Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.


Карбалевіч: 2 сакавіка, у сераду, адбылася Асамблея дзелавых колаў. Гэта традыцыйнае штогадовае мерапрыемства бізнэс-саюзаў Беларусі. Сёлета яно праводзіцца 17-ты раз.

Але менавіта да сёлетняга мерапрыемства асаблівая ўвага. Бо краіна ў глыбокім крызісе, на нашых вачах адбываецца крах сацыяльнай мадэлі, якая існавала 20 гадоў. Дзяржаўны сэктар эканомікі ў глыбокім заняпадзе. І менавіта малы і сярэдні бізнэс мог бы стаць рухавіком выхаду з крызісу, асноўным інструмэнтам пабудовы новай эканомікі.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Я прысутнічаў на асамблеі, таму магу падзяліцца асабістымі ўражаньнямі. Зьнешне ўсё выглядала ўрачыста і імпазантна. Прысутнічалі ня толькі бізнэсоўцы, але і прадстаўнікі амаль усіх міністэрстваў і ведамстваў агульнанацыянальнага ўзроўню. Былі нават тры міністры: эканомікі, гандлю і замежных спраў. Яны сядзелі ў прэзыдыюме. Былі прадстаўнікі амбасадаў, кітайскі пасол нават выступіў на форуме. Гаварылі пра праблемы бізнэсу, пра ўзаемаадносіны, дыялёг саюзаў прадпрымальнікаў і ўлады. Усё было даволі канструктыўна.

Падаецца, ні ўлады, ні сам бізнэс, кіраўнікі бізнэс-саюзаў не разглядаюць недзяржаўны сэктар як галоўны суб’ект эканамічнага разьвіцьця.

Але менавіта ў гэтым і кантраст, што асамблея праходзіла ў звычайным рэжыме ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі ў эканоміцы і грамадзтве. Маштаб дыскусіі не адпавядаў маштабу крызісу, маштабу праблемаў, перад якімі апынулася краіна. Не было адчуваньня, што насоўваецца катастрофа. Прычым катастрофа ў тым ліку і для бізнэсу. Толькі ў выступе сустаршыні Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктара Маргелава гучалі апакаліптычныя ноты, ён казаў, што па меры паглыбленьня крызісу не выключае вяртаньня Беларусі да дыктатуры пралетарыяту.

Падаецца, ні ўлады, ні сам бізнэс, кіраўнікі бізнэс-саюзаў не разглядаюць недзяржаўны сэктар як галоўны суб’ект эканамічнага разьвіцьця. Гэта ў ЗША існуе аксіёма: што добра для Джэнэрал Мотарс, тое добра для Амэрыкі. У Беларусі інтарэсы бізнэсу і дзяржавы не супадаюць. Функцыя бізнэсу тут палягае ў тым, каб абслугоўваць дзяржаўны сэктар, каб умацоўваць існую мадэль. Калі задачы прадпрымальнікаў і ўлады супадаюць, то добра, калі не, то атрымліваецца тое, што здарылася з ІП. І нават крызіс ня здольны памяняць існую сытуацыю. Больш за тое, баюся, што па меры краху дзяржаўнага сэктару адзінай крыніцай яго падтрымкі, выратаваньня, папаўненьня бюджэту можа стаць менавіта бізнэс. Па вядомай схеме. Буйнога бізнэсоўца, кшталту Пракапені, садзяць за краты і трымаюць там, пакуль ён не сасьпее і не заплаціць выкуп за сваё вызваленьне«.

Глод: Спадар Валер вельмі цікава апісаў атмасфэру, у якой праходзіла гэтае мерапрыемства. А я хачу засяродзіць увагу на лічбах, якія там прагучалі.

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

Вось выступае міністар Макей. І кажа, што на экспарт працуюць толькі 18% беларускага малога і сярэдняга бізнэсу. І вось гэтыя 18% даюць 40% усёй прадукцыі, якая ідзе за межы Беларусі. І далей міністар разважае так: а ўявіце, што не 18%, а 50% малога і сярэдняга бізнэсу працуюць на экспарт. Гэта дадаткова дало б нам 25 мільярдаў даляраў. Выглядае нібыта пэрспэктыўна.

Але ж ёсьць і іншыя лічбы. 95% беларускай вытворчасьці, якая экспартуецца, даюць толькі 200 прадпрыемстваў, а ў дзяржаве іх дзясятак тысяч. 75% вытворчасьці на экспарт даюць 80 прадпрыемстваў. А 50% даюць усяго 17 прадпрыемстваў.

Дык адкуль жа такая лічба — 40% экспарту праз малы і сярэдні бізнэс? Макей пра гэта не сказаў. А спэцыялісты-эканамісты кажуць, што насамрэч ёсьць структуры, якія лічацца як прадпрыемствы малога бізнэсу, якія займаюцца вельмі вялікімі аб’ёмамі нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў. Яны іх прадаюць за мяжу. І яны і ствараюць вось такія ілюзіі.

Сёньня зьявіўся афіцыйны прагноз Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі. Абяцаюць крызіс па 2019 год уключна.

Але нават калі мару Макея зьдзейсьніць і на экспарт пачнуць працаваць не 18, а болей працэнтаў малога і сярэдняга бізнэсу, то каму яны будуць прапаноўваць свае вырабы? Расеі? Але сёньня раніцай зьявіўся афіцыйны прагноз Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі. Абяцаюць крызіс па 2019 год уключна.

Вядома, беларусы — таленавітыя людзі. І яны могуць зрабіць і нешта такое, што стане прывабным і на эўрапейскім рынку. Але не ў такіх, зразумела, аб’ёмах, каб казаць, што малы і сярэдні бізнэс стане лякаматывам выхаду беларускай эканомікі з крызісу, выхаду на экспартныя рынкі і крыніцай атрыманьня валюты.

Навумчык: Вядома, калі непасрэдна адказваць на пытаньне Валера, ці можа беларускі бізнэс вывесьці краіну з крызісу, то ў тэорыі можа. Тым больш што сярэдні і малы бізнэс, як правіла, ва ўсіх краінах — найменш карумпаваны бізнэс. Бо ён найменш зьвязаны з вышэйшымі эшалёнамі ўлады, дзе праводзяцца тэндэры на сотні мільёнаў даляраў і г.д.

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

Але і другі бок малога і сярэдняга бізнэсу вельмі важны для дэмакратычных краінаў. Бо там прадпрымальнікі — свабодныя людзі. Гэта людзі, найменш залежныя ад улады, ад нейкіх сацыяльных праграмаў. Гэтыя людзі найперш залежныя ад сябе. І яны зарабляюць самі і даюць зарабіць іншым.

Яны, зноў жа, свабодныя людзі. А свабодныя людзі, паводле азначэньня, для цяперашняй улады ў Беларусі — вораг нумар адзін.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG