Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Склад журы прэміі Гедройця дагэтуль ня вызначаны. Уганараваньне пераносіцца на верасень


Архіўнае фота. Барыс Пятровіч, Лешак Шарэпка, Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч. Абвяшчэньне кароткага сьпісу намінантаў на прэмію імя Ежы Гедройця. Менск, 7 лютага 2012 году

Архіўнае фота. Барыс Пятровіч, Лешак Шарэпка, Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч. Абвяшчэньне кароткага сьпісу намінантаў на прэмію імя Ежы Гедройця. Менск, 7 лютага 2012 году

4 гады таму, 3 сакавіка 2012 году, ва Ўсясьветны дзень пісьменьніка, у Беларусі ўпершыню адбылася ўрачыстая цырымонія ўганараваньня беларускіх празаікаў і эсэістаў літаратурнай прэміяй Ежы Гедройця.

Сёлета прэмія мелася б уручацца ўжо пяты раз. Але заснавальнік прэміі, былы амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка зьехаў зь Беларусі. Дагэтуль не апублікаваны сьпіс твораў, пададзеных на прэмію — так званы лонг-ліст, ня вызначаны і склад журы. Беларуская інтэлігенцыя занепакоілася: ці застанецца наагул прэмія Гедройця?

Шарэпка зьехаў, прэмія засталася

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця была заснаваная цяпер ужо былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешакам Шарэпкам пры фінансавай падтрымцы «Ідэя-банку» і Калегіюму Ўсходняй Эўропы ва Ўроцлаве. Дарэчы, Лешак Шарэпка — бадай, адзіны дыплямат, які напісаў дзіцячую кніжку, якую апублікавалі па-беларуску — «Прыгоды коціка-Грукоціка». Але ў жніўні 2015 году кадэнцыя спадара Шарэпкі скончылася, і ён пакінуў Беларусь.

Першы дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі запэўніў Радыё Свабода, што справа Лешака Шарэпкі будзе працягвацца:

Архіўнае фота. Цырымонія прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. 3 сакавіка 2012 году

Архіўнае фота. Цырымонія прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. 3 сакавіка 2012 году

«Пакуль няма новага амбасадара, але мы чакаем, што цягам некалькіх тыдняў ён прыедзе. Мы працуем разам зь беларускім ПЭН-цэнтрам. Хто будзе ў журы, мы не вырашаем, гэта справа ПЭН-цэнтру. Мы толькі ствараем умовы, арганізоўваем і фінансуем тэхнічны бок, ладзім урачыстую цырымонію. А ўсім астатнім — зборам заявак, вызначэньнем ляўрэатаў, мастацкім бокам — займаецца ПЭН-клюб».

Не ПЭНам адзіным

Паўстае пытаньне: чаму ў зьвязку з прэміяй прыгадваюць толькі ПЭН-цэнтар? Ад розных аўтарытэтных асобаў, якія ў той ці іншай ступені мелі дачыненьне да прэміі Гедройця, цікавіліся ёй, я чула, што ПЭН-цэнтар, так бы мовіць, «прыватызаваў» прэмію Гедройця. Паводле ўмоваў, апублікаваных на афіцыйным сайце прэміі, «арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч запэўніў Свабоду, што тэрміны крыху пасунуліся, але прэмія абавязкова будзе. Аднак канкрэтнага адказу, хто сёлета будзе ў журы, так і ня даў:

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

«Я сёе-тое ведаю, як абывацель, як чалавек, блізкі да колаў кіраўніцтва ПЭНу, але ня ўпэўнены, што магу гэта ўсё камэнтаваць. Генэральная інфармацыя: усё добра і ўсё неўзабаве будзе. Уся інфармацыя зьявіцца на наступным тыдні. Складанасьці былі, але пасьпяхова вырашаюцца. Пэўныя працоўныя моманты, на жаль, на некалькі тыдняў затрымалі ўсю гэту прэміяльную гонку. Я ведаю прыблізна імёны сябраў журы, але не адчуваю сябе кампэтэнтным даваць інфармацыю.

Я літаральна ўчора выказваў свой неспакой, зь якім і вы зьвяртаецеся да мяне, мне было клятвенна заверана, што на наступным тыдні адбудзецца паседжаньне журы — а гэта значыць, ёсьць каму засядаць. А па-другое, адразу па гэтых выніках зьявіцца поўны сьпіс намінантаў. Сёлета крышачку пазьней, чым звычайна, але прэмія будзе ўручацца абавязкова», — запэўніў Андрэй Хадановіч і параіў зьвярнуцца да выканаўчага дырэктара Беларускага ПЭН-цэнтра Паўла Анціпава.

Прэмія будзе, але пазьней

Яшчэ адзін арганізатар і сябра камітэту прэміі, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч таксама запэўніў, што прэмія будзе ўручацца, але працэс зацягнецца па часе, і што склад журы абмяркоўваўся. Але хто канкрэтна туды ўвойдзе, таксама не сказаў.

Архіўнае фота. Літаратурная прэмія Гедройця 2015, цырымонія ўручэньня, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Андрэй Гуцаў, прадстаўніца Антона Францішка Брыля, Альгерд Бахарэвіч

Архіўнае фота. Літаратурная прэмія Гедройця 2015, цырымонія ўручэньня, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Андрэй Гуцаў, прадстаўніца Антона Францішка Брыля, Альгерд Бахарэвіч

Выканаўчы дырэктар Беларускага ПЭН-цэнтру, да якога скіраваў Свабоду Андрэй Хадановіч, Павал Анціпаў таксама запэўніў, што прэмія будзе, але, хутчэй за ўсё, уручэньне будзе перанесенае на верасень. Маўляў, ПЭН-цэнтар вельмі загружаны працай, у яго шмат прэміяў: прэмія імя Цёткі, прэмія «Дэбют», «Кніга году» — ня справіліся з аб’ёмамі. Што да прэміі Гедройця, спадар Анціпаў патлумачыў:

«Паводле працэдуры, кніжкі прынятыя праз інтэрнэт. Зараз яшчэ зьбярэцца журы, і яно таксама будзе дадаваць кніжкі ў гэты сьпіс. То бок сьпіс фармуецца на першым паседжаньні журы. Паколькі паседжаньня журы яшчэ не было, таму нельга казаць, што ёсьць гэты сьпіс. Яго пакуль што няма».

Хто ў журы, пакуль сакрэт

На канкрэтнае пытаньне, ці можа спадар Анціпаў назваць хоць некаторыя кандыдатуры, хто сёлета будзе ў журы, ён адказаў, што пра гэта будзе абвешчана праз два тыдні:

«Цяпер усё на стадыі перамоваў. Папярэднія згоды ёсьць, але я не магу называць гэтых людзей, таму што гэта толькі папярэднія згоды. Цягам двух тыдняў будзе ўсё вядома. Калі было б штосьці дакладнае, я б сказаў».

Архіўнае фота. Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч, Артур Клінаў. Цырымонія прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. 3 сакавіка 2012 году

Архіўнае фота. Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч, Артур Клінаў. Цырымонія прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. 3 сакавіка 2012 году

Далей у размове былі загадкі, рэбусы, мэтад выключэньня... Я называла аўтарытэтных беларускіх літаратараў, сябраў журы мінулых гадоў, пераможцаў прэміі Гедройця, а спадар Анціпаў адказваў. Такім чынам, у журы прэміі Гедройца дакладна ня будзе Уладзімера Арлова, Барыса Пятровіча, Андрэя Хадановіча — яны ня могуць увайсьці паводле статуту, бо зьяўляюцца сябрамі Камітэта прэміі, які займаецца фармаваньнем журы.

Паводле Паўла Анціпава, у журы таксама ня будзе філёзафа Валянціна Акудовіча, леташняга ляўрэата прэміі Гедройця Віктара Казько. Ня будзе і леташніх прадстаўнікоў польскага боку — Адама Паморскага і Малгажаты Бухалік.

Бухалік не запрасілі

Вядомая польская перакладчыца Малгажата Бухалік, дарэчы, была ў журы тры гады запар, а летась даволі рэзка выказалася пра сам працэс вызначэньня пераможцаў.

У «Нашай Ніве» былі зьмешчаны яе некалькі артыкулаў, у тым ліку і «Пра кнігу Казько, прэмію Гедройца і літаратурны працэс». Пасьля такіх крытычных заўваг спадарыню Бухалік ў журы сёлета не запрашаюць.

Архіўнае фота. Пераможца прэміі Ежы Гедройця Ігар Бабкоў (крайні зьлева)

Архіўнае фота. Пераможца прэміі Ежы Гедройця Ігар Бабкоў (крайні зьлева)

А вось хто будзе з польскага боку ў журы, Павал Анціпаў не прызнаўся. Разам з тым ён паведаміў, што кандыдатура Віктара Казько абмяркоўвалася, але яго ня будзе ў журы. А вось пазамінуламу ляўрэату прэміі Ігару Бабкову прапанова паступіла. Ён гэта пацьвердзіў і вельмі станоўча ацаніў ролю прэміі Гедройця ў літаратурным працэсе Беларусі:

«Самае галоўнае, што прыўносіць прэмія, — гэта фармаваньне і публічнае абмеркаваньне літаратурнага канону, актуальнай літаратуры. І як гэта ні сьмешна гучыць, літаратары пачалі больш і цікавей пісаць. „Дзьвіжуха“ пачалася».

____________________________________________________

Літаратурная прэмія Гедройця прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Намінаваньне праходзіць у тры этапы. Спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазыцый), за ім — шорт-ліст (6 пазыцый). Пераможца атрымлівае 10 тысяч эўра. Сярод узнагародаў прызэраў — магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

Пераможцамі прэміі былі Павал Касьцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», Уладзімер Някляеў за кнігу «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», Ігар Бабкоў за «Хвілінку» і Віктар Казько за «Час зьбіраць косьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG