад Украіны частку тэрыторыі і забіць дзясяткі тысяч людзей, але Ўкраіну ім сабе не падпарадкаваць.

«Украіну на калені яны ўжо не паставяць. Усёй Украінай гэтыя ваяўнічыя цемрашалы падавяцца. Таму трэба спыніцца, трэба сесьці за стол перамоваў і трэба спыніць гэтую агрэсіўную палітыку. Таму што я бачу настроі ўкраінскага народа. Тыя, хто разьлічвае, што ў выніку эканамічнага крызісу будзе скінутая ўлада Яцанюка, Парашэнкі, і прыйдуць прарасейскія сілы, — яны глыбока памыляюцца», — падкрэсьлівае ён.

Шарамет лічыць, што калі прэзыдэнт Пятро Парашэнка кажа пра тое, што сёньня існуе пагроза аднаўленьня баявых дзеяньняў на Данбасе, то да гэтага варта ставіцца вельмі сур’ёзна:

«Прычым гэта не падобна на тое, што нагнятаючы абстаноўку, Парашэнка спрабуе адцягнуць увагу ад унутрыпалітычных праблемаў. Ён разглядае гэта як больш-менш рэальную пагрозу, таму што, напрыклад, мінулым летам, калі яго журналісты церабілі і казалі: як жа так, калі расейцы зараз зноў пачнуць наступ. Ён кажа: не, паўгода, хутчэй за ўсё, ніякіх дзеяньняў ня будзе. І выявілася, што ён меў рацыю. Таму цяпер, калі ён кажа, што ёсьць пагроза аднаўленьня ваенных дзеяньняў, да гэтага трэба ўважліва прыслухоўвацца», — лічыць Шарамет.

Цалкам інтэрвію Паўла Шарамета можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG