Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту: Мы будзем размаўляць з Лукашэнкам, калі спатрэбіцца


Марцін Шульц

Марцін Шульц

Прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц даў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкарду Юзьвяку. Сярод іншага ён адказаў на пытаньне, ці гатовы вітаць у Эўрапарлямэнце і паціснуць руку кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, зь якога зьнялі забарону на ўезд у Эўразьвяз.

Шульц: Спадар Лукашэнка вельмі дзейны [у арыгінале efficient — РС] чалавек, але я асабіста быў расчараваны, калі ён зацьвердзіў сьмяротны прысуд 22-гадоваму хлопцу, і прысуд быў прыведзены ў выкананьне. У мяне шмат пытаньняў да спадара Лукашэнкі. Але я добра памятаю словы колішняга міністра замежных спраў Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны, які сказаў, што калі б мы мелі стасункі толькі з паўнавартаснымі дэмакратыямі, дык можна было б перанесьці МЗС у ягоны дом. Таму калі будзе патрэба размаўляць са спадаром Лукашэнкам, вядома ж Эўрапарлямэнт будзе размаўляць са спадаром Лукашэнкам.

РС: Якімі маюць быць стасункі з такімі краінамі, як Азэрбайджан і Беларусь, пра якія Вы сам кажаце, што цяпер яны не падзяляюць нашы эўрапейскія каштоўнасьці?

Шульц: Гэтыя краіны знаходзяцца ў пэрыядзе трансфармацыі. Усе постсавецкія краіны, якія перажываюць напружаныя часы, тым ня менш зьяўляюцца нашымі партнэрамі. Гэта нашы суседзі. Мы павінны прымаць рэчаіснасьць. У міжнароднай дыпляматыі шкодна выдаваць пажаданае за сапраўднае. Мы павінны ўплываць на іх у кірунку большай павагі да асабістых правоў, дэмакратыі, правоў чалавека, каб гарантаваць ваенную і эканамічную бясьпеку. Паколькі гэта нашы суседзі, мы павінны спрабаваць прыцягнуць іх як мага найбліжэй да Эўразьвязу. Вы ведаеце, што я вялікі прыхільнік колішняга канцлера Нямеччыны Вілі Брандта. Ягоны падыход у межах гэта званай усходняй палітыкі быў «зьмены праз збліжэньне». Гэта таксама і сёньняшняя стратэгія Эўразьвязу. Чым бліжэй мы падыдзем з нашай дэмакратыяй да аўтарытарных сыстэмаў, чым больш яны супрацоўнічаюць з намі і залежаць ад эканамічнага супрацоўніцтва з намі, тым большы наш шанец паўплываць на іх у кірунку дэмакратызацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG