Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага блогера судзяць за словы «Бога няма»


Карыкатура Сяргея Ёлкіна
Карыкатура Сяргея Ёлкіна

У Стаўрапалі 2 сакавіка пачаліся слуханьні крымінальнай справы блогера Віктара Краснова, якога экспэртыза прызнала вінаватым у абразе пачуцьцяў вернікаў.

Справа здарылася яшчэ ўвосень 2014 году. Ведучы спрэчку ў сацсетцы «Вконтакте» Красноў напісаў фразу «Бога нет» і назваў Біблію «зборнікам габрэйскіх казак». Атэістычныя выказваньні Краснова абразілі двух ягоных суразмоўцаў, якія падалі заяву ў паліцыю. Цягам сьледзтва была праведзеная лінгвістычная экспэртыза выказваньня Краснова, а таксама псыхіятрычнае абсьледаваньне яго самога. Высновы экспэртаў прывяло выданьне Грани.ру. Там гаворыцца, што выказваньне адносіцца не да людзей, а рэлігійных дагматаў. Таму выказваньне не абражае канкрэтных людзей, але носіць «абразьлівы характар у дачыненьні да праваслаўнага хрысьціянства».

Блогер Віктар Красноў
Блогер Віктар Красноў

Расейскі правабаронца Павел Чыкаў адзначае, што Краснова судзяць па новай рэдакцыі артыкула 148 КК РФ (абраза пачуцьцяў вернікаў), які быў прыняты пасьля справы Pussy Riot. Краснову можа пагражаць да трох гадоў калёніі.

Адвакат абвінавачанага Андрэй Сабінін расказаў, што пацярпелыя некалькі месяцаў ухіляліся ад удзелу ў працэсе і толькі ўчора, 2 сакавіка, былі дастаўленыя ў суд прымусова. Адвакат пагутарыў з адным зь іх, які служыць у войску. «Ён не адказаў на ніводнае элемэнтарнае пытаньне, якое б пацьвердзіла яго веру, — расказвае Сабінін. — Ён не адказаў на пытаньне пра сымбаль веры. А са слоў царкоўнаслужыцеляў, калі чалавек не адказвае на гэтае пытаньне, яго зь цяжкасьцю можна назваць вернікам. Ён таксама не адказаў на пытаньне, які храм ёсьць у тым горадзе, дзе ён нарадзіўся і жыў да дваццаці гадоў. А храм там усяго адзін. Калі гэты чалавек веруючы, то ён павінен быў хадзіць туды на прычасьце хоць бы зрэдзьчасу. Пацярпелы таксама не адказаў на пытаньне, хто такі „благочинный“ — ён нават ня ведае такога слова. Таму ёсьць сумненьні, наколькі гэта веруючы чалавек», — заключае адвакат.

Блогер Віктар Красноў сваёй віны не прызнае. Наступныя слуханьні яго справы заплянаваныя на 15 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG