Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька адклікаў заяўку на мітынг 14 сакавіка, кліча ІП на Дзень Волі


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Заяўка была пададзеная на тое ж месца і той жа час, на якія раней падавалі заяўку Шумчанка і Статкевіч.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў на Facebook, што адклікаў заяўку на мітынг 14 сакавіка, «адзіны сэнс якой быў у далучэньні да пратэсту прадпрымальнікаў людзей іншых прафэсіяў і заняткаў, а ня ў палцы ў чыесьці колы».

«Але гэта выклікала такі прыступ абурэньня і гневу Мікалая і Анатоля [Статкевіча і Шумчанкі. — РС], што мы прынялі рашэньне пажадаць ім шчасьця і добрай дарогі! — піша Лябедзька. — Мы скарэктуем сваю інфармацыйную кампанію, будзем запрашаць грамадзянаў, у тым ліку і ІП, на Дзень Волі. Ужо сёньня наведалі некалькі гандлёвых цэнтраў у Менску і раздалі больш за 400 інфармацыйных матэрыялаў, якія ўключаюць і запрашэньне на Дзень Волі. Запрашэньне з акцэнтам на эканамічны складнік».

Шумчанка і Статкевіч, якія раней за Лябедзьку падалі заяўку на мітынг 14 сакавіка ў тым жа месцы, выказвалі абурэньне заяўкай Лябедзькі і казалі пра небясьпеку забароны аднаго зь мерапрыемстваў ці абодвух адначасова.

Нягледзячы на адкліканьне заяўкі на мітынг, Лябедзька не адмаўляецца ад ідэі кансалідацыі:

«Я і мая каманда, мы застаёмся прыхільнікамі адной вялікай калёны, у якой і пэнсіянэры, і студэнты, і прадпрымальнікі, і хатнія гаспадыні, і працоўныя, і айцішнікі. Нам усім патрэбны Новы Эканамічны Курс (НЭК) і праграма структурных рэформаў! Нам жыцьцёва важнае права выбару і сумленныя, свабодныя выбары. Нам патрэбная новая ўлада, адказная, прафэсійная і абраная грамадзянамі Беларусі. І гэта ёсьць пляцоўка для аб’яднаньня ўсіх прыхільнікаў пераменаў!»

За тры гадзіны да напісаньня паста Лябедзька паведаміў карэспандэнту Свабоды, што хоча «ашчасьлівіць» Шумчанку і Статкевіча, але не ўдакладняў, ці зьбіраецца адклікаць заяўку на мітынг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG