Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакладчык амаль заўсёды застаецца ў цені аўтара — незалежна ад таго, жывы той ці памёр. З памерлымі нават складаней: калі з жывымі аўтарамі перакладчыкі часам могуць ладзіць на літаратурных фэстывалях сумесныя чытаньні і такім чынам хоць трошкі пакрасавацца на публіцы, то мёртвыя ўжо гадоў сто клясыкі часта наўсуцэль засланяюць сабой тых, хто робіць іх творы даступнымі на іншых мовах. Хто цяпер прыгадае, у чыім перакладзе выходзілі беларускія Гі дэ Мапасан ці Анарэ дэ Бальзак? Зь перакладчыкамі заўсёды пытаньні — яны ці то тэхнічнае абслугоўваньне арыгінальных творцаў, ці то ледзь не суаўтары.

Я неаднаразова чула меркаваньне, што кожны перакладчык хацеў бы напісаць сваю кнігу, але ня можа, і таму перакладае чужыя. Гэтае меркаваньне калі і правільнае, то толькі напалову: магчыма, многія перакладчыкі ў глыбіні душы мараць пра кнігу, у якой на першым месцы будзе стаяць іх імя.

Першы беларускі перакладчыцкі зборнік — ня надта чытэльныя сёньня, але надзвычай важныя для гісторыі беларускай літаратуры «Кветкі з чужых палёў» Юркі Гаўрука — зьявіўся ў 1928 годзе. Доўгі час Гаўрук быў адзіным перакладчыкам, які мог пахваліцца, што кнігу мае. Яшчэ адзін яго пэрсанальны перакладчыцкі зборнік — «Агні ў прасторах» —

зьявіўся ў 1975 годзе, і справа пайшла весялей. У 1977 годзе выйшаў зборнік перакладаў «Сем цудаў свету» Язэпа Семяжона, у 1986 годзе пачала выдавацца больш-менш сталая сэрыя «Кніга перакладчыка» (тым часам як сэрыя «Паэзія народаў сьвету», што налічвае нашмат больш выданьняў, зьявілася ў 1971-м); у гэтай сэрыі выйшлі зборнікі перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» Васіля Сёмухі, «Кахаць — гэта значыць...» Рыгора Барадуліна, «На зорных шляхах» Максіма Танка і інш. Падсумаваньнем перакладчыцкіх дасягненьняў зрабілася анталёгія Міхася Скоблы «Галасы з-за небакраю» (2008), дзе перакладчыкі нібыта памяняліся месцам з аўтарамі, адсунуўшы тых на другі плян, і зрабіліся галоўнымі героямі выданьня. І з таго часу толькі два перакладчыкі набраліся духу і паставілі сваё імя на вокладцы: першы зь іх — гэта Андрэй Хадановіч са сваёй калекцыяй «Разам з пылам» (2013), другі — Лявон Баршчэўскі, які ўсё ж трошкі схаваўся ад вачэй чытачоў, назваўшы сваю кнігу «І боль, і прыгажосьць: выбраныя творы паэтаў Эўропы і Амэрыкі ў перакладах Лявона Баршчэўскага» (2016). Да гэтага сьпісу варта было б дадаць зборнік перакладаў з ангельскай і амэрыканскай літаратуры «Бог Скарпіён» (2007), аднак яго перакладчыца ня толькі схавалася ў выходных дадзеных, але зашыфравалася манаграмай V. K. Тым ня менш V. K., то бок Вольга Калацкая — першая беларуская перакладчыца, што выдала сваю ўласную кнігу празаічных перакладаў.

Кніга Лявона Баршчэўскага падобная на лапікавую коўдру: вершы з розных моваў, ад стараверхненямецкай да ісьляндзкай, друкуюцца тут побач з арыгіналамі. Відавочна, што зь нямецкай ён працуе найбольш, аднак у кнізе ёсьць і пералажэньні з рэдкіх моваў: напрыклад, два вершы Олівэра Фрыджэры — ці не першыя беларускія пераклады з мальтыйскай. У кнізе адчуваецца жарсьць калекцыянэра: як мага больш моваў, як мага больш эпох, з аднаго боку — як мага больш эўрапейскай экзотыкі, а з другога — ключавых творцаў і твораў. Калі Кавафіс — то абавязкова «Чакаючы варвараў», калі Пэсоа — то «Партугальскае мора», калі Томас Мур — то «О, вечаровыя званы!». Калі б перад кімсьці стаяла задача ўціснуць усё, што створана Эўропай і Амэрыкай за шмат стагодзьдзяў, у адзін том, гэты том быў бы падазрона падобны на кнігу «І боль, і прыгажосьць».

У выданьні кнігі такога кшталту ёсьць пэўная небясьпека: перакладчык далёка не заўсёды асацыюецца ў чытачоў з тымі творамі, якія ён пераклаў. Добрае пытаньне, што будзе купляцца актыўней: томік Гіёма Апалінэра ці Лявона Баршчэўскага, томік Андрэя Хадановіча ці Віславы Шымборскай. Затое, набыўшы такую перакладчыцкую кнігу,

У выданьні кнігі такога кшталту ёсьць пэўная небясьпека: перакладчык далёка не заўсёды асацыюецца ў чытачоў з тымі творамі, якія ён пераклаў

чытач атрымлівае не аднаго запакаванага ў беларускія словы аўтара, а цэлую гісторыю. Гісторыю любові да літаратуры, гісторыю пошукаў і зацікаўленьняў, урэшце — гісторыю ўзаемадачыненьняў з рознымі паэтамі і паэткамі: адных перакладчык вылучае і любіць усё жыцьцё, іншых — кідае пасьля першага ж верша (і якім ён будзе, гэты верш — такі нудны, што за наступны ня хочацца і брацца, ці ўсёахопны, унівэрсальны, такі, пасьля якога ўсё астатняе губляе сэнс?).

Калі я разгортваю кнігу перакладаў Лявона Баршчэўскага «І боль, і прыгажосьць», мне цікавая менавіта гэтая гісторыя. Я ніколі ў жыцьці не набыла б зборнік вершаў Булата Акуджавы ці Тумаса Транстромэра (хоць у арыгінале, хоць па-беларуску), аднак мне цікава, які пабудаваны зь вершаў сьвет можа стварыць вакол сябе той, хто чытае і перакладае паэзію. Сапфо і Бэртран дэ Борн, Ёст ван дэн Вондэл і Францішак Князьнін, Джон Кітс і Марыя Ундэр, Марына Цьвятаева і Юдзіта Вайчунайтэ — і нават калі хтосьці з гэтых аўтараў і аўтарак не цікавіць мяне per se, усе разам яны ўтвараюць адзіную ў сваім родзе кніжную паліцу, а што можа быць цікавей, чым разглядаць чужыя кніжныя паліцы? Такая кніга — гэта прыватны літаратурны канон, прыватная гісторыя сусьветнага прыгожага пісьменства, а ў наш час, як на мяне, толькі такі канон і такая гісторыя літаратуры мае сэнс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG