Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск эканамічным мігрантам: Ня едзьце ў Эўропу!


Дональд Туск

Дональд Туск

«Я хачу зьвярнуцца з заклікам да ўсіх патэнцыйных нелегальных
эканамічных мігрантаў, адкуль бы вы ні былі. Ня прыяжджайце ў Эўропу.
Ня верце тым, хто прапануе паслугі правадніка», — заявіў старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск на прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам.

«Не рызыкуйце вашым жыцьцём і вашымі грашыма. Усё гэта ні да чаго не прывядзе», — дадаў Туск.

Паводле міністэрства абароны Грэцыі, цяпер у краіне накапілася каля 32 тысяч уцекачоў, якія ня могуць працягваць шлях далей у Эўропу. ААН прагназуе, што у бліжэйшыя дні іх можа быць да 70 тысяч. Прэм’ер Цыпрас са свайго боку заклікаў увесьці санкцыі супраць тых краінаў ЭЗ, якія не ахвотныя браць удзел у вырашэньні міграцыйнай праблемы. Шэраг палітыкаў з маладзейшых краін зьвязу, аднак, прапануюць разгледзець пытаньне пра вылучэньне Грэцыі з Шэнгену, паколькі яна не спраўляецца з аховай супольнай мяжы.

Дональд Туск выказаў сваё меркаваньне, што «Грэцыя застанецца часткай Шэнгену, эўразоны і Эўразьвязу». Паводле палітыка, толькі шэнгенскія правілы могуць стаць асновай для ўсеагульнага эўрапейскага рашэньня. «Мы павінны пазьбегнуць памылкі, што існуе нейкае эўрапейскае рашэньне акрамя датрыманьня шэнгенскіх правіл. Яны ня вырашаць крызыс, але бязь іх у нас увогуле няма ніякіх шанцаў яго вырашыць».

XS
SM
MD
LG