Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нармандзкая» сустрэча ў Парыжы: вялікага посьпеху не дасягнулі


Перад пачаткам сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі»: (зьлева направа) Сяргей Лаўроў, Павал Клімкін, Жан-Марк Эро, Франк-Вальтэр Штайнмаер
Перад пачаткам сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі»: (зьлева направа) Сяргей Лаўроў, Павал Клімкін, Жан-Марк Эро, Франк-Вальтэр Штайнмаер

Клімкін: для арганізацыі выбараў у акупаванай частцы ўкраінскага Данбасу неабходна вырашыць пытаньне бясьпекі.

Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў пасьля заканчэньня сустрэчы кіраўнікоў МЗС у «нармандзкім фармаце» (Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі) у Парыжы, што вялікага прагрэсу на ёй не дасягнулі.

Як сказаў Клімкін у ноч на пятніцу, украінскі бок вылучыў шэраг прапановаў і прагне вырашэньня закранутых пытаньняў.

У прыватнасьці, заявіў ён, для арганізацыі выбараў у акупаванай частцы ўкраінскага Данбасу неабходна вырашыць пытаньне бясьпекі, і гэта павінна быць комплексная бясьпека, безь якой пра выбары казаць нельга.

Гэта, падкрэсьліў Клімкін, тычыцца ня толькі адводу ўзбраеньняў, а таксама і неабходнасьці кантролю АБСЭ за ўкраінска-расейскай мяжой.

Крыху пазьней, камэнтуючы заявы іншых бакоў, Павал Клімкін напісаў у твітэры: «Не зьвяртайце ўвагі на розныя інтэрпрэтацыі. Ні пра якія вынікі не дамовіліся. Наша пазыцыя — спачатку бясьпека».

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, са свайго боку, заявіў, што Парыж і Бэрлін прапанавалі правесьці выбары ў акупаванай частцы Данбасу ўжо ў чэрвені, і Масква «была гатовая падтрымаць» гэта, але, паводле яго слоў, Кіеў «прасіў не настойваць на гэтым», таму кансэнсусу не дасягнулі.

Акрамя таго, Лаўроў паўтарыў пазыцыю Масквы пра «абавязацельствы ўкраінскай улады ўзгадніць пытаньне правядзеньня выбараў з Данбасам», маючы на ўвазе сэпаратыстаў у гэтым рэгіёне Ўкраіны, якіх падтрымлівае Расея. Паводле яго слоў, гэтыя абавязацельствы «ніяк ня могуць матэрыялізавацца».

Расейскі міністар дадаў, што Расея гатовая «паўплываць на нашых калегаў на Данбасе» (зноў жа маючы на ўвазе сэпаратыстаў), каб яны лепш супрацоўнічалі з АБСЭ.

Лаўроў дадаў, што, хутчэй за ўсё, у будучыні плянуецца і тэлефонны кантакт кіраўнікоў краінаў «нармандзкага фармату».

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро заявіў, што «Нармандзкая чацьвёрка» выказала жаданьне, каб мясцовыя выбары на акупаванай частцы Данбасу адбыліся да канца першага паўгодзьдзя гэтага году.

На сустрэчы было адзначана пра важнасьць прыняць закон аб такіх выбарах, каб іх можна было правесьці ў гэты тэрмін, дадаў ён.

Паводле міністра замежных спраў Францыі, у сумесным камюніке па выніках сустрэчы таксама заклікалі да 30 красавіка стварыць мэханізм прадухіленьня выпадкаў парушэньняў рэжыму спыненьня агню на Данбасе. Бакі канфлікту закліканыя ў гэты ж дзень ажыцьцявіць абмен усімі незаконна ўтрыманымі асобамі.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў пасьля сустрэчы, што для посьпеху «менскага працэсу» ўрэгуляваньня ў частцы Данбасу неабходныя ня дробныя крокі, а адважныя рашэньні бакоў канфлікту.

Паводле яго слоў, ён не задаволены ні становішчам на ўсходзе Ўкраіны, ні цяперашняй сустрэчай, ні тым, як Масква і Кіеў вялі на ёй перамовы.

Перад пачаткам сустрэчы ён заяўляў, што Нямеччына і Францыя чакалі ад яе «сапраўднага прагрэсу» з боку Расеі і Ўкраіны ў справе ўрэгуляваньня.

«Нармандзкая чацьвёрка» — Украіна, Нямеччына, Францыя, Расея — на перамовах на ўзроўні міністраў замежных спраў і дзяржаўных кіраўнікоў абмяркоўвае спосабы ўрэгуляваньня канфлікту ў акупаванай частцы ўкраінскага Данбасу.

Баявыя дзеяньні на Данбасе працягваюцца з красавіка 2014 году. Тады ўлада Украіны абвясьціла аб правядзеньні антытэрарыстычнай апэрацыі на частцы тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей. Частка гэтых абласьцей, у тым ліку і іх буйнейшыя гарады Данецк і Луганск, далей акупаваныя сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея, і расейскімі рэгулярнымі войскамі. З красавіка 2014 году, паводле дадзеных ААН, на Данбасе загінулі больш за 9000 чалавек, больш за 21 000 параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG