Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1991 год. Сябра зьяжджаў зь Беларусі ў Расею. У Сыбір. У Іркуцк. Зьяжджаў па лепшую долю, па асабістае шчасьце, ратаваўся ад Чарнобылю, разам з маці выбіраўся да сваякоў на Байкале. Яшчэ была куча розных прычын зьехаць. Ён так сабе пастанавіў.

Ішоў час, сябра ўладкаваўся ў фірму, гандлявалі дзіцячымі цацкамі. Іншы раз заяжджаў у Менск па дарозе ў краіны Эўропы. Аднойчы я зьнянацку сустрэў яго ў горадзе-героі.

– Праездам? – пацікавіўся я.

– Не, – адказаў ён. – Пераяжджаем назад, шукаю зараз, дзе купіць кватэру.

– Ого, а што так?

– Адным словам не адкажаш. Сустрэнемся неяк, сядзем-пагаворым.

На тым і дамовіліся.

Пакуль мы сустрэліся, сябра перавёз назад у Беларусь сваю сям'ю, маці і бацькоў жонкі. Табарам пераехаў, сьмяяліся мы пры сустрэчы. Сябру пашанцавала – як шматдзетная сям'я, яны хутка атрымалі новую сацыяльную кватэру, прыкупілі дом у вёсцы для бацькоў жонкі, якія атрымліваюць расейскую пэнсію і, у прынцыпе, уладкаваліся добра.

– Так што вас зрушыла з Байкалу? – зноў вярнуўся я да тэмы пры нагодзе, падымаючы чарку пасьля лазьні.

– Ведаеш, такое сталае адчуваньне камандзіроўкі. Па драбніцах, але прысутнасьць нейкіх абставін, якія не давалі адчуць сябе спакойна. Старэйшага сына ў школе, вымагаючы грошы, дапякала гапата. Яшчэ некалькі гадоў, і надыходзіў час ісьці дзецям ў войска. Расейскае войска. Ды Іркуцк гэта ня Менск. Паболела кітайцаў, гэта, вядома, не каўказцы, але… Да таго ж пачалі вяртацца з Расеі ў Беларусь сваякі. Апошняй кропляй было, калі заўважыў, як лаецца на прыпынку матам абкураны дзесяцігадовы пацан.

Сябра адчуў сытуацыю і зрабіў comeback. Яму было куды гэты comeback рабіць і, думаю, ён не шкадуе.

Ён вярнуўся ў 2004 годзе, калі ў Расеі здарыўся Бяслан, дзе вайскоўцы зьнішчылі разам з тэрарыстамі і закладнікаў-дзяцей. Годам раней былі кінутыя на волю лёсу маракі субмарыны «Курск». Годам пазьней у часе штурму былі атручаныя газам у тэатры на Дуброўцы ў Маскве гледачы мюзікла «Норд-Ост». Гэта толькі знакавыя выпадкі тае пары, дзе найяскравейшым чынам было прадэманстраванае стаўленьне расейскай улады да лёсу прыватнага чалавека.

Пры ўсіх нашых праблемах, п’яныя мянты тут не разраджаюць свой «макараў» у пакупнікоў гіпэрмаркету, падлеткі не арганізуюцца, як у Чыце (што недалёка ад Іркуцку, дарэчы), у Арыштанцка-уркаганскае адзінства, абкладаючы данінай і тэрарызуючы іншых школьнікаў, і не нападаюць на міліцэйскія ўправы. У нас на трэці дзень выратавальнай апэрацыі не затапляюць шахту з шахцёрамі, як у Варкуце. Нарэшце, тут немагчыма ўявіць мусульманку ў хіджабе, якая каля гадзіны (!) ходзіць па вуліцы сталіцы й патрасае адрэзанай галавой чатырохгадовага дзіцяці, а мянты ўцякаюць ураздроб ад гэтае страшнае карціны і ад вусьцішнага крыку «Алах Акбар».

Гэтыя кадры ў інтэрнэце ўражваюць сваім жудасным вобразам сёньняшняе Расеі, дзе зьлілося разам усё: і нянавісьць, і страх, і шаленства.

Сябра мае расейскі пашпарт і зараз думае, ці варта мяняць яго на беларускі. Ён ня лезе ў палітыку, толькі пакеплівае з нашых пацешных генэралаў, што салютуюць на вайсковых парадах «Колю-генэралісімусу».

Мы сядзім за сталом у ягонай хаце. Выпіваем, закусваем і глядзім тэлевізар. Па тэлевізары НТВ, на экране Пуцін і вайна на Данбасе. Жонка сябра памінае нядобрым словам «хахлоў-бандэраўцаў». Я ў адказ – яе фаварыта Пуціна. Я – хросны іхнае дачкі. Нам хапае розуму не пачынаць сваркі. Але пры расстаньні яна задае мне пытаньне, на якое проста адказаць ня можна: – Чаму ты ня любіш Пуціна?

– У любым выпадку, я люблю цябе болей, чым не люблю Пуціна, – усьміхаюся я, і мы разьвітваемся.

Дык чаму ж сябра вярнуўся? Думаю, якраз з-за таго, што адчуў, што пакуль у нас у краіне, па вялікаму і нягледзячы ні на што, любові больш, чым нянавісьці. Пакуль мы не палюбілі Пуціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG